Трагическая история деревни Бережки
Штогод 22 чэрвеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Чым далей адыходзяць часы ваеннага ліхалецця, тым мацнеюць у нас пачуцці ўдзячнасці і абавязку перад землякамі, якія абаранялі Айчыну, рызыкуючы сваімі жыццямі на палях баёў і ў партызанскіх атрадах. У памяці зэльвенцаў назаўсёды застануцца імёны тых, хто загінуў у канцэнтрацыйных лагерах, быў расстраляны фашысцкімі акупантамі.
Маляўнічыя мясціны, дзе размяшчаецца прыгожая вёсачка Бярэжкі, заўсёды прываблівалі аматараў адпачынку. Няма тут як у іншых населеных пунктах пустуючых дамоў. Іх многія гараджане даўно набылі для сябе. Бываючы тут, кожны раз заўважаеш, што вёска прыгажэе і аднаўляецца. Таму цяжка ўявіць, што ў гісторыі гэтага населенага пункта і яго жыхароў былі трагічныя моманты.
72 гады назад, а дакладней 26 чэрвеня 1941 года, Бярэжкі былі спалены фашысцкімі захопнікамі, а некаторыя жыхары расстраляны. Трагедыя, якая закранула кожную сям’ю, да гэтай пары балючымі ўспамінамі адбіваецца ў душах многіх бярэжкаўцаў. На сённяшні час у жывых засталося толькі двое сведкаў тых жудасных падзей – гэта Зінаіда Шпакоўская і На-дзея Гілюк. Напярэдадні 22 чэрвеня разам са старшынёй Зэльвенскага сельвыканкама Мікалаем Гардзейкам мы сустрэліся з гэтымі жанчынамі. На жаль, наша размова адбылася толькі з Зінаідай Антонаўнай, Надзея Пятроўна хварэла.
– У гады вайны я была малой дзяўчынкай. Аб трагічных падзеях той пары ведаю са слоў бацькоў, старэйшых сясцёр і аднавяскоўцаў.
Нас у сям’і было пяцёра дачок. Каб усіх пракарміць, маці і бацьку прыходзілася шмат працаваць на ўласнай гаспадарцы. Выхаваннем малодшых займаліся старэйшыя сёстры. Жылі мы дружна і дапамагалі адзін аднаму.
Наша шчаслівае дзяцінства абарвалася 22 чэрвеня 1941 года. Раніца таго летняга дня наступіла раней, чым узнялося сонца: яна была разбуджана моцным гулам матораў самалётаў, якія ляцелі высока ў небе з захаду на ўсход. Усе мы думалі, што гэта ваенныя вучэнні савецкіх войск. Побач з Бярэжкамі будаваўся ваенны аэрадром, і некаторыя афіцэры з сем’ямі жылі ў нашай вёсцы. Калі самалёты з чорнымі крыжамі на крылах праляцелі над вёскай і накіраваліся ў бок ваеннага аэрадрома, адкуль хутка пачуліся моцныя выбухі, людзей ахапіў жах. Хутка ўбачылі на месцы бамбёжкі чорны дым. А ўжо пасля абеда па вёсцы разнеслася страшная вестка: “Людзі, пачалася вайна!”.
Праз некаторы час аб’явілі мабілізацыю ваеннаабавязаных. Але адправіць іх на фронт так і не паспелі, таму ўсе юнакі і мужчыны вярнуліся дамоў. Вёска знаходзілася побач з галоўнай аўтамабільнай дарогай Беласток-Баранавічы, па якой ужо на другі дзень вайны пачалі ісці калоны бежанцаў, крыху пазней – адступаючых чырвонаармейцаў. У небе пастаянна ляталі варожыя самалёты, якія неслі на сваіх крылах смерць. Пасля іх налётаў на дарозе і вакол заставалася шмат забітых і параненых, разбітых аўтамашын і іншай ваеннай тэхнікі. З першых дзён вайны ў навакольных лясах быў высаджаны вялікі нямецкі дэсант. Варожыя салдаты аб-стрэльвалі нашы ваенныя калоны і тэхніку, узарвалі аўтамабільны мост праз Зальвянку. Кожны дзень каля вёскі адбываліся сутычкі паміж савецкімі салдатамі і нямецкімі дыверсантамі. У адным з баёў нашым кавалерыстам удалося нанесці варожаму дэсанту вялікія страты.
Гэта раз’юшыла фашыстаў, і праз некалькі дзён адна з нямецкіх рэгулярных часцей акружыла вёску. Салдаты пачалі збіраць мужчын. Шукалі па хатах, хлявах, гумнах… Сагналі ў адну групу і вывелі за вёску. Пачуліся стрэлы. У гэты ж час іншыя варожыя салдаты аблівалі пабудовы бензінам і запальвалі іх. Нават я, нягле-дзячы на свой дзіцячы ўзрост, добра разумела, што адбываецца нешта жудаснае. На кожным падворку чуліся крыкі, воклічы і плач. З хлявоў дано-сіўся роў жывёлы, якая гарэла. Затым дзяцей і жанчын па-гналі ў бок Зблян і пакінулі ў полі. Некаторыя з нашых аднавяскоўцаў пайшлі да сваіх родных у суседнія вёскі. Каму не было куды ісці, засталіся начаваць у полі.
Праз некалькі дзён мы вярнуліся ў вёску і ўбачылі страшэнную карціну: на месцы хат і хлявоў валяліся галавешкі. З усіх пабудоў засталіся толькі драўляная царква і гумно. Тут мы сустрэліся з бацькам і іншымі мужчынамі. Яны расказалі, што фашысты на іх вачах расстралялі Івана Скібу і палоннага чырвонаармейца. Астатніх за-крылі ў амбары. Кожны з іх чакаў смерці. Раніцай былі расстраляны яшчэ каля дзясятка чалавек. Хто застаўся ў жывых, пагналі ў кар’ер, які знаходзіўся побач з вёскай. Там фашысты прымусілі ўсіх стаць на калені. Мужчыны, разумеючы, што жыць ім заставалася апошнія хвіліны, пачалі маліцца і шукаць паратунку ў Бога. Неўзабаве да месца пакарання пад’ехала легкавая машына, з якой выйшаў афіцэр. Ён адмяніў расстрэл, а людзям загадаў выкапаць магілу і пахаваць забітых. (Па звестках, у брацкай магіле в. Бярэжкі пахавана больш за 20 вяскоўцаў і 70 афіцэраў і салдат).
Многія бярэжкаўцы так і засталіся жыць у згарэлай вёсцы. Наша сям’я разам з іншымі пасялілася ў амбары. Некаторыя выкапалі зямлянкі. Жыццё ў час акупацыі было вельмі цяжкім. Уся жывёла і хатнія пажыткі згарэлі. У гэты час нам дапамаглі родныя і знаёмыя людзі з іншых населеных пунктаў. Кожны дзень мы жылі пад страхам смерці, галадалі і мерзлі, але верылі, што вызваленне прыйдзе.
Радаснай падзеяй для нас стаў дзень 11 чэрвеня 1944 года, калі перадавыя савецкія часці ўвайшлі ў вёску і пачалі рыхтавацца да фарсіравання Зальвянкі і штурму Зэльвы.
Толькі пасля вайны спаленыя Бярэжкі пачалі зноў аднаўляцца. Сюды сталі вяртацца астатнія вяскоўцы і на месцы былых папялішч будаваць жыллё. У пачатку пяцідзясятых гадоў Зінаіда з сёстрамі і бацькамі перабраліся ў новы дом. Бацька працаваў брыгадзірам у мясцовым калгасе.
Пасля школы дзяўчына паступіла ў Гродзенскае медыцынскае вучылішча. Працавала медыцынскаю сястрою ў першай клінічнай бальніцы ў Гродне. Потым была вучоба ў Мінскім тэхнікуме лёгкай прамысловасці. Пасля яго заканчэння разам з мужам паехала ў горад Душанбе. Пазней сям’я пераехала на Украіну. Больш дваццаці гадоў Зінаіда Антонаўна займала пасаду галоўнага інжынера на гарадскім камбінаце бытавога абслугоўвання. Неаднаразова адзначалася рознымі ўзнагародамі.
Пасля смерці мужа вярнулася ў Бярэжкі. Лічыць, што гэта самае цудоўнае месца на свеце. Любіць займацца вырошчваннем агародніны і кветак. Радуецца Зінаіда Антонаўна, калі да яе прыязджаюць дзеці, унукі і праўнукі.
Як і ўсе бярэжкаўцы, жанчына свята захоўвае памяць аб тых далёкіх падзеях і загінулых аднавяскоўцах. Слёзы, душэўны боль і цяпер трывожаць Зінаіду Антонаўну, калі ўспамінае перажытае ў гады вайны. На святы яна абавязкова наведвае магілу загінулых аднавяскоўцаў, каб ушанаваць памяць аб іх. Так і ў час нашага візіту яна разам з Мікалаем Гардзейкам і праўнучкай Палінай пабывалі на гэтым святым месцы і ўсклалі кветкі.