Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праходзіць на Зэльвеншчыне (+Відэа)
1 285
–Дадатковая адукацыя сёння выконвае вельмі важную функцыю, – расказвае дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Багдановіч. – У аб’яднаннях па інтарэсах, арганізаваных на базе нашай установы, мы прапаноўваем падлеткам акунуцца ў атмасферу творчасці, знайсці занятак па душы, рэалізаваць крэатыўныя і інтэлектуальныя магчымасці. У нас працуюць гурткі рознай накіраванасці – дэкаратыўна-прыкладной, мастацкай, фізкультурна-спартыўнай, краязнаўчай і іншыя.
Падчас Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які праходзіць на Зэльвеншчыне з 4 па 10 верасня, адбыўся Дзень адчыненых дзвярэй. Вучні разам з бацькамі наведалі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. У выставачнай зале яны мелі магчымасць пазнаёміцца з прадстаўленымі тут работамі, зробленымі гурткоўцамі.
Акрамя гэтага, педагогі дадатковай адукацыі выязджаюць у школы раёна, дзе прэзентуюць сваю дзейнасць – арганізоўваюць выставы, праводзяць майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Падлеткі могуць паспрабаваць штосьці зрабіць уласнымі рукамі, прымаюць удзел у гульнёвых праграмах, віктарынах. Гэта дапамагае вызначыцца з гуртком, якому і аддаюць перавагу.
На бягучым тыдні таксама праходзяць кансультацыі для педагогаў-арганізатараў і педагогаў дадатковай адукацыі. Падчас такіх сустрэч абмяркоўваюцца пытанні якаснага суправаджэння вучэбна-выхаваўчага працэсу, арганізацыі насычанага вольнага часу дзяцей і моладзі.
–У мінулым навучальным годзе ў цэнтры працавала 63 аб’яднанні па інтарэсах, якія наведвалі 597 школьнікаў, – адзначае Святлана Цэзараўна. – Сёлета таксама пастараемся ахапіць дадатковай адукацыяй як мага большую колькасць дзяцей, асабліва ў шосты школьны дзень і канікулярны перыяд. Як і раней, заняткі для вучняў будуць бясплатнымі. На платнай аснове плануем арганізаваць гурткі “Чароўны бісер”, “Каратэ”, “Танцавальны” для дарослых, рэпетыцыйныя паслугі па вывучэнні польскай мовы. З гэтага навучальнага года ў склад нашай установы ўвайшоў цэнтр турызму і краязнаўства, таму падлеткі змогуць наведваць гурткі па турысцка-прыкладным мнагабор’і.
Дзверы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адчынены для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Тут іх чакаюць творчыя майстэрні, гульні, конкурсы і спаборніцтвы.
Наталля МАЦЮК.