Справа за вамі, камбайнеры
Сёлета ў CВК “Міжэрычы” зерневыя і зернебабовыя культуры займаюць 2085 га. На жніве задзейнічаны 12 камбайнаў, 6 з якіх у дзень нашага прыезду працавалі за в.Міжэрычы.
Як аднаго з лепшых камбайнераў загадчык вытворчага ўчастка Мікалай Бычак вызначае Уладзіміра Арцюха. Уладзімір Сяргеевіч працуе механізатарам каля 30 гадоў. Больш за два дзясяткі сезонаў убіраў хлеб на камбайнах “Ніва”, “Дон-1500” і “Ліда-1300”. Два гады таму атрымаў новы “КЗС-1218”.
На жніве Уладзімір Арцюх разам з памочнікам Дзмітрыем Панасікам разлічваюць на перамогу ва ўнутрыгаспадарчым спаборніцтве: за першы дзень уборкі яны намалацілі 126 тон збожжа ва ўмоўнай і 144 тоны ў фізічнай вазе і спадзяюцца апярэдзіць камбайнавыя экіпажы ў складзе Віктара Ляскевіча і Юрыя Смоліка, Аляксандра Фількіна і Івана Марцінчыка, Алега Буйко і Яўгенія Моўліка.
Па словах намесніка старшыні кааператыва па ідэалагічнай рабоце Тамары Карлоўскай, з першага дня жніва ўсе яго ўдзельнікі арга-нізавана ўключыліся ў спаборніцтва, з адказнасцю ставяцца да справы.
Аўтамабілі Івана Ляцкага і Анатолія Верстака на полі не прастойваюць: толькі і паспяваюць адвозіць збожжа на збожжасушыльны комплекс у в.Дзергілі. Сяргей Арцюх адразу прасуе салому ў рулоны, пажарнае суправаджэнне здзяйсняе Аляксандр Шнэйдар.
Работнікі сталовай Наталля Марцінчык, Таццяна Лобік і На-дзея Кукла кожны дзень рыхтуюць смачныя абеды і падвячоркі і своечасова дастаўляюць іх да месца працы хлебаробаў.