Тэрміновы зварот па медыцынскую дапамогу здольны прадухіліць інфаркт

9054

Цяжка сабе ўявіць чалавека, які дажыў да 40 гадоў і не здагадваецца, дзе ў яго сэрца: часам яно заяўляе пра сябе болем. Гэта ў любым выпадку нагода для абследавання і разваг над сваім ладам жыцця, аднак боль у грудзях бывае такім, што планаваць візіт да ўрача ўжо няма калі – трэба выклікаць «хуткую».

Што за боль?
Ён мацнейшы, чым калі-небудзь. Можа аддаваць у руку, сківіцу, дапаўняцца задышкай і галавакружэннем. Ігнараваць такія сімптомы нельга нікому, але ў першую чаргу тым, хто курыць, мае высокі ціск, лішнюю вагу, павышаны халестэрын, тым больш ішэмічную хваробу сэрца, бо асноўная праява гэтага захворвання – менавіта боль за грудзінай. «Звычайны» боль доўжыцца літаральна 1–2 хвіліны і знімаецца нітрагліцэрынам, а моцны не рэагуе ні на лякарства. Не марнуйце час – не чакайце панядзелка, раніцы ці сваякоў з працы! Вас напаткала рэальная пагроза жыццю – сасудзістая катастрофа, інфаркт міякарда, падчас якога можа развівацца арытмія, страта прытомнасці, і «хуткая» ўжо не дапаможа.
Практыка паказвае, што большая частка людзей упарта трываюць і толькі праз некалькі дзён (калі не тыдняў!) адважваюцца зрабіць электракардыяграму, якая, між іншым, не заўсёды дазваляе западозрыць такое захворванне, як інфаркт міякарда. Словам, зноў страта часу…
– Залаты стандарт аказання дапамогі пацыенту з вострым болем – 90 хвілін ад моманту звароту да медыкаў, – тлумачыць в.а. загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Лазарчык. – Інфаркту яшчэ можа не быць – гэта працэс не імгненны, а таму спецыялісты ў такіх выпадках кажуць пра сасудзістую катастрофу, або востры каранарны сіндром. Таму, «хуткая дапамога» павінна ў першыя гадзіны захворвання даставіць пацыента ў стацыянар. Тут хвораму зробяць кардыяграму і абавязкова возьмуць аналізы крыві. Выяўленне ў крыві спецыфічнага ферменту будзе сведчыць аб наяўнасці пашкоджання сардэчнай мышцы і маштабе сасудзістай катастрофы…
Востры, нясцерпны боль – сімптом не толькі самога інфаркту міякарда, але і так званай нестабільнай стэнакардыі. У большасці выпадкаў прычынай з’яўляецца халестэрынавая бляшка, якая перакрывае прасвет сасуда не поўнасцю, але ў любое імгненне можа дэфармавацца токам крыві і перакрыць яго цалкам, а гэта ўжо інфаркт. Хворы ж у любым выпадку адчувае толькі боль і не ведае, што адбываецца ў сэрцы. Для яго важней усвядоміць толькі адно: чым даўжэй застаешся без медыцынскай дапамогі, тым горш. Спачатку страчваеш шанц прадухіліць інфаркт у прынцыпе, праз нейкі час – атрымаць дробны ачаг замест буйнога, яшчэ праз колькі можна наогул пазбавіць сябе магчымасці ратавання.
– Клеткі сэрца гінуць у выніку закупоркі сасуда не адразу, яны становяцца нібыта «аглушанымі». Калі хутка аднавіць крываток, то клеткі яшчэ могуць прачнуцца, і гаварыць пра інфаркт не давядзецца, – удакладняе Таццяна Леанідаўна.
Абарона ад бляшак
У дзіцячым узросце халестэрын лёгка змываецца з артэрый, аднак нездаровы лад жыцця спрыяе таму, што сценкі сасудаў проста прыцягваюць да сябе тлушчавае рэчыва, якое пасля замацавання ўжо называецца бляшкай, будзе расці і тым самым павялічваць рызыку сасу-дзістай катастрофы. Як толькі артэрыя перакрыецца больш як на 40 працэнтаў, гэта стане заўважным для чалавека: падчас фізічнай нагрузкі з’явіцца задышка і боль. Такім чынам, чым большая бляшка, тым горш. Аднак і не надта вялікая можа з нейкай прычыны адарвацца і заблакіраваць у больш вузкім месцы ток крыві. Там, дзе яна адарвалася, сітуацыя будзе не лепшай. У месца траўмы збягуцца «ліквідатары аварыі» – трамбацыты, яны ўтвораць тромб, і, зноў жа, атрымаецца спыненне крыватоку.
Змагацца з халестэрынавымі адкладаннямі няпроста. Першая ўмова – здаровы лад жыцця. Другая – ужыванне спецыяльных медпрэпаратаў. Разбурыць тое, што ўтварылася, ім не па сілах, затое яны могуць папярэдзіць утварэнне новых бляшак і ўмацаваць тыя, што ёсць, каб яны не адрываліся.
Дарэчы будзе прыгадаць адно назіранне індыйскіх даследчыкаў. Хворых, якія перажылі закупорку сасудаў і якім былі праведзены медыцынскія маніпуляцыі па аднаўленні крыватоку, падзялілі на дзве групы. Абе-дзвюм рэкамендавалі сачыць за дыетай, сном (рана класціся і рана ўставаць), ужываць лекі, займацца медытацыяй і фізічнымі практыкаваннямі, не курыць і не злоўжываць алкаголем. Але адну групу пры гэтым спецыялісты жорстка кантралявалі. Па завяршэнні эксперымента менавіта ў гэтых паддоследных не толькі не ўтварылася новых бляшак, але і зменшыліся старыя, і адпала неабходнасць у запланаваных раней хірургічных умяшаннях.
Клаўдзія КРЭЧКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.