У дзень святога Хрыстафора зэльвенскія каталікі памаліліся за ўраджайныя палеткі і асвяцілі аўтамабілі
25 ліпеня Касцёл узгадвае святога Хрыстафора, апекуна вадзіцеляў, маракоў, вандроўнікоў, падарожнікаў. У гэты дзень благаслаўляюцца кіроўцы і асвячаюцца розныя віды транспарту. Сёлета за шчаслівую дарогу і духоўны сэнс жыцця ўладальнікаў машын, веласіпедаў, самакатаў вернікі маліліся ў нядзелю, 26 ліпеня.

Напачатку святой імшы ксёндз Яцэк Маркель запрасіў парафіян ушанаваць святых Яўхіма і Ганну, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі. Яны з’яўляюцца заступнікамі сямейных пар. Затым усе сабраныя ў касцёле Святой Тройцы на чале са святарамі (у літургіі прыняў удзел ксёндз Ігар Мутрук) падзякавалі Богу за ўраджай гэтага года, папрасілі здароўя, сілы і моцы для хлебаробаў, асабліва пад час жніва.



– Які гэта цуд з аднаго зерня атрымаць мноства каласкоў, а з палеткаў сабраць багаты ўраджай і накарміць людзей, – адзначыў настаяцель касцёла. – Мы павінны гэта не толькі заўважаць і захапляцца нівай, але і не забываць, што хлеб – Божы дар. З павагай і пашанай адносіцца да яго.

Святая імша суправаджалася цудоўнымі спевамі касцёльнага хору. Пасля супольнай малітвы ксёндз Яцэк паблагаславіў уладальнікаў сродкаў і асвяціў транспарт. Трэба зазначыць, што гэта традыцыя не адносіцца да магічнага рытуалу, асвечаны – значыць прысвечаны Богу. Бог заўсёды з чалавекам, ён спадарожнічае яму як на блізкіх адлегласцях, так і ў далёкіх вандроўках. Галоўнае, верыць у божую ласку і з малітвай адпраўляцца ў дарогу.

Людміла ПОПКА
Комментарии отключены