Сёння каталікі пасвенцяць вянкі і зёлкі

Урачыстасць Божага Цела каталіцкія вернікі традыцыйна святкуюць восем дзён. Пасля заканчэння актавы існуе звычай благаслаўлення вяночкаў, сплеценых і складзеных з кветак і духмяных лекавых зёлак.

Гэтая старадаўняя традыцыя на працягу многіх стагоддзяў передавалася з пакалення ў пакаленне. Яна працягваецца і да цяперашняга часу. Ідэя прыносіць вянкі звязана з падзякай Богу за дары, якія мы атрымліваем ад яго, у тым ліку за кветкі і травы, якія нас акружаюць, ачышчаюць паветра, паднімаюць настрой, а некаторыя выкарыстоўваюцца, як лекавыя сродкі. Праз малітву вернікі просяць Пана даглядаць за палямі, лугамі і лясамі, абараняць іх ад разбурэння і даваць магчымасць адначасова выкарыстоўваць іх плады для людскога блага.

– Падтрыманне гэтай і многіх іншых традыцый дапамагае захаванню веры і яе перадачы ад старэйшых да малодшых. Аб такіх святах хрысціяне не павінны забываць, маліцца, у залежнасці ад самаадчування і іншых абставін, ў касцёле ці дома,– упэўнены настаяцель касцёла Святой Тройцы ксёндз Яцэк Маркель.

Імша з нагоды завяршэння актавы ўрачыстасці Божага Цела ў зэльвенскім касцёле адбудзецца 18 чэрвеня ў 18 гадзін. Пасля службы пробашч са словамі: “Пане Божа ўсяго сусвету, ты загадваеш расці травам, зёлкам і збожжу. Зрабі так, каб яны сталі пажыткам для людзей і жывёл. Ты пасылаеш дажджы і промні сонца для лугоў, лясоў, палёў, садоў, каб яны зелянелі і квітнелі, былі ўраджайнымі, калі прыйдзе час збору. Абарані іх ад навальніцы, наваднення і іншай шкоды. Просім цябе Божа, паблагаслаў першы плён сёлетняга года – травы, зеляніну, кветкі, каб яны радавалі вока і прыносілі карысць людзям і ўсяму жывому.” пасвенціць вянкі і зёлкі, з якімі вернікі прыйдуць ў святыню.

Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены