Святое Уваскрасенне Хрыстова святкуюць зэльвенцы
Светлае Хрыстова Уваскрасенне – гэта час духоўнай радасці, якой хочацца падзяліцца з бліжнім. Таму вернікі збіраюцца ў святынях, каб разам славіць Змёртвыхпаўстанне Хрыста, каб адчуць прысутнасць Бога ў сваім жыцці.

На працягу Вялікай Суботы зэльвенцы маліліся каля грабніцы Пана, разважаючы пра Яго муку і смерць, сыходжанне ў адхлань, чакаючы ў малітве і посце Яго ўваскрасення. Таксама падрыхтавалі і асвяцілі велікодныя стравы. На зыходзе сонца прыйшлі ў касцёл, у якім паводле традыцыі адбываецца вігілія на ўшанаванне Пана. Кожны веруючы чалавек верыць: Богу неабходны чыстыя сэрцы і думкі, шчодрая любоў і жаданне быць сапраўднымі хрысціянамі. Таму погляд вернікаў накіраваны на Езуса, які ўсё зрабіў дзеля выратавання чалавецтва.



Набажэнства гэтай ночы – адно з самых важных і значных з усіх урачыстасцей літургічнага года. Мае шмат прыгожых і глыбокадухоўных момантаў. Літургія Святла, калі ксёндз Яцэк Маркель благаславіў агонь і запаліў Пасхал – велікодную свечку, якая з’яўляецца сімвалам змёртвыхпаўсталага Хрыста. Прыгожы спеў святара: “Святло Хрыстова!” – вестка аб Хрыстовым Уваскрасенні. Радасны і ўдзячны адказ вернікаў: “Дзякуем Богу!” і запальванне свечак ад Пасхалу. Гучнае пасхальнае пасланне, гімн хвалы, у якім праслаўляецца ўваскрослы Хрыстус.





Наступныя часткі не менш важныя для хрысціян. Літургія Ўдзячнасці, калі настаў час паразважаць над важнымі словамі з Евангелля. Літургія Слова, якая яшчэ раз нагадвае сказанае Панам: “Той, хто верыць у Мяне, нават калі памрэ, будзе жыць!”. Спеў гімна “Глорыя”, звон званоў і радаснае “Алелюя!” – усё гэта вельмі ўзнёсла і кранальна.






Пасля супольнай малітвы “Літанне да ўсіх святых” святар благаславіў ваду і акрапіў зэльвенцаў, якія аднавілі абяцанне Сакрамэнту Хросту. Гэты момант – напамін пра наша хрышчэнне і вернасць Хрысту.






…І вось радасная гадзіна: на ўсю святыню ў выкананні касцельнага хору і парафіян загучаў гімн “Вясёлы дзень настаў!”. Падзяліўшыся адзін з адным велікоднай весткай, зэльвенцы далучыліся да найвялікшай таямніцы – перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнту да галоўнага алтара. Сведчаннем веры ў Уваскрасенне Езуса стаў прыгожы спеў “Цябе, Божа, праслаўляем!” падчас працэсіі вакол святыні.


З віншавальнымі словамі да парафіян звярнуўся ксёндз Яцэк. Пробашч пажадаў, каб любоў да Бога і бліжняга сталі галоўнымі каштоўнасцямі веруючых людзей, спакой панаваў у кожнай сям’і, Уваскрослы Хрыстус атуляў, быў падтрымкай і крыніцай надзеі, адорваў здароўем. Святар зачытаў дасланыя віншавальныя лісты біскупа Аляксандра Кашкевіча, старшыні райвыканкама Дзяніса Альшэўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Вадзіма Панасіка.

Пасля імшы раздавалася ўрачыстае “Хрыстус Уваскрос! – Сапраўды Уваскрос!”. Разгаўляцца асвячонымі стравамі можна ўжо пасля літургіі або ў нядзелю. Бліжэйшыя дні будуць напоўнены малітвай, шчодрасцю, міласэрнасцю і дабрынёй.
Хрыстус Уваскрос! – Сапраўды Уваскрос!
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены