Тэхніка даручана працавітым
Менавіта таму па тэмпах сяўбы яравых культур дабраселецкія земляробы сярод лідараў у раёне.
У аптымальныя тэрміны, захоў-ваючы агратэхналагічныя патрабаванні, у СГФ “Дабраселецкі” пасеялі раннія зерневыя і зернебабовыя культуры на плошчы 1600 гектараў. Тэхніку і людзей стараліся задзейнічаць з максімальнай карысцю. Так, напрыклад, механізатары Юрый Гоздзік і Іван Лухтан за дзень засявалі ў сярэднім больш чым па 40 гектараў. Не было прастояў і ў ва-дзіцеляў апырсквальніка “Раса” Аляксандра Квачанюка і Аляксандра Бандарыка. Акрамя падкормкі азімых зерневых і рапсу, механізатары паспяваюць уносіць мінеральныя і арганічныя ўгнаенні і рыхтаваць глебу пад буракі і кукурузу.
– Вясна выдалася даволі капрызная. Але мы імкнёмся выкарыстоў-ваць кожную пагодную хвіліну, каб вывесці тэхніку ў поле, – гаворыць загадчык вытворчага ўчастка Ала Лагуцік. – Стараемся выконваць работу не толькі хутка, але і якасна. Тэхніка і людзі працуюць у штатным рэжыме і без форс-мажорных сітуацый.
Пра работу механізатараў Ала Лагуцік гаворыць з асаблівай павагай. А інакш і быць не можа, бо тэхніка даручана працавітым, адказным людзям, якія на пасяўной не першы год. Гаворачы так, загадчык мае на ўвазе Юрыя Гоздзіка, Івана Лухтана, Сяргея Бандыка. Добрыя словы былі сказаны і ў адрас Івана Мазаля, Васілія Смурагі, Анатолія Грасевіча і Сяргея Манчыка.
Улічваючы, што для механізатара кожная хвіліна дарагая, з Юрыем Гоздзікам мы абмежаваліся кароткай размовай і пацікавіліся, як яму працуецца.
– Працуем на сяўбе з шасці гадзін раніцы і да позняга вечара, – прызнаўся аграрый. – З асабістым часам не лічымся, бо разумеем, што трэба правесці палявыя работы ў тэрмін. Тут жа на полі, каб эканоміць кожную хвіліну, сілкуемся: занятых на пасяўной гаспадарка забяспечвае гарачым харчаваннем.
Па меры падрыхтоўкі глебы аграрыі пачнуць сеяць цукровыя буракі і кукурузу.
Віктар МАКОЎСКІ.