Тепло под маминым крылом
Кожная жанчына марыць аб шчаслівым будучым сваіх дзяцей, аб іх дабрабыце, здароўі. А калі лёс паспрыяў, каб яны яшчэ сталі паспяховымі, добрымі і чулымі людзьмі, – матуліна сэрца перапаўняе толькі радасць.
Алена МАРТЫНЧЫК – шчаслівая маці. Разам з мужам Іванам Баляслававічам выгадавалі сына і дзве дачкі. Сёння яны ўжо самі сямейныя людзі, маюць сваіх дзяцей, якія радуюць бабулю і дзядулю. У выхаванне дзяцей, а потым і ўнукаў Алена Васільеўна ўклала ўсю душу і сэрца.
Аб дзіцячых гадах Алена Мартынчык успамінае са слязамі на вачах. Сваю матулю яна не памятае. Ёй было ўсяго паўгода, калі той не стала. На руках бацькі і бабулі засталіся пяцёра дзяцей. Бацька працаваў у лясной гаспадарцы і прыязджаў дахаты толькі на выхадныя дні. Усе клопаты аб дзецях ляглі на ўжо немаладую на той час бабулю. Яна як магла старалася замяніць ім бацькоў, гадавала ў любові і дабрыні. Старэйшыя сёстры былі сапраўднымі памочніцамі па доме і гаспадарцы. Вялікай сям’і давялося перажыць многае, таму паважныя адносіны адзін да аднаго яны захоўваюць як самую вялікую каштоўнасць.
Немалаважную ролю ў згуртаванасці сям’і адыграла захапленне бацькі літаратурай, музыкай, мастацтвам, да якіх ён з маленства далучаў і дзяцей. Хутка дзяўчынкі палюбілі друкаванае слова, а Алена, наогул, пранесла гэту любоў праз усё сваё прафесійнае жыццё. Дарэчы, дзяўчына спрабавала сябе і ў заатэхніі, і ў педагогіцы, але, калі выпала магчымасць працаваць у дзіцячай раённай бібліятэцы, адчула сапраўдную асалоду. Літаратура імпанавала яе ўнутранаму свету, таму і аддалася бібліятэчнай справе ўсёй душой: шмат чытала кніг і часопісаў, вучыла вершы і прозу напамяць, распрацоўвала сцэнарыі мерапрыемстваў, якія арганізоўвала разам з падлеткамі. Школьнікаў як магнітам цягнула да Алены Мартынчык і яе калег.
Яшчэ з большай пяшчотай жанчына адносілася да сваіх дзяцей. Старалася як мага больш часу праводзіць з імі. Ведала іх сакрэты і планы, магла пахваліць і пакрытыкаваць. Вучыла ўсе складаныя пытанні выносіць на сямейныя нарады (гэта традыцыя, дарэчы, захавалася і цяпер). Не заўважыла жанчына, як выраслі дзеці. Старэйшы сын Валерый працуе ў галіне будаўніцтва. Дачка Алена звязала сваю прафесію з бухгалтэрыяй, Аксана – з медыцынай. Вымаліла маці ў Бога і шчаслівы сямейны лёс для сваіх дзяцей. На радасць усім – удалыя і ўнукі: адзін з іх працуе настаўнікам, чацвёра – студэнты, малодшы – школьнік.
Жывучы асобна, усе дзеці з сем’ямі часта наведваюць бацькоўскі дом. Хіба не гэта самае галоўнае для маці?! Руплівая гаспадыня заўсёды гасцінна сустракае родных ёй людзей. Так ужо павялося ў сям’і Мартынчыкаў, што ўсе гадавыя святы адзначаюцца толькі за матуліным сталом, на якім заўсёды прысутнічае яе фірменны гусь, начынены яблыкамі. Чарговыя выхадныя – прыемная нагода для сустрэчы. Практычна адразу чатыры святы будзе адзначаць Алена Васільеўна – Дзень работнікаў культуры, Дзень маці, Пакровы Прасвятой Багародзіцы і юбілей з дня нараджэння. Шчыра віншуем!