У гарадскім пасёлку Зэльва працуе школьны базар
Крыху больш за месяц засталося да пачатку новага навучальнага года. І калі самі вучні яшчэ не задумваюцца аб школьных буднях, то бацькі ўжо заклапочана падлічваюць, колькі ім будзе каштаваць поўная экіпіроўка дзяцей да Дня ведаў.
– Апрануць, абуць, партфель са-браць – асноўная задача дарослых пры падрыхтоўцы дзіцяці да 1 верасня, – разважае вядучы таваразнавец Зэльвенскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Ала Пашкоўская. – Прыкладна з сярэдзіны лета штогод у райцэнтры працуе школьны базар, дзе можна набыць неабходныя для вучняў тавары. Традыцыйна гандлёвы аб’ект нашага філіяла размясціўся ў самым цэнтры пасёлка, каля магазіна «Стройматериалы» па вул. 17 Верасня. Тут можна знайсці прадукцыю амаль 20 вытворцаў, як айчынных, так і замежных.
Пацікавіцца, як наладжаны гандаль, мы накіраваліся на месца.
– У нас можна купіць усё патрэбнае для вучня, – расказвае, дэманструючы тавары, прадавец Таццяна Плаўская. – Вось школьная форма – сёлетняе паступленне. Ёсць сарочкі, касцюмы, штаны, спадніцы і сарафаны для дзяцей рознага ўзросту. У наяўнасці туфлі, спартыўны абутак і форма, панчошна-шкарпэтачныя вырабы. На адной з паліц – партфелі і рукзакі. Немалы выбар канцылярскай прадукцыі – сшыткі, ручкі, алоўкі, фарбы, пэндзлікі, альбомы для малявання, фламастары, клей, пластылін, каляровая папера, кардон, лінейкі, пеналы, гумкі… Усё, як кажуць, на любы густ і кашалёк.
Дарэчы, школьны базар тут прапісаўся да 31 жніўня. Працуе ён штодзённа з 10 да 14 гадзін, акрамя панядзелка.
Больш шырокі асартымент тавараў для школьнікаў можна знайсці ў магазінах «Универмаг» і «Обувь», якія знаходзяцца ў крокавай даступнасці. Апроч таго, ва ўнівермагу і магазінах аграгарадкоў арганізаваны куткі школьніка з адпаведнай групай тавараў.
Як запэўніваюць прадаўцы, ажыятажу сярод пакупнікоў пакуль няма. Таму ў бацькоў яшчэ ёсць час сумясціць свае фінансавыя магчымасці з пажаданнямі дзяцей.
Наталля МАЦЮК.
