Стаўка – на аўтаматызацыю
Усебакова і якасна падрыхтавана да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ферма “Паўлавічы” СГФ “Дабраселецкі”. За мінулы год тут ад кожнай каровы надоена ў сярэднім па 4027 кілаграмаў малака, што значна больш, чым у 2013 годзе. Паказчыкі па захаванасці маладняку і прывагах жывёлы на адкорме таксама высокія.
Бываць на гэтай ферме даводзілася не адзін раз. У апошні час тут адбыліся значныя змены, асабліва ў малочным блоку. Унутры вытворчых і бытавых памяшканняў цёпла. Сцены, столь і падлога аздоблены пластыкам і керамічнай пліткай. У асобным пакоі абсталяваны гардэроб. Побач – душавая і санвузел. Воданагравальная ўстаноўка забяспечвае гарачай вадой сістэмы мыцця халадзільнага агрэгата і малакаправода.
У кароўніках і цялятніках таксама парадак і чысціня. Ёсць гарачая вада. Кармы раздаюцца кормараздатчыкам два разы на дзень.
– У мінулым годзе на нашай ферме была праведзена рэканструкцыя, – расказвае загадчыца Тамара Міхальчык. – Як бачыце, змянілася многае. Маладняк утрымліваецца на сухой саламянай падсцілцы. Раздача кармоў механізавана. Каб аблегчыць работу аператараў машыннага даення, устанавілі зручную даільную сістэму, сучаснае халадзільнае абсталяванне. Улік надояў малака вядзецца з дапамогай камп’ютара.
У выніку ўсіх гэтых пераўтварэнняў на ферме палепшыліся ўмовы працы і ўтрымання жывёлы, з’явілася магчымасць атрымліваць больш якаснай малочнай прадукцыі. Цяпер тут утрымліваецца 1021 галава буйной рагатай жывёлы, з іх 243 – дойныя каровы. 95 працэнтаў малака на перапрацоўку накіроўваецца вышэйшым гатункам. Даенне двухразовае. Кармоў хапае ўдосталь. І каровы, і маладняк атрымліваюць іх у строгай адпаведнасці з рацыёнам. Захоўваецца рэжым кармлення і выгулу жывёлы.
Асаблівы клопат жывёлаводаў – маладняк. Абнаўленне статка ў асноўным дасягаецца за кошт уласных рэзерваў. 210 цялят клапатліва даглядае да трохмесячнага ўзросту цялятніца Таіса Жыліч. Падгадаваўшы, перадае іх на дарошчванне Марыі Ігнацік. Жанчына даўно працуе на гэтай ферме і выдатна ведае сваю справу. Дзякуючы стараннасці гэтых працаўніц захаванасць маладняку складае 98 працэнтаў.
Раздоем першацёлак займаецца Ніна Разанцава. Ад яе працы залежыць прадукцыйнасць будучага малочнага статка. Цяпер надой на карову ў яе групе складае ў сярэднім 14–16 кілаграмаў.
На вырошчванні і адкорме ўтрымліваецца 750 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы. Валавыя прывагі ўзраслі ў параўнанні з 2013 годам на 135 працэнтаў і склалі 154 тоны. Добрых паказчыкаў дабіваюцца даглядчыкі Таццяна Саўчук і Іван Харута. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы на адкорме ў іх групах складаюць больш чым 700 грамаў. Па словах загадчыцы, поспеху садзейнічае і добрасумленная праца механізатара Юрыя Лазара, які на кормазмешвальніку своечасова забяспечвае кармасумесямі не толькі ферму “Паўлавічы”, але і “Зенькаўцы”, “Яруцічы”, “Манцякі”. Добрыя словы загадчыца фермы Тамара Міхальчык сказала і ў адрас даяркі Таццяны Разанцавай, пастуха Валерыя Саўчука.
– Працаваць у такіх умовах намнога лягчэй, – гаворыць слесар Віктар Дашкевіч, ад якога залежыць надзейная работа ўсяго тэхналагічнага абсталявання. – Новае абсталяванне, калі яго правільна абслугоўваць, збояў не дае. Ёсць у нас і пральная машына-аўтамат, з дапамогай якой рэгулярна мыецца спецадзенне. У бытавым пакоі – халадзільнік і мікрахвалевая печ. У свабодную хвілінку тут можна адпачыць і папіць гарачага чаю.
Сучасная камп’ютарная сістэма персанальнага ўліку надояў дазваляе весці дакладны ўлік малака ад кожнай каровы. Пасля дойкі загадчыца фермы з дапамогай спецыяльнага прыстасавання здымае паказанні з прыбораў і заносіць у камп’ютар.
Сапраўды, МТФ “Паўлавічы” – ферма новага пакалення з высокай ступенню аўтаматызацыі. Таму і да работнікаў тут асаблівыя патрабаванні: абы каму складаную тэхніку не даверыш.
Віктар МАКОЎСКІ.