Строчил пулеметчик …
Аркадзій Жывулька – адзін з застаўшыхся ў жывых на ўвесь Каралінскі сельсавет удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Яго біяграфія адлюстроў- вае лёс цэлага пакалення людзей, якія мужна абаранялі нашу краіну ад ворага, а затым вынеслі на сваіх плячах усе пасляваенныя цяжкасці.
– Калі пачалася вайна, мне было 15 гадоў, – успамінае Аркадзій Емяльянавіч. – Падчас мабілізацыі юнакоў і мужчын прызыўнога ўзросту на фронт адным з першых у нашай вёсцы пайшоў мой брат Пётр. Затым прызвалі і мяне.
Са зборнага пункта ў Баранавічах Аркадзія Жывульку накіравалі ў вучэбны полк, які знаходзіўся пад Мінскам. Ён трапіў у роту, дзе рыхтавалі кулямётчыкаў. За кароткі час навабранцаў навучылі многаму: разбіраць і збіраць кулямёт, рамантаваць яго і трапна страляць. Усё гэта хутка спатрэбілася на фронце.
Аркадзій Жывулька быў накіраваны кулямётчыкам у 7 стралковы полк 34 стралковага корпуса 6 арміі. Трапіў ён у шостую роту, дзе быў назначаны першым нумарам станковага кулямёта “максім“. Яго памочнікам быў хлопец з Украіны. Тут Аркадзій Емяльянавіч сустрэўся з аднавяскоўцам Мікалаем Масальскім, які таксама быў кулямётчыкам. Праз некалькі дзён фарміраванне іх воінскай часці атрымала загад пачаць наступленне. У гэты час нашы войскі ўжо грамілі ворага на яго тэрыторыі.
Асабліва цяжкім было фарсіраванне ракі Нэйсе, дзе знаходзіўся адзін з мацнейшых гітлераўскіх плацдармаў. Артылерыйская падрыхтоўка пачалася на світанні. Савецкія салдаты як адзін падняліся і пайшлі ў атаку. Вакол рва-ліся снарады і міны, стракаталі аўтаматныя і кулямётныя чэргі. Аркадзій разам са сваім памочнікам заняў пазіцыю і адкрыў агонь з кулямёта па праціўніку. І як сёння памятае: у галаве ўсплылі легендарныя радкі з песні, якія былі напісаны, як лічыў тады, і пра яго: “…строчит пулеметчик за синий платочек, что был на плечах дорогих”.
Праз некалькі дзён пасля цяжкіх баёў савецкія войскі прарвалі абарону і сталі набліжацца да Берліна. І хоць гітлераўцы супраціўляліся моцна, не было такой сілы, якая б магла стрымаць імкненне савецкіх салдат да перамогі.
Знаходзячыся ў 20 кіламетрах ад нямецкай сталіцы, Аркадзій з таварышамі атрымалі загад накіравацца ў бок Дрэздэна. Моцнай нямецкай групоўцы, якая абараняла гэты горад, удалося пацясніць савецкія войскі, узнікла пагроза прарыву фронту. Пасля жорсткіх і працяглых баёў варожыя салдаты былі знішчаны.
Давялося Аркадзію Жывулька ўдзельнічаць у вызваленні Чэхаславакіі, дзе ён праявіў сябе мужным і адважным байцом. Быў адзначаны ордэнам Славы III ступені і многімі медалямі.
Полк, дзе служыў Жывулька, яшчэ не паспеў дайсці да Прагі, як прыйшла радасная вестка аб капітуляцыі фашысцкай Германіі.
– Самым страшным на вайне было бачыць смерць сваіх таварышаў, – дзеліцца ўспамінамі ветэран. – Нярэдка здаралася так, што ў бой уступалі сто чалавек, а вярталіся менш за палавіну. Толькі пры штурме Дрэздэна загінула ўся пятая рота нашага батальёна. Ня-многія з тых, з кім я служыў, сустрэлі Дзень Перамогі. У апошнія дні вайны ў час варожага абстрэлу на маіх вачах загінуў лепшы сябар Мікалай Масальскі. Так і застаўся ляжаць там, на чужыне, у брацкай магіле. Потым з пісьма родных даведаўся, што і брат Пётр загінуў пад Кёнігсбергам.
Пасляваенную службу Аркадзій Жывулька праходзіў у сваім палку, які дыслацыраваўся спачатку ў Чэхаславакіі, потым у Аўстрыі. Аркадзій Емяль-янавіч заўсёды быў у ліку выдатнікаў баявой і палітычнай падрыхтоўкі. А яшчэ і ротным запявалам. Вельмі любіў музыку і песні – падлеткам самастойна навучыўся граць на гармоніку і быў першым гарманістам на вёсцы. Яго музычныя здольнасці не за- сталіся не заўважанымі на службе.
Увесь ваенны час Аркадзій атрым-ліваў пісьмы не толькі з дому, але і ад каханай дзяўчыны Яўгеніі. Іменна на ёй вырашыў ажаніцца, калі прыйшоў дахаты ў водпуск.
Дэмабілізаваўся Аркадзій Жывулька толькі праз некалькі гадоў. Уладкаваўся на працу ў мясцовы калгас. Яго паважалі за адказныя адносіны да даручанай справы. Асабліва вызначаўся Аркадзій Емяльянавіч на жніве – у свой час быў лепшым камбайнерам у раёне. За самаадданую працу ўзнагаро-джаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Доўгі час загадваў вытворчым участкам, затым майстэрняй. Ведалі яго ў калгасе і раёне як актыўнага ўдзельніка мастацкай самадзейнасці. На многіх канцэртах і конкурсах радаваў музычнымі творамі, якія выконваў на сваім любімым гармоніку.
З жонкай Яўгеніяй пражыў у радасці і згодзе больш за паўстагоддзя, выхавалі двух сыноў. Цяпер Аркадзій Емяльянавіч жыве разам з сынам. Нягледзячы на сталы ўзрост, ветэран прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, любіць сустракацца з моладдзю, цікавіцца яе справамі.