«Толькі такія людзі, як Алена Суша, павінны працаваць у сферы культуры»
272
– Толькі такія людзі, як Алена Суша, павінны працаваць у сферы культуры, – прытрымліваюцца думкі калегі, сябры, аднавяскоўцы жанчыны і не перастаюць здзіўляцца яе цікавым творчым знаходкам.
Алену Мікалаеўну ведаюць на Зэльвеншчыне не толькі як загадчыцу сектара па культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў вёскі Чырвонае Сяло, але і як кіраўніка фальклорнага гуртка “Спадчына”, таленавітую вышывальшчыцу.
– Мне пашчасціла нарадзіцца ў творчай сям’і, – уступае ў размову Алена Суша. – Маці і бацька любілі спяваць. У школьныя гады і я з задавальненнем
удзельнічала ў самадзейнасці. Пазней, атрымаўшы спецыяльнасці дырыжора і клубнага работніка, прыехала працаваць у Зэльвенскі раён. Дзень праца-ўладкавання супаў з Днём работнікаў культуры. Помню як сёння: з велізарным чамаданам зайшла ў залу раённага Дома культуры, а там – музыка, песні, танцы… Атмасфера захапіла з першай хвіліны.
Працаваць давялося ў Чырванасельскім сельскім клубе пад кіраўніцтвам Марыі Рудой, якая пастаянна жыла новымі ідэямі. Да справы хутка падключыла Алену і літаральна праз некалькі дзён уступіла ёй сцэну. Падчас канцэртаў Марыя Андрэеўна акампаніравала новай салістцы, якую мясцовая публіка прыняла адразу. Праз некалькі месяцаў дзяўчына заняла пасаду загадчыцы клуба.
У тыя часы ў вёсцы было многа моладзі. Юнакі і дзяўчаты любілі танцаваць, спяваць, дапамагалі культработнікам ставіць тэатралізаваныя пастаноўкі, рыхтаваць дэкарацыі. Неўзабаве Алена Мікалаеўна прапанавала вяскоўцам арганізаваць гурток сольных спеваў, які, дарэчы, хутка заваяваў любоў землякоў. Супрацоўніцтва з настаўнікамі і вучнямі школы, на базе якой дзейнічаў вакальна-інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам Віктара Навасада, дазволіла пашырыць кола выступленняў і павялічыць рэпертуар самадзейных артыстаў.
Алена Суша перакананая ў тым, што без нацыянальнай спадчыны нельга стварыць сапраўдны культурны цэнтр, трымала ў полі зроку і старэйшае пакаленне – таленавітых людзей, якія захоўваюць традыцыі і ахвотна перадаюць іх маладому пакаленню. З верай у тое, што мясцовы фальклор павінен мець прадаўжэнне, пачала работу па вывучэнні вуснай і песеннай народнай творчасці. У выніку з’явілася ідэя арганізаваць фальклорны калектыў “Спадчына”.
– Каб напрацаваць рэпертуар, хадзіла з хаты ў хату, запісвала на магнітафон усё, што спявалі вясковыя жанчыны, – расказвае Алена Суша. – Сказаць, што першыя выступленні “Спадчыны” былі аншлагам, значыць, нічога не сказаць. Сёння багаты аўтэнтычны матэрыял дазваляе калектыву выступаць не толькі на святах вёсак, але і на раённых мерапрыемствах. Самадзейныя артысты – пастаянныя прызёры абласнога фестывалю рэгіянальнага конкурсу “Панямоння жыватворныя крыніцы”.
Затым Алена Суша паставіла новую задачу – усю мясцовую абрадавую спадчыну перадаць моладзі. Таму пажылыя і юныя вяскоўцы разам ладзілі народныя святы: Каляды, Вялік-дзень, Масленіцу, Купалле і г.д. Цікавыя моладзі і такія сямейныя традыцыі, як першае купанне дзіцяці, выпечка і ўпрыгожванне караваю.
Дзякуючы гэтаму і сама ўстанова культуры пачала мяняцца. Нейкі час мастацкім кіраўніком тут працавала Марыя Антановіч, творчая і таленавітая асоба. Яна прапанавала аформіць пакоі клуба ў нацыянальным стылі. Па прыкладзе калегі Алена Мікалаеўна стала займацца рукадзеллем – вышывала гладдзю і крыжыкам. Дэкаратыўная вышыўка настолькі захапіла Алену Сушу, што з дапамогай нітак і іголкі яна пачала ствараць шыкоўныя карціны. Паступова ў калекцыі жанчыны з’явіліся работы духоўнай тэматыкі – абразы, выявы храмаў. Прыхільніца народнай творчасці заўсёды з задавальненнем удзельнічае ў дэкаратыўна-прыкладных выставах.
Дзе толькі ў яе хапае часу, каб рэалізаваць столькі планаў і задум?! Алена Суша тлумачыць гэта вялікай любоўю да сваёй прафесіі:
– Клопат пра развіццё народнай культуры і творчасці для мяне – задача першачарговай важнасці. Імкнуся, каб зэльвенцы захавалі тое, што засталося нам у спадчыну. Працаваць заўсёды было цікава і лёгка – усе мае пачынанні падтрымлівалі землякі, калегі, мой верны спадарожнік – муж, які адабрае мае захапленні і дапамагае рэалізоўваць усе мае задумкі.
Людміла ПОПКА