У каталікоў распачаўся калядны пост. Да яго далучыліся і зэльвенскія парафіяне
Перыяд посту, які распачаўся ў каталіцкім Касцёле сёлета 3 снежня, гэта час разважання, асэнсавання сваіх учынкаў, слоў, паводзін. Таксама дні, калі вернікі павінны праводзіць у шчырай малітве, як часцей наведваць імшы, асабліва раратнія, і рыхтаваць сябе, свае душы да сустрэчы з народжаным Панам. На гэта засяродзіў увагу зэльвенскіх парафіян ксёндз Яцэк Маркель на пачатку Адвэнту.

Першаснежаньская нядзельная імша адрознівалася ад іншых. Святыню ўпрыгожвала цудоўная фігурка маленькага Божага Дзіцяці, якое пачынала свой шлях па ступеньках Адвэнту. 4 ступені сімвалізуюць чатыры тыдні, за якія хрысціяне павінны ачысціць свае сэрцы, працерці вочы, адказацца і адкінуць ад сябе грахі і з нецярпеннем чакаць Божага нараджэння. Прыгожа глядзеліся і адвэнтовыя вяночкі, якія вернікі падрыхтавалі спецыяльна да службы, каб пасвенціць іх, а дома маліцца перад запаленымі свечкамі. На кожны тыдзень – асобная свечка, сімвал адвэнтовага тыдню.

Узрушалі душу і галоўны касцельны вяночак з свечкамі, адна з якіх была ўжо запаленая: першы тыдзень посту распачаўся, і аплаткі, якія ў гэты дзень асвячаюцца і захоўвацца да святаў, і разважанні святара, і адрасаваны пастырскі ліст.


У звароце біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча галоўнай думкай прайшлі словы, што Адвэнт – гэта запрашэнне да настрою смутку па Збаўцы і чаканне Яго прыходу.
– У перыяд посту неабходна шчыра падрыхтаваць свае сэрцы да сустрэчы з Езусам Хрыстом, які да веруючых людзей прыходзіць у Таямніцы Нараджэння. Традыцыя Касцёла заахвочвае нас адмовіцца ад гучных забаў, сканцэнтраваць сваю ўвагу на духоўнасць. Як часцей маліцца, слухаць Божае Слова, прымаць Святы Сакрамэнт. Па меры магчымасці, пажадана як часцей, удзельнічаць у імшы, не прапускаць раратнія малітвы. Час духоўнага разважання таксама павінен стаць часам аднаўлення, добрых учынкаў і міласэрнасці, паяднання з бліжнімі і Богам. Звярніце ўвагу на людзей, якім патрэбна дапамога, добрае слова і падтрымка, – гаварылася ў лісце.
– У гэтым годзе вігілійны перыяд кароткі – усяго 21 дзень. І ў гэты час у дамах і сем’ях павінна панаваць атмасфера дабра, спачування і малітвы, па-сапраўднаму хрысціянская атмасфера падрыхтоўкі да свята Божага нараджэння. Жадаю, каб Адвэнт стаў часам глыбокага аднаўлення веры, ажыўлення надзеі і ўзрастання любові да Бога і бліжняга, – пажадаў ксёндз-біскуп.



Напрыканцы нядзельнай імшы ксёндз Яцэк асвяціў адвэнтовыя свечкі, аплаткі і вяночкі. Ужо сёння падчас сустрэчы з дзецьмі і моладдзю распачнецца духоўная падрыхтоўка да сустрэчы Хрыстуса.

Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены