Ствараюць камфорт для іншых. Даведаліся, як працуюць будаўнікі дзяржпрадпрыемства “Галынка”
Як бы ні змяняўся свет, прафесія будаўніка ў любыя часы будзе актуальнай. Грамадству патрэбны жылыя дамы і будынкі сацыяльнага прызначэння, не гаворачы пра дарогі і іншую інфраструктуру. Узвесці або адрамантаваць любы аб’ект немагчыма без праекта, дакладных разлікаў і… спрацаванай каманды.

8 работнікаў дзяржпрадпрыемства “Галынка” прыйшлі ў будаўнічую галіну рознымі дарогамі, але знайшлі ў ёй сваё прызванне. Нягледзячы на тое, што будаўнікоў, як правіла, увасабляюць з дужымі мужчынамі ў аранжавых касках, прарабам не першы год тут працуе жанчына, якая і забяспечвае стабільную дзейнасць брыгад. Стараннямі рабочых у “Галынцы” рамантуюцца будынкі рознага прызначэння.
На момант выезду карэспандэнта на будаўнічую пляцоўку МТФ “Клімавічы” там працавала чатыры брыгады. Адна займалася аддзелачнымі работамі пасля завяршэння перакрыцця даху, другая – ямачным рамонтам памяшкання для маладых бычкоў. Дарэчы, на тое, каб падрыхтаваць ферму для ўтрымання новых жывелаў, даецца адзін толькі дзень. Патрэбна яшчэ адрамантаваць латкі навозных транспарцёраў. Я ж у суправаджэнні Таццяны Мацко пабывала на трэцяй пляцоўцы, дзе рабочыя двух падраздзяленняў займаліся рамонтам паднавеса.

Нягледзячы на сёлетнія складанасці – прыродныя катаклізмы, кіраўніцтва сельгасарганізацыі адзначае поспехі брыгад у маштабных работах. З другога боку, старшыні Яўгенію Грэцкаму неабыякавыя дробныя, на першы погляд, праблемы, якія таксама вырашаюць будаўнікі. І на стадыі завяршэння асобных аб’ектаў слова Яўгенія Васільевіча разам са словам вопытнага прараба – рашаючыя.
– Магчыма, не ўсё і не заўсёды адразу атрымліваецца, але мы імкнемся працаваць сумленна. Каб пазбегнуць дадатковых стратаў, проста абавязаны будаваць якасна. Таму гэтае пытанне штодзённа трымаем на кантролі, – дзеліцца Таццяна Уладзіміраўна.


Аказалася, што сваёй рабочай сілы на прадпрыемстве хапае. За дапамогай да іншых арганізацый мясцовыя будаўнікі звяртаюцца ў выпадку выкарыстання ў рабочым працэсе вышкі або крана. Неабходным абсталяваннем для цякучых работ, у тым ліку электраінструментам, і будаўнічымі матэрыяламі забяспечвае сама гаспадарка. Ёсць на балансе і свой транспарт: два аўтамабілі ГАЗ-53, адзін “Патрыёт”. Пры патрэбе кіраўніцтвам выдзяляюцца пагрузчыкі “Амкадор”.
І яшчэ. Ураган, які нядаўна прайшоўся по Зэльвеншчыне, парушыў папярэднія планы працаўнікоў, унес значныя карэктывы ў дзейнасць будаўнічых брыгад “Галынкі”. На дахах вытворчых памяшканняў было заменена 3280 лістоў шыферу, сарваных магутным ветрам. Больш за ўсё з аб’ектаў жывелагадоўлі пацярпелі малочна-таварныя фермы ў Галынцы, Востраве, Дарагабушцы, Клімавічах. На машынным двары ў аграгарадку Галынка аднавілі паднавес для тэхнікі.


– Пасля заканчэння ў 1991 годзе Брэсцкага палітэхнічнага інстытута ужо колькі гадоў працую непасрэдна на будаўніцтве, – распавядае суразмоўца. – Калі ёсць жаданне, то зарабіць у нас можна заўсёды. Але важна цаніць сваю працу. У іншым выпадку поспеху не будзе.
Па словах Таццяны Уладзіміраўны, вырашэнне розных, нават бытавых пытанняў рабочых, граматнае размеркаванне людзей па аб’ектах, арганізацыя працэсу ўвогуле – гэта яе стыхія. Яна проста стараецца ўсё выканаць добра, таму што любіць тое, чым займаецца. Адчувальна, што такі падыход прафесіянала – інжынера-будаўніка па спецыяльнасці – не застаецца незаўважаным кіраўніцтвам гаспадаркі.
Працоўны дзень пачынаецца каля васьмі гадзін раніцы. Прараб інструктуе падначаленых, раздае заданні. На месцы паказвае, што рабіць. Дзесьці трэба прыняць бетон, раствор, адправіць людзей на падрыхтоўку пэўнай пляцоўкі. Адным падказаць, другіх праверыць, нацэліць на якасную працу. Менавіта ў гэты час закладваецца вырашэнне важных вытворчых пытанняў, каб той ці іншы аб’ект, у дадзеным выпадку – аграрнай накіраванасці, быў здадзены ў тэрмін. Іначай быць не можа!
Брыгады пераважна занятыя на ўсіх сельскагаспадарчых аб’ектах. У камандзе побач з моцнымі мужчынамі, здольнымі вытрымліваць вялікія фізічныя нагрузкі, есць і дзве не менш працалюбівыя жанчыны-рабочыя. Свае абавязкі ўсе яны выконваюць згодна з асноўным дагаворам. Работнікі добра разумеюць, што іх праца звязана з будаўніцтвам, а значыць, з жыццём і бяспекай людзей.
У цэлым галынкаўскія рабочыя працуюць дружна. Варта адзначыць стараннасць братоў з Івацэвіч Сяргея і Аляксандра Казлоўскіх, жыхара Зэльвы Арцёма Шляжко, жыхара Галынкі Максіма Дышко.
– Самае галоўнае ў прарабскай справе – тое, чаму не вучаць у вну. Гэта ўменне ладзіць з людзьмі, – дадае Таццяна Мацко. – Высока цаню давер паміж мной і будаўнікамі, якія працуюць тут не адзін год. Імкнуся не толькі цярпліва выслухаць кожнага, але і знайсці аптымальнае рашэнне праблемы. У такім калектыве і працаваць прыемна.
– Вы толькі паглядзіце навокал – побач кукуруза расце. Прырода, надвор’е, паветра. Крыху воддаль – царква, – першая рэмарка ўжо рамантычнага кшталту ад жанчыны-прараба.
Наша з Таццянай Уладзіміраўнай сустрэча завяршылася размовай пра бліжэйшую перспектыву. Зусім хутка калектыў будаўнікоў чакае чарговы аб’ект – МТФ «Вострава», дзе пасля непагадзі патрэбна мяняць нават страпілы.
Работнік іншай сферы, я ўбачыла: як гэта – працаваць на будаўнічай пляцоўцы і што за праца стаіць за кароткай фармулёўкай – аб’ект здадзены. Пазнаёмілася з цікавымі, адданымі справе людзьмі. Упэўнілася, што прафесію будаўніка нельга лічыць толькі мужчынскай або жаночай. Галоўнае – гэта ўзровень прафесіяналізму чалавека-працаўніка, чалавека-стваральніка.

Любоў ШЭЙКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены