Таямніцы старых пераплётаў: пабачыць “каралеўскія”кнігі, першы ў свеце бестселер 1501 года, кнігі ў драўлянай вокладцы можна на выставе ў Новым замку ў Гродне

  Выстава “Таямніцы старых пераплётаў” адкрылася ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі і прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі захоўваецца адна з самых багатых кніжных калекцый Беларусі – звыш 20 тысяч рэдкіх і старадрукаваных кніг і каля 12 тысяч рэдкіх перыядычных выданняў. Кнігазбор гродзенскага музея трэці па памерах і значнасці, саступае зборам Нацыянальнай бібліятэкі і бібліятэкі НАН Беларусі. – На выставе “Таямніцы старых пераплётаў” можна пабачыць шмат цікавага. Выстава знаёміць з гісторыяй узнікнення і распаўсюджвання друкарскай справы ў розных краінах Заходняй Еўропы і на землях Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага, – расказала загадчык аддзела рэдкай кнігі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Алена Развановіч. – Тут прадстаўлены рэдкія і ўнікальныя выданні XV–XVIII стагоддзяў. Многія з іх былі створаны выдатнымі друкарамі, якія выступілі вынаходнікамі і наватарамі ў мастацтве друку, афармлення і аздаблення кнігі. Гэта славуты Альд Мануцый, Іаган Фрабэн, Генрых Квенталь, Ганс Люфт і іншыя майстры, што дзясяткі гадоў свайго жыцця аддалі выбранай справе. Некаторыя з іх стварылі вядомыя выдавецкія дынастыі: Эцьены, Плантэны, Эльзевіры і іншыя, чые кнігі прадстаўлены на выставе. Адзін з самых цікавых і каштоўных – уладальніцкі пераплёт, дзе пад адной вокладкай аб’яднаны адразу тры кнігі. І не проста кнігі, а інкунабулы – кнігі-першадрукі, выдадзеныя ад пачатку кнігадрукавання да 1500 года. Самая ранняя з інкунабул датуецца 1493 годам, была выдадзена ў Лейпцыгу. Але на выставе экспануецца хоць і крыху пазнейшая, але не менш каштоўная. Гэта “Трактат па логіцы” прафесара Кракаўскага ўніверсітэта Яна Глагоўскага, знакамітага матэматыка, астранома, урача, філосафа. Сярод яго выхаванцаў былі многія знакамітыя навукоўцы, у тым ліку Францыск Скарына, які з вялікім задавальненнем слухаў лекцыі Яна Глагоўскага па філасофіі. Не менш цікавае прыжыццёвае выданне тэзісаў Марціна Лютэра. Навукоўцы спрачаюцца, ці сустракаўся ён з Францыскам Скарынай, бо ва ўспамінах паплечніка Лютэра Філіпа Меланхтона, які меў Біблію Скарыны ў сваёй бібліятэцы, ёсць апавяданне аб тым, як яны сустракаліся “з доктарам Францыскам, ліцвінам, доктарам медыцыны”. Сапраўдная вяршыня выдавецкага і друкарскага мастацтва – кніга, напісаная гуманістам эпохі Адраджэння, сябрам і саветнікам Рафаэля Андрэа Фульвіо “Выявы знакамітых людзей”. Яна была надрукавана ў Рыме ў 1517 годзе і лічыцца першым каталогам па нумізматыцы. На 228 старонках сабрана 190 ксілагравюр з выявамі манет і змешчаных на іх партрэтамі вядомых людзей старажытнай Грэцыі, Рыма, Егіпта, перыяду Сярэднявечча. А вось кнігі, выдадзеныя знакамітым італьянскім гуманістам Альдам Мануцыям – адным з самых знакамітых друкароў эпохі ранняга Рэнесансу. Мануцый быў роданачальнікам вядомай выдавецкай дынастыі, якая праіснавала больш за 100 гадоў, і ўнёс вялікі ўклад у развіццё кнігадрукавання. – Менавіта ён пачаў першым друкаваць кнігі невялікага памеру ў восьмай доле, першым прымяніў пагінацыю – нумарацыю старонак, а таксама першы пачаў выдаваць кнігі курсівам, – распавядае Алена Станіславаўна. – А каб абараніць свае кнігі ад падробкі, Мануцый першым пачаў пазначаць іх друкарскім сігнэтам, на якім дэльфін абдымае якар. Гэта была адна з першых выдавецкіх марак у Еўропе. Яго можна назваць першым выдаўцом бестселераў у свеце. І гэтым бестселерам, выдадзеным у 1501 годзе, сталі вершы Франчэска Петраркі ў невялікім фармаце. Такую кнігу можна было браць з сабой, і яна была вельмі хутка раскуплена ў колькасці 100 тысяч экземпляраў. Поўны збор твораў самога знакамітага Франчэска Петраркі, выдадзены ў 1581 годзе, таксама можна пабачыць у Новым замку. Уражвае грунтоўная праца італьянскага лексікографа XVI стагоддзя Амброзія Каліпіны. Усё сваё жыццё ён прысвяціў стварэнню тлумачальнага слоўніка на 11 мовах. У фондах гродзенскага музея – скарочаны варыянт гэтага слоўніка на васьмі мовах, у томе больш за дзве тысячы старонак. Ад натужнай працы пад канец жыцця навуковец аслеп, і з таго часу падобныя вялікія, грунтоўныя працы ў памяць аб гэтым працавітым мужы сталі жартам называць каліпінамі. Сапраўдную рэвалюцыю на кніжным рынку Еўропы ў XVII стагоддзі зрабілі вядомыя галандскія выдаўцы Эльзевіры. Яны пачалі друкаваць кнігі яшчэ меншага фармату ў 16 і 24 долі. Гэта прывяло да зніжэння кошту, кнігі сталі даступнымі і для небагатых людзей. Іх насілі з сабой, а ў адзенні з’явіліся нават спецыяльныя кішэні для кніг. Цікава пабачыць “Хроніку еўрапейскай сарматыі” Аляксандра Гваньіні. Гэта першы твор, які пазнаёміў заходнееўрапейскіх чытачоў з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага. Менавіта ў гэтай кнізе былі ўпершыню змешчаны партрэты вялікіх князёў літоўскіх. А вось сапраўдныя каралеўскія кнігі. Экспануюцца тамы з бібліятэк французскага караля Людовіка XV, апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, расійскай імператрыцы Кацярыны II. Акрамя кніг, на выставе раскрываецца таямніца нараджэння кніг: старажытны спосаб вырабу паперы, элементы афармлення кнігі, такія, як тытульны ліст, ілюстрацыя, разнастайнасць шрыфтоў, аздоба пераплётаў. Расказваць пра гэтую найцікавейшую выставу можна бясконца. Лепш прыйсці і на свае вочы ўбачыць усю прыгажосць. …Не магу спыніцца: абавязкова затрымайцеся каля самай высокай кнігі на выставе. Кніга ўнікальная – “Рэдкія расліны” вядомага нямецкага батаніка 18 стагоддзя Хрыстафора Трэва. У еўрапейскіх бібліятэках знаходзіцца ўсяго каля 10 экземпляраў гэтай кнігі. Адзін з іх у Гродне. Мала таго, усе гравюры ў кнізе былі размаляваны мастакамі ад рукі.
Што? Выстава “Таямніцы старых пераплётаў”
 
Дзе? Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Новы замак, Сенатарская зала, вул. Замкавая, 20
 
Калі?  З 10 жніўня па лістапад.
«ГП».
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.