65-гадовы юбілей святкуе ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна паэт Уладзімір Мінавіч Мазго

У.М. Мазго — паэт шырокага творчага дыяпазону, які з поспехам працуе ў розных жанрах. Яго вершы вылучаюцца вобразнасцю, пранікнёнай удумлівасцю, паэтычным майстэрствам.

Нарадзіўся 5 сакавіка 1959 года ў г. п. Зэльва Гродзенскай вобласці ў сям’і рабочага. З 1964 па 1968 гг. разам з бацькамі жыў у Сібіры. Вярнуўшыся ў Беларусь, сям’я пасялілася на Гродзеншчыне. Вучыўся ў Зэльвенскай сярэдняй школе, пазней паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Навучальную ўстанову скончыў завочна ў 1985г. Працоўную дзейнасць пачаў карэспандэнтам газеты «Інтэграл», потым з’яўляўся выхавацелем у рабочым інтэрнаце, супрацоўнікам рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання. Працяглы час працаваў у рэдакцыях выдавецтваў «Юнацтва», «Мастацкая літаратура», у рэдакцыях часопісаў «Вясёлка» і «Полымя». З 2010г. быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Цяпер У. Мазго — намеснік рэдактара часопіса «Нёман». З 1984г. з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Крокамі творчасці паэта

Першы вершаваны твор У. Мазго надрукаваў у зэльвенскай раённай газеце «Праца» ў 1972г. У рэспубліканскім друку выступіў з вершамі праз год. З таго часу дасылаў свае вершы, нарысы ў газету «Піянер Беларусі», часопіс «Бярозка». Неаднаразова станавіўся пераможцам конкурсаў. У школьныя гады таксама друкаваўся ў газетах «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць». Першая кніга паэзіі «Пад спеў крыніц» выйшла з друку ў 1982 г. Вядучай тэмай зборніка стала тэма юнацтва. З гадамі творчасць паэта набывала новыя грані адметнасці, тэматычнай разнастайнасці, вобразнасці, мяняўся яго погляд на ўнутраны свет лірычнага героя. Вершы зборнікаў «Вершаліна» (1987), «Марафон» (1992) прасякнуты пачуццём грамадзянскай адказнасці за ўсё жывое, любоўю да Радзімы. Уладзімір Мазго піша пра гісторыю роднага краю, праблемы сучаснага жыцця, адзінства чалавека і прыроды, каханне. Найбольш поўна і пераканаўча адлюстравана шматграннасць таленту паэта ў кнізе паэзіі «Анёл нябесны» (2007), некаторыя вершы якой прысвечаны канкрэтным людзям, асобным мясцінам. У раздзел «Вясёлы карагод» увайшлі дасціпныя жарты, шаржы, эпіграмы, пародыі. У кнізе «Адвечныя скарбы Радзімы» (2013) расказваецца пра гістарычную і духоўную спадчыну беларускага народа. Паэт раскрывае таямніцы старажытнага Бярэсця, апісвае Сынкавіцкую царкву-крэпасць, сталіцу шапавалаў — Дрыбін, Ганненскі кірмаш у Зэльве, які быў у свой час другім па памеры пасля Лейпцыгскага, згадвае Ф. Скарыну, С. Буднага, Рагнеду, Соф’ю Слуцкую. Уладзімір Мазго таксама з’яўляецца аўтарам кнігі паэзіі «Сакавіны» (2012). Яе склалі любоўная, філасофская і пейзажная лірыка, а таксама аўтабіяграфічныя мініяцюры і літаратурна-краязнаўчыя эсэ. У 2013г. выйшлі з друку выбраныя творы паэта «У нябёсах вясны».

Літаратура для маленькіх

Уладзімір Мазго напісаў шмат твораў для дзяцей. У 1989г. выйшаў першы зборнік вершаў «Калі спрачаюцца маланкі». Потым былі апублікаваны кнігі «Суседзі па сусвеце» (1994), «Смехапад» (1999), «Прыгоды марахода» (2002), «Цуда-вуда» і «Таямнічая планета» (2008), «Лепшыя сябры» і «Загадкавая азбука» (2012), «Адкрывай свой родны край» (2013), «Завітала ў госці казка» і «Слоны с Луны» (2014) і інш. Вершы, казкі, загадкі, скорагаворкі, такія як «Пеўнік-спеўнік», «Дзівак Сіваграк», «Урок для сарок», «Света з Інтэрнэта», «Каго лечыць акуліст?», «Носіць сумку кенгуру», «Ці ёсць у Слоніме сланы» і іншыя, успрымаюцца па-дзіцячаму натуральна і пераканаўча, развіваюць не толькі фантазію, але і маўленне.

Шматграннасць таленту

Асобныя творы Уладзіміра Мазго перакладзены на рускую, англійскую, таджыкскую, чувашскую і іншыя мовы. На многія вершы паэта створана шмат песень беларускімі кампазітарамі. Яны гучаць у эфіры, на рэспубліканскіх і міжнародных песенных фестывалях. Уладзімір Мазго стаў лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва (2005), лаўрэатам літаратурных прэмій імя В. Віткі (2005), «Залаты Купідон» (2008), выдатнікам друку Беларусі, ганаровым грамадзянінам Зэльвенскага раёна (2008).

Прапануем вашай увазе некалькі вершаў паэта.

***

Маторка,
Рэчышча
І ты…
Няўмольна,
Незваротна,
Што плынь
Той прыпяцкай вады –
За дальнім паваротам.
Крылом пасечаны прасцяг
Блакітна-успамінны,
Як парашут…
І шум трысця
Парывісты, хвілінны…
Не знаю.
Можа, ад тугі
Ўсё выдумалі самі…
Чаму
Так пахнуць трыснягі
Тваімі валасамі?..

***

У вачах – хітрынка.
На губах – усмешка…
Дай руку,
Дзяўчынка,
Не ўтравела сцежка.
Пабяжым з табою
У вясну-завею
Не па лістабою,
А па снегавею.
Дзе адно не гаснуць
Зоркі й
Нашы сведкі.
Да вясны да ўласнай
Хочацца ў адведкі…
Там…
Крыло тваёй рукі…
Узлёт –
Такі высокі!..
Там просяцца ў радкі
Даўным-даўно
Аблокі.
Там замірае сэрца,
Не чуючы вагі,
Калі ў вачах
Прачнецца
Блакітны небасхіл.
Там крыўды ўсе
І хмары
Сплываюць за раку…
Там сонейку
Тамара
Падставіла шчаку.
Словы
Зноўку белай замеццю
Хвалюе сад вішнёвы…
У незабыўнай памяці
Твае ўваскрэслі словы,
Што з губ тваіх,
Дрыготкія,
Я піў
Нібы прычасце,
Калі світальнай лодкаю
Веславала шчасце…
Чакаючы цябе
Ну дзе ты познішся,
Не йдзеш?
Ты звыклася пазніцца.
Складзе
З радкоў-пракосаў верш
На лузе касавіца.
На неба гледзячы,
Кажу:
(Каса не косіць –
Піша!)
– Ты развярэдзіла душу…
– …а вось і я!.. –
І ціша.
І луг світальны у расе
Касе
Не стаў пярэчыць…
Аддаў я вершу словы ўсе.
Што прыбярог для стрэчы.

***

Жанчына на балконе
Стаіць уранні з дзіцем.
Нібы сышлі з іконы…
Вы толькі паглядзіце:
Дзве поўныя даверу
Істоты.
Іх адзінства…
І, як ніколі,
Веру –
У вечнасць
Мацярынства.
тваё імя
Тамары
Жар сонца,
Холад хмараў,
капеж
Ці лістабой –
Тваё імя,
Што мара,
пакліча за сабой.
Жаданы міг
Настане –
Забудзеі
На спачын:
тваё імя
світаннем
Зоймецца ўначы.
Над сонечным
Абшарам
Цень чорны
Прабяжыць, –
Тваё імя,
Што мара,
Дапамагае жыць.
Прызнанне
Так шчыра кахалі мы,
Так шчыра кахалі нас…
Снягі –
Берагі зімы –
Сагрэла цяплом вясна.
Пад белым сукном кары,
Як сэрца,
грукоча сок:
Бярозцы душу адкрыў –
Прызнаўся ў любві лясок
.

Служба информации газеты «Праца»

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены