Філіял “Князева” – адзін з лепшых як у нашым раёне, так і сярод пяці сельскагаспадарчых філіялаў ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”. Сёлета гаспадарка заняла першае месца ў спаборніцтве сярод філіялаў па ўраджайнасці зерневых: яна складае 76,9 ц/га.
Адкрываючы свята “Дажынкі”, намеснік дырэктара па раслінаводстве Уладзімір Жыдок адзначыў, што сакрэт такога поспеху – у зладжанай рабоце ўсіх земляробаў, іх сумленных адносінах да выканання сваіх абавязкаў: “Зямля, якой бы багатай ні была, павінна адчуваць клопат рук чалавечых, – пад-крэсліў намеснік дырэктара. – Хлебаробы філіяла штогод павышаюць прадукцыйнасць працы, бо разумеюць, што ўсё гэта затым адаб’ецца на ўраджаі. Няўхільнае выкананне тэхналагічных працэсаў, наяўнасць неабходнай тэхнікі далі магчымасць сабраць важкі каравай: у гэтым годзе ў філіяле “Князева” намалочана звыш 21 тысяч тон зерневых і 1609 тон масланасення рапсу”.
Уладзімір Жыдок даў высокую ацэнку арганізацыі работы вытворчых участкаў. Лепшымі з іх па атрыманых ураджайнасці і намалоце з’яўляюцца першы і другі ўчасткі на чале з загадчыкамі Аляксандрам Чурой і Гена-дзем Яскевічам адпаведна.
Цёпла сустракалі на ўрачыстасці працаўнікі гаспадаркі пераможцаў жніва-2015. Па выніках унутрыгаспадарчага спаборніцтва сярод камбайнераў першае месца заняў экіпаж у складзе Уладзіміра Мулярчыка і Уладзіслава Жамойціна: іх намалот зерневых і рапсу на “Лексіёне-760” у фізічнай вазе склаў звыш 4 тысяч тон. Больш за 2300 тон новага ўраджаю намалацілі на Джон-Дзіры ўладальнікі другога месца Генадзій Кузьміч і Анатолій Кузьміч. Не падвёў і ў гэтым годзе механізатараў Уладзіміра Марко і Валянціна Палубка іх КЗС-1218. Намалот звыш 2500 тон вывеў камбайнераў на трэцяе месца.
Сярод вадзіцеляў філіяла на адвозцы зерня пераможцам выйшаў Анатолій Мулярчык. На МАЗе-5551 ён перавёз амаль 5 тысяч збожжа і рапсу. Другое месца – у Віктара Латушкі, трэцяе – у Аляксандра Каленкі. Дыпломамі пераможцаў узнагароджаны і вадзіцелі аўтамабіляў грузапад’ёмнасцю да 10 тон: Станіслаў Капыловіч, Юрый Латушка, грузапад’ёмнасцю звыш 20 тон – Томаш Валюк.
У ліку лепшых адзначаны і машыністы зернесушыльных комплексаў. Калектывам КЗСВ-40 прасушана і дапрацавана звыш 7 тысяч зерневых і рапсу. Ім па праву належыць пачэснае першае месца. За ўзнагародамі на сцэну выйшлі загадчыкі складоў вёсак Каняўцы, Падгрушаны, Ялуцавічы, Князева. Словы ўдзячнасці на “Дажынках” былі адрасаваны ўсім, хто сваёй працай забяспечваў зладжанае правядзенне ўборачнай кампаніі: інжынерам і энергетыкам, паляводам і работнікам рамонтных майстэрняў, эканамічнай і бухгалтарскай службам, паварам сталовай.
Першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Аляксандр Аутко, які прысутнічаў на свяце, падзякаваў хлебаробам за іх старанную працу і адказныя адносіны да выканання галоўнай задачы жнівеньскіх дзён. Аляксандр Віктаравіч перадаў сімвал завершанага жніва – каравай з мукі новага ўраджаю–намесніку дырэктара філіяла Уладзіміру Жыдку. Узнагароду “За прафесійнае майстэрства” атрымаў электрагазазваршчык Аляксандр Грэцкі. Ну, а лепшаму вы-творчаму калектыву (загадчыца Іна Бондар), маладому рабочаму Валянціну Яткоўскаму і маладому спецыялісту Андрэю Мінашу Аляксандр Аутко ўручыў вымпелы.
Людміла ПОПКА.