Цэлыя стосы вучнёўскіх сшыткаў Вера Уладзіміраўна Малахвей прыносіла дадому. Дачушкі не без цікавасці назіралі за тым, як чырвонай ручкай яна акуратна выпраўляла памылкі. Бачылі, з якім задавальненнем выводзіла пяцёркі вучням. І моршчылася, уздыхала, калі работа аказвалася так сабе, з мноствам памылак. Тады ўнізе і з’яўлялася тлустагаловая двойка.
– Хопіць ужо, ідзіце спаць,– адпраўляла маці дачушак у ложак, а сама працягвала працаваць, хаця стрэлкі гадзінніка ўжо паказвалі далёка за поўнач…
Хто б тады мог падумаць, што яе Волечка і Таццянка таксама раздзеляць маміну педагагічную справу. Вольга – настаўніца англійскай мовы ў сярэдняй школе №3, Таццяна выкладае матэматыку і інфарматыку ў СШ №2 г.п.Зэльва. І вось сёння я іх госць на “сямейным педсавеце”. Сядзім ва ўтульнай зале за кубкам гарбаты. Размаўляем. Смяёмся.
– Па маіх сцежках пайшлі, – задаволена адзначае Вера Уладзіміраўна. – А па-іншаму і быць не магло, бо з дзяцінства лялькі і мяккія цацкі былі іх вучнямі, а аловак станавіўся ўказкай. Калі дзяўчынак не было з кім пакінуць дома, брала з сабой у школу. Вось і наглядзеліся на маму-настаўніцу.
– А хто ў свой час аказаў уплыў на ваш выбар прафесіі? – пытаюся ў суразмоўцы.
– Ведаеце, у той школе, дзе я вучылася, быў вельмі моцны аўтарытэт настаўнікаў. Гэта былі прафесійныя людзі – разумныя, інтэлігентныя. Яны падказвалі, накіроўвалі, давалі парады. Мы глядзелі на іх як на багоў і марылі хоць крыху быць падобнымі да іх.
З таго часу шмат вады ўцякло. Сёння ў выпускніцы лінгвістычнага ўніверсітэта, настаўніцы вышэйшай катэгорыі Веры Малахвей ужо 41 год педагагічнага стажу. І дырэктарам Дома піянераў у свой час была, і метадыстам у аддзеле адукацыі, і настаўніцаў у былой Тулаўскай школе. Зараз выкладае нямецкую мову дзярэчынскім школьнікам.
– Кажуць, настаўніца яна строгая, гаворыць з хітрынкай у вачах старэйшая Вольга, як і маці і сястра, таксама Уладзіміраўна…
– Не слухайце вы яе, я настаўні-ца не строгая, а справядлівая, – тут жа папраўляе старэйшую дачку Вера Уладзіміраўна. – Люблю дысцыпліну і паблажак не дапускаю. Самі ж ведаеце: калі будзе добры настаўнік, то будзе і добры інжынер, і добры трактарыст, і добры ўрач. Канешне, не-не ды і ўзнікаюць сумненні: можа, занадта шмат мы ад нашых дзяцей патрабуем. Але ўсё хочацца, каб лепш…
Ды ніхто і не сумняваецца, Вера Уладзіміраўна. Можна закончыць самую лепшую школу, потым прэстыжны ўніверсітэт, атрымаць выдатныя веды, але не менш важны ўніверсітэт жыццёвы, які загартоўвае, выпрабоўвае на годнасць і чалавечнасць. Роля настаўніка ў гэтай справе далёка не апошняя.
Працягваючы гутарку пра акалічнасці педагагічнай справы, запытала:
– Ёсць меркаванне, што масавыя прафесіі, да якіх можна аднесці і вашу, зараз не вельмі прэстыжныя. Дапамажыце разбурыць стэрэатып…
–Глупства ўсё гэта. Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца, – разважае Таццяна. – Гэта прымаўка мае непасрэднае дачыненне да настаўніцкай прафесіі. Тысячы педагогаў дэманструюць найвышэйшы пілатаж у прафесіі, значыць ім гэта падабаецца і сваю спецыяльнасць яны не лічаць непрыстыжнай. Узяць хоць маю маму. А сястру? Ведаеце, яна ж адзіная ў раёне распрацавала сеткавую супольнасць для настаўнікаў замежных моў. Свайго роду інфармацыйна-метадычны партал, якім ужо сёння карыстаюцца педагогі з усяго раёна.
– Я ёй казала, маўляў, няхай Таццяна дапаможа – як ніяк камп’ютаршчык, – дадае Вера Уладзіміраўна. – А тая ні ў якую, сама метадам спроб і памылак такі распрацавала гэту праграму. Мы ёй ганарымся.
Дарэчы, ганарыцца Вольгай Уладзіміраўнай ёсць яшчэ адна нагода. Два гады таму пад яе кіраўніцтвам вучаніца Дар’я Малі-ніна, цяпер ужо студэнтка, з рэспубліканскага конкурсу даследчых работ прывезла другое месца.
– Поспехі вучняў – лепшы падарунак настаўніку, – упэўнена Вольга Уладзіміраўна. – А што для гэтага трэба? Трэба проста паверыць у свайго вучня, і ён прыкладзе ўсе сілы, каб стаць лепшым. У той жа час, я разумею, што многім вучням мой прадмет ніколі не спа-трэбіцца ў жыцці – яны цудоўна пражывуць без англійскай мовы і будуць шчаслівымі. Я толькі хачу, каб на маіх уроках яны адчувалі сябе камфортна. І здаецца, узаемадзеянне ў нас ёсць.
Напэўна, так бывае толькі тады, калі вучань перад сабой бачыць гатовага да перамен педагога, педагога, які развіваецца.
– Прыйшло новае пакаленне, і з гэтым трэба лічыцца, – упэўнена Вера Уладзіміраўна. – Больш працаваць над сабой, дазволіць сабе вандраваць, чытаць сучасную літаратуру, займацца спортам, свабодна валодаць сучаснымі гаджэтамі. Хоць я сваім вучням пастаянна паўтараю: ня-гледзячы на ўсе модныя тэхналогіі, бярыце кнігі і чытайце літаратуру, лепш класічную.
– Раней вучань ішоў да настаўніка, у бібліятэку, а сёння ён адкрывае гугл. Адчуваеце розніцу? – прадаўжае думку маці Таццяна Уладзіміраўна.
–Нябось, “дуюць” усё з інтэрнэта?
–Ды не ў гэтым справа. Калі ён спісвае, значыць чагосьці не разумее. Значыць, трэба растлумачыць яшчэ раз, яшчэ і яшчэ… Гэта наша работа.
…У той вечар у доме Малахвеяў яшчэ доўга не сціхала гаворка пра школьныя справы. Тром настаўнікам, якія жывуць у адным доме, заўсёды ёсць што абмеркаваць і з чым падзяліцца. І як добра, што па спадчыннасці перадаюцца не толькі хваробы, але і прафесіі.
Ірына МІКЛАШЭВІЧ.