Сёння каталікі ўшаноўваюць святога Блажэя і атрымліваюць благаслаўленне ад хвароб горла
Штогод 3 лютага Касцёл падчас набажэнства ўспамінае святога Блажэя, біскупа Себастыі, мучаніка і лекара. Веруючыя праз малітву просяць яго заступніцтва, а таксама абароны ад хвароб горла, якія могуць адабраць голас і радасць жыцця.

На вячэрняй імшы ксёндз касцёла Святой Троіцы Яцэк Маркель узгадаў гісторыю жыцця святога, расказаў аб яго лекарскіх здольнасцях. Згодна легендзе, аднойчы здарылася бяда з хлопчыкам: ён падавіўся косткай. Яна моцна засела ў горле, што пагражала смерцю. Біскуп са спачуваннем дакрануўся да шыі маленькага, зрабіў над яго галавою знак крыжа, пасля чаго хлопчыў пачаў спакойна дыхаць і ажыў. Вестка аб гэтым цудзе хутка абляцела ваколіцу.

У знак пашаны да святога Блажэя напрыканцы імшы пробашч асвяціў свечкі. А пасля разам з вернікамі згаварыў малітву да святога Блажэя. Па традыцыі ў гэты дзень ксёндз, захоўваючы ўсе неабходныя меры бяспекі на час эпідсітуацыі, паблагаславіў “блажэйкамі” каталіцкіх вернікаў.

–Благаслаўленне праз малітву да Пана Езуса захоўвае веруючага чалавека не толькі ад хвароб, але і ад ўсяго злога, – адзначыў ксёндз Яцэк. – Неабходна толькі шчыра верыць у вялікую сілу Бога і прасіць апекі святых, у тым ліку святога Блажэя.

Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены