Святочны марафон да Міжнароднага дня абароны дзяцей прайшоў пад дэвізам #Дзень_дзяцінства_разам!#
Ад імя ўсіх зэльвенцаў маленькіх жыхароў Прынёмання са святам павіншавалі навучэнцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з Міжэрыцкага дз/с-БШ імя У. Ляха. Відэаролік з пажаданнямі цудоўнага лета і новых сяброў убачылі ўдзельнікі і гледачы абласной святочнай анлайн-акцыі.

Аматары спеваў і фатаграфіі, маленькія эрудыты і майстры рукадзелля змаглі выбраць адзін ці прайсці ўсе з прапанаваных варыянтаў і правесці святочны час з карысцю.
Найбольшую цікавасць у ўдзельнікаў марфону выклікаў інтэрнэт-чэлендж “Прывітанне, лета!”. Кожны відэаролік быў адметным і цікавым, таму журы было няпроста выбраць лепшы. Пераможцамі сталі вучні СШ №2, Міжэрыцкага дз/с-БШ імя У. Ляха і Бародзіцкага дз/с-ПШ. Другое месца падзялілі гімназія №1, Цяглевіцкі дз/с-ПШ і Ялуцавіцкі дз/с-ПШ, трэцяе – СШ №3, Галынкаўская СШ і Дзярэчынскі дз/с-СШ.
У медыяазбуцы і анлайн-віктарыне найбольш актыўнымі былі міжэрыцкія школьнікі.

Самай хуткай з удзельнікаў, даслаўшых адказы медыяазбукі “Горад майго дзяцінства”, прысвечанай 80-годдзю ўтварэння Зэльвенскага раёна, і набраўшай найбольш балаў за правільныя адказы была Юлія Казлоўская, а пераможцай анлайн-віктарыны “Тэрыторыя дзяцінства” стала Аня Заяц.
Для дзяўчынак і хлопчыкаў, якія любяць ствараць падарункі сваімі рукамі, былі карыснымі віртуальныя майстар-класы, падрыхтаваныя педагогамі цэнтра творчасці.
Усе жадаючыя маглі скарыстацца магчымасцю пазнаёміцца з месцамі воінскіх пахаванняў, размешчаных на тэрыторыі Зэльвенскага раёна, у рамках віртуальнай экскурсіі “Зорачка на карце раёна”, прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі.
Не засталіся без увагі і самыя маленькія. Гульнёвы дэсант “Прывітанне, лета!” спыніўся ў дзіцячым садзе №4, дзе выхаванцам былі прапанаваны вясёлыя гульні і конкурсы на свежым паветры.
Намеснік дырэктара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена ЦЯРЭШЧАНКА
Комментарии отключены