У перыяд Божага Нараджэння каталікі святкуюць урачыстасць Аб’яўлення Пана, ці Трох каралёў

Там, дзе персідскія воды,

Адкуль выплывае заранка,

Тры мудрацы ў ззянні

Убачылі знак прадвесця…

Знак прадвесця, зорка Пана Езуса, свет хрысціянскай веры. Згодна з Евангеллем у Бэтлеем мудрацы, убачыўшы незвычайную зорку Караля Юдэйскага, прыйшлі з Усходу, каб пакланіцца Нованароджанаму Дзіцятку. Ушаноўваючы трох евангельскіх мудрацоў-каралёў, 6 студзеня хрысціяне святкуюць урачыстасць і збіраюцца ў святынях, каб прызнацца ў сваёй веры, пакланіцца Пану і праз малітву быць бліжэй да Бога. Зэльвенскія каталікі сабраліся на ранішнюю імшу ў касцёле Святой Тройцы.

У інтэнцыі зэльвенцы прыпомнілі не толькі трох каралёў, Святую Сям’ю, але і братоў, сясцёр сваіх праваслаўных, якія сённяшнім вечарам будуць сустракаць Нараджэнне Езуса Хрыста. Супольна ўзнеслі малітвы да Пана.

Разважаючы над Словам Божым, ксёндз Яцэк Маркель засяродзіў увагу прысутных на важным моманце:

У асобе трох мудрацоў увасабляюцца язычнікі, якія неслі святло веры, перадавалі яе праз пакаленні. Як некалі мудрацы складалі дары-скарбы, так і мы павінны ахвяраваць дар – дар веры. Ён павінен перадавацца ад пакалення да пакалення, ад дзядоў да бацькоў, ад бацькоў да дзяцей. Таму зорка веры гарыць у кожным сэрцы хрысціяніна, які павінен ісці дарогай да сапраўднага Божага Дзіцяці. Не павінны абыякавасць, лянота, меркаванне другіх пераканаць веруючага чалавека ў іншым шляху. Няхай Езус, які нас вельмі любіць, будзе заўсёды разам з намі!

Згодна з традыцыяй у гэты дзень былі асвечаны вада, кадзідла, крэйда, золата. Гэта азначае, што веруючы чалавек прымае Ўцелаўлёнага Сына Божага, аддае ў Яго рукі сваё жыццё і дом, дзе жыве ён, яго сям’я.

На дзвярах касцёла, а таксама дамоў і кватэр у свята Трох каралёў пішуцца тры літары С+М+В. Тры імёны каралёў Caspar + Melchior + Baltasar. Такім чынам, каталікі прызнаюцца ў тым, што яны сапраўдныя хрысціяне, якія не цураюцца сваёй веры, а іх дом ці кватэра адчынены насустрач Хрысту.

Успамінаючы імёны трох каралёў, трох мудрацоў, якія прыйшлі пакланіцца Пану, якія прынеслі яму свае дары, мы прызнаемся ў тым, што прызнаем веру ў Езуса Хрыста і ў дар прыносім свае чыстыя сэрцы, напоўненыя любоўю адзін да аднаго, добрыя ўчынкі, – лічыць сям’я Сцепанчук, якая на свята прыйшла ў трох пакаленнях. – Сёння, прыйшоўшы дамоў, старэйшы з роду асвенціць дом, напіша на дзвярах сімвалічныя літары і паблагаславіць родных.

Пазначыўшы крэйдаю дзверы дома ці кватэры (над уваходам) пачатковымі літарамі імёнаў трох мудрацоў К+M+Б і лічбай сёлетняга года 2024, хрысціянін просіць Каралёў стаць апекунамі над яго жыллём і сям’ёй.

  • Вячэрняя святочная імша распачнецца ў 18 гадзін.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены