Галынкаўскі сельвыканкам робіць акцэнт у рабоце на вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння вяскоўцаў (+ Відэа)

Па выніках работы за мінулы год калектыў Галынкаўскага сельскага Савета дэпутатаў і сельскага выканаўчага камітэта занесены на раённую Дошку гонару. Падставай таму – дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці. Як дбайны гаспадар старшыня мясцовага сельвыканкама Руслан Архіпчык цесна супрацоўнічае з дэпутатамі і грамадскімі актывістамі, кіраўнікамі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў “Галынка” і “Сынкавічы”. Разам яны наладжваюць жыццё не толькі ў аграгарадку, але і ў іншых вёсках. – Добраўпарадкаван-не – прыярытэтны накірунак работы ўсіх дзяржаўных і грамадскіх структур, суб’ектаў гаспадарання, размешчаных на нашай тэрыторыі, і канешне ж, саміх вяскоўцаў, – адзначае старшыня сельсавета. – Лічу, што навядзенне парадку – не даніна модзе, а жыццёвая неабходнасць, якая ўключае ў сябе выхаванне ў людзей гаспадарскіх адносін да зямлі, ашчаднага выкарыстання яе прыродных багаццяў. У Галынкаўскім сельсавеце ёсць нямала прыкладаў таго, як мясцовыя органы ўлады супрацоўнічаюць з грамадскасцю ў пытаннях добраўпарадкавання сельскай тэрыторыі, у тым ліку пры непасрэдным удзеле вясковых жыхароў. З тымі людзьмі, якія не жадаюць навесці парадак на зямлі альбо забыліся гэта зрабіць, працуюць сельвыканкам, землеўпарадкавальная і санітарная службы: у 2017 годзе выдадзена 173 прадпісанні нядбайным гаспадарам. – Перад намі не стаіць задача пакараць людзей, – сцвярджае Руслан Архіпчык. – Важна, каб яны асэнсавалі прапісную ісціну: хто дбае, той і ўтульнасць стварае. Мы самі павінны быць руплівымі гаспадарамі на сваіх участках. Тым самым даваць прыклад іншым. Сельвыканкам сумесна з мясцовымі гаспадаркамі вялікае значэнне надае ўвядзенню ў сельскагаспадарчы зварот зямель, аб’ектаў нерухомай маёмасці, якія не выкарыстоўваюцца альбо выкарыстоўваюцца неэфектыўна. Праводзіцца работа па выяўленні пустуючых і зносе старых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі. Як і ў любым іншым сельсавеце, адшукваюцца нашчадкі пустуючых дамоў. І знаходзяцца. – Бывае, узаемадзеянне з імі дае станоўчыя вынікі, – гаворыць Руслан Уладзіміравіч. – Але, на жаль, бывае і такое, што людзі ўступаюць у спадчыну і забываюцца пра гэта. Вось і атрымліваецца, што дамы і пабудовы, якія калісьці ўзводзіліся з цеплынёй і любоўю, застаюцца занядбанымі. У Галынкаўскім сельсавеце 15 населеных пунктаў. Старшыні даводзіцца вырашаць шмат пытанняў жыццезабеспячэння вяскоўцаў – землеўпарадкавання і землекарыстання, рамонту вулічнага асвятлення, дарожнага пакрыцця… Добра, што на дапамогу прыходзяць старасты Ніна Роцька са Снежнай, Ганна Пятраш з Пруда, Таццяна Ярмаловіч з Акцябрскай, Вольга Чарток з Вострава, Галіна Грэшчык з Луконіцы. Правай рукой Руслана Архіпчыка з’яўляюцца дэпутаты Уладзімір Якубік з Луконіцы, Віктар Бурак з Галынкі, Святлана Лазоўская са Старога Сяла. На іх заўсёды можна разлічваць. Надзейныя памочнікі сельскія актывісты і для вясковых жыхароў. Пры неабходнасці і ўрача дамоў выклічуць, і лекі даставяць, і прадукты купяць… Многія задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця сельсавета і жыццезабеспячэння насельніцтва дапамагаюць вырашаць кіраўнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Нямала і проста нераўнадушных людзей, якія аказваюць дапамогу сваёй працай, паводзінамі, ладам жыцця. За апошнія гады да непазнавальнасці змяніўся цэнтр сельсавета – аграгарадок Галынка. Новы статус вёска атрымала ў 2011 годзе. Цяпер населены пункт яшчэ больш прыцягвае ўвагу. Яго візітная картка – чыстыя вуліцы і добрая сацыяльная інфраструктура. У 2011 годзе Галынка заняла першае месца ў абласным конкурсе па добраўпарадкаванні. Была заасфальтавана апошняя недобраўпарадкаваная вясковая вуліца, замест старой драўлянай агароджы пачалі ўстанаўліваць жалезабетонную. Будаўнічыя работы ўзнавілі пры падрыхтоўцы да раённых “Дажынак” у 2015 годзе, дзякуючы фінансавай падтрымцы сельгаспрадпрыемства “Галынка”. Цалкам замянілі агароджу, пафарбавалі фасады будынкаў, касметычна адрамантавалі дамы катэджнага тыпу, высадзілі маладыя дрэвы, абуладкавалі новыя клумбы. Сёння старшыня сельвыканкама таксама з аптымізмам глядзіць у будучыню. Не наракае на адсутнасць грашовых сродкаў, а згуртоўвае вакол сябе аднадумцаў для паляпшэння якасці жыцця людзей, павышэння агульнай культуры быту. У тым, што і самі людзі не сядзяць склаўшы рукі, а прыкладваюць сілы для навядзення парадку, упэўнілася, прайшоўшыся па вуліцах населенага пункта. Увагу адразу спыніла на будынку з надпісам “Дом узорнага парадку”. Дагледжаны прысядзібны ўчастак і цяпер, асенняй парой, у кветках. Значыць, званне ўзорнага домаўладанню прысуджана заслужана. Пражывае тут народная ўмеліца Антаніна Пянцяк. – Вось ужо 20 гадоў, як пераехала сюды з Вострава, – расказвае жанчына. – Даглядаю матулін дом, які мне застаўся ў спадчыну. Люблю, каб у хаце і на вуліцы было чыста. Гляджу на парадак, і душа радуецца. Вёскі трэба адраджаць. Тады ў іх і моладзь заставацца будзе. Так затрымалася ў Галынцы Вольга Дзішко. Пасля заканчэння Ваўкавыскага аграрнага каледжа дзяўчыну размеркавалі на працу ў мясцовую гаспадарку. Тут спаткала сваё шчасце, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. Маладой сям’і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства выдзеліла жыллё з усімі выгодамі. Гаспадары завялі жыўнасць, пасадзілі агарод, абуладкавалі дзіцячую пляцоўку. – У горад нават і не збіраемся, – гаворыць маладая жанчына. – У нас не горш – ёсць усё неабходнае для жыцця. Працуе комплексны прыёмны пункт. Трэба заплаціць за паслугі, адправіць пісьмо ці пасылку – калі ласка, пошта. Нават лазня ёсць. Ужо ацанілі перавагі асобнага збору смецця – у аграгарадку абуладкавана кантэйнерная пляцоўка. Прыкіпелі да населенага пункта Сяргей і Марыя Худзяевы. Падчас гутаркі з імі даведалася, што калісьці вёска была мнагалюднай, тут жыло шмат моладзі. Нават некалькі магазінаў працавала і сталовая. Адной з галоўных славутасцей з’яўляўся млын – немагчыма падлічыць, колькі на ім было выраблена мукі. – Час імкліва ідзе наперад, пакідаючы добрыя ўспаміны і ўносячы ў нашае жыццё навізну, – ад-значаюць муж з жонкай. – Цяпер для аграгарадкоўцаў створаны выдатныя бытавыя ўмовы. Чаго толькі вартая газіфікацыя! Такім чынам пытанне нарыхтоўкі дроў адпала само сабой. Некаторыя сем’і пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў аграгарадок нават з замежжа. Галынка стала новым домам для Тамары Ракут з Украіны і Надзеі Астрыновай з Кіргізіі. Яны накіраваліся сюды ў пошуках прыстанішча, калі на радзіме пача-ліся ваенныя дзеянні. Паступова прыжыліся. – Імпануе пануючая цішыня, а яшчэ прырода, добразычлівыя адносіны вяскоўцаў, – сцвярджаюць новыя жыхары. – Мясцовая ўлада ўважліва ставіцца да нашых праблем. Па якім пытанні не звернешся ў сельсавет, заўсёды выслухаюць, падкажуць. І інфраструктура добрая. Не трэба ехаць у райцэнтр за медыцынскай дапамогай. За здароўем мясцовых жыхароў сочаць работнікі ўрачэбнай амбулаторыі. Цяпер у медыцынскай установе асабліва мнагалюдна – аграгарадкоўцам робяць прышчэпкі ад грыпу. Дбаць аб прафілактыцы захворванняў і ўжываць больш вітамінаў наведвальнікам аптэкі раіць яе загадчыца Данута Карпей. Пры неабходнасці аптэкар заўсёды дасць неабходную кансультацыю. У мясцовым магазіне прадстаўлены шырокі асартымент тавараў. – Прыязджаючы да брата ў госці, заўсёды раблю тут пакупкі, – гаворыць сланімчанка Клаўдзія Семянькова. – Мне вельмі падабаецца зэльвенская прадукцыя, асабліва хлеб. Па словах прадаўцоў, у магазіне можна пакінуць заяўкі на мэблю. Даюцца крэдыты на харчовыя і прамысловыя тавары. Такімі выгадамі жыцця старшыня сельвыканкама асабліва ганарыцца – не горш, чым у райцэнтры. Належныя ўмовы для ўсебаковага развіцця вучняў створаны ў мясцовай школе, якая мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. Сёлета ў будынку ўстановы адукацыі замянілі дах, адрамантавалі спартыўную залу, на стадыёне абнавілі бегавую дарожку. На першым паверсе школы адкрыты вучэбныя класы дзіцячай школы мастацтваў. Творчыя здольнасці вучні дэманструюць на мерапрыемствах, якія ладзяцца ў школе і аграгарадку. Дарэчы, школьнікі прымаюць актыўны ўдзел у экалагічных мерапрыемствах, акцыях і суботніках. Рэгулярна наводзяць парадак на месцах воінскіх пахаванняў. Займаючыся добраўпарадкаваннем, падлеткі не толькі робяць добрую справу, але і вучацца ствараць прыгажосць вакол сябе. Побач з Галынкаўскай СШ размешчаны будынак мясцовага Дома культуры. Яго тэрыторыя за апошні час змянілася да непазнавальнасці. Цяпер гэта месца для адпачынку, дзе часта збіраецца моладзь. Нядаўны тут з’явіліся драўляныя скульптуры, штучнае возера і мост праз яго. – Усе сацыяльна значныя аб’екты знаходзяцца ў цэнтры аграгарадка, – ад-значае Руслан Архіпчык. – Гэта вельмі зручна і для мясцовых жыхароў, і для тых вяскоўцаў, якія прыязджаюць сюды з іншых населеных пунктаў. Наталля МАЦЮК
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.