Тэматычныя кніжныя выставы да юбілею Зэльвы арганізаваны ва ўстановах адукацыі раёна
У школьных бібліятэках і музейных пакоях аформлены экспазіцыі з кніг, часопісаў і газет. З дапамогай іх наведвальнікі могуць здзейсніць завочнае падарожжа з мінулага ў сучаснасць малой радзімы.

Так, прапанаваная літаратура прадстаўляе гісторыю Зэльвы пачынаючы з XIII стагоддзя – з часу першага згадвання пра населены пункт у Іпацьеўскім летапісе. Друкаваныя старонкі паступова пераносяць чытачоў у дзень сённяшні. А менавіта знаёмяць з сацыяльна-эканамічным развіццём, землякамі, якія праславілі наш край, здабыткамі матэрыяльнай і духоўнай культуры. Шэраг выданняў прысвечаны турыстычным аб’ектам – помнікам архітэктуры і археалогіі, аграсядзібам раёна. Складальнікі экспазіцый не абышлі ўвагай і творчасць мясцовых пісьменнікаў і паэтаў – бяры і чытай прапанаваныя зборнікі.

Па словах бібліятэкараў, выставы актыўна наведваюць дзеці, нават падчас канікул. Хлопчыкам і дзяўчынкам цікава даведацца аб былым сваёй малой радзімы, прасачыць шлях яе развіцця даўжынёю ў 760 год.
Наталля МАЦЮК