Свята на душы і ў сэрцы. Зэльвенскія каталікі адзначаюць Вербную нядзелю
Вялікі пост у вернікаў каталіцкага веравызнання амаль падыходзіць да завяршэння. І сёння, 2 красавіка, хрысціяне ўзгадваюць вялікую падзею ў жыцці Езуса Хрыста – Яго ўрачысты ўваход у Іерусалім. Як і ў той дзень народ вітаў Збаўцу аліўнымі і пальмовымі галінкамі, так і праз стагоддзі вернікі сустракаюць Яго ўпрыгожанымі галінкамі вярбы. Згодна з духоўнай традыцыяй, парафіяне касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва і іншых храмаў Зэльвеншчыны на імшу прыйшлі з вербачкамі.

Узнёслыя пачуцці авалодвалі кожным прысутным на святочнай імшы, калі прагучалі словы: “Вітаем Збаўцу!”. Людзей аб’яднала прыгожае свята Божай ласкі, дабрыні, душэйнага спакоі і, самае галоўнае, – магчымасць быць разам з роднымі, сябрамі, перажываць Евангелейскую падзею.



Святочнае набажэнства распачалося з асвячэння вербных галінак. Узнімаючы ўгару прыгожыя букецікі, а затым усцілаючы імі шлях святару, супольнасць падкрэслівала тое, што перамога Езуса і Яго ахвяра звязаны паміж сабой.



А далей парафіяне праслухалі ўрывак з Евангелля паводле Мацвея. Гэта асаблівае разважанне пра муку Пана, і менавіта яно рыхтуе вернікаў да перажывання яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня.







– З Вербнай нядзелі каталікі пачынаюць адну з галоўных таямніц хрысціянскай веры – пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста, – адзначыў ксёндз Яцэк Маркель. – Гэта час падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята – Вялікадня. На працягу трох дзён (чацвер, пятніца і субота), якія называюцца «Святым Пасхальным Трыдыумам», Касцёл будзе адзначаць найбольшую таямніцу нашага адкуплення. У асаблівых цэлебрацыях успамінаць укрыжаванне, пахаванне і ўваскрасенне Пана Езуса . Вернікі павінны гэты час правесці сціпла і малітоўна, наведваючы святыню і духоўна рыхтуючыся да Пасхальнай Вігіліі.





Пасля імшы зэльвенцы звярталіся адзін да аднаго з найлепшымі пажаданнямі, традыцыйна дакранаючыся да плеч галінкамі вярбы: “Не я б’ю, вярба б’е, за тыдзень Вялікдзень”.


– Некалькі стагоддзяў таму мноства людзей прыйшлі на свята, калі пачулі, што Езус ідзе ў Іерусалім. Узялі пальмовая галінкі і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: “Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана, Валадар Ізраэля!», – кажа сям’я Сцепанчук. – Сёння мы асвяцілі вярбу ў памяць аб той падзеі і аб тых галінках, якімі віталі Хрыста. Вербачка сімвалізуем трыумф Пана, Яго неўміручасць душы, Яго адраджэнне. Вельмі прыемна, што ўрачыстаць аб’яднала супольнасць каталікоў, прычым, ад малечы да людзей паважанага ўзросту. Няхай галінкі нагадваюць кожнаму з нас аб Божай любові, міласэрнасці і дабрыні. Вітаем Збаўцу сваімі сем’ямі, усе разам адчынім душу і сэрцы насустрач Уваскрасенню Пана!
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены