У музеі народнага побыту в.Крываконна правялі абрад «Саракі»

Работнікі ўстановы культуры аграгарадка Бародзічы актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце магчымасці музея сялянскага побыту, які дзейнічае ў вёсцы Крываконна.

У рамках праекта “Вандраванне ў мінулае” ў музеі праводзяцца экскурсіі, падчас якіх наведвальнікам расказваюць пра жыццё і працу нашых продкаў, сямейныя адносіны і г.д. Асаблівую цікаўнасць у малодшага пакалення выклікаюць экспанаты музея – тагачасныя прылады хатняга ўжытку і працы.  

На мінулым тыдні музей наведалі першакласнікі СШ №3 разам з настаўніцай М.К.Рында. Нам было прыемна назіраць, як гарэлі вочы хлопчыкаў і дзяўчынак, калі яны разглядалі тэматычныя экспазіцыі.  

Каб прывіць цікавасць да культурна-гістарычнай спадчыны, культработнікі падчас такіх экскурсій выкарыстоўваюць інтэрактыўныя прыёмы. Знаёмячыся з народнымі абрадамі і традыцыямі, дзеці з задавальненнем уключаюцца ў народныя гульні.

Паколькі экскурсія праходзіла 22 сакавіка (у гэты дзень нашы продкі адзначалі другую сустрэчу вясны), хлопчыкам і дзяўчынкам прапанавалі паўдзельнічаць у абрадзе “Сорак саракоў”. Вучням растлумачылі сэнс пасловіцы “На Саракі дзень з ноччу мераецца”. А яшчэ расказалі, што гаспадыні пяклі з цеста птушачак з распасцёртымі крыламі і раздавалі дзецям. А тыя выбягалі на вуліцу і клікалі жаўранкаў, якія прыносілі на сваіх крылах вясну.

Затым дзяўчынкі надзелі на галовы вяночкі, завялі карагод, заклікаючы: “Жаўраначкі, жаўраначкі, забярыце зімку, і вярніце нам вясну-цяпленьку”.

Атрымаўшы ў падарунак печаных птушачак, дзеці склалі свае пажаданні: каб усе былі здаровымі, неба – мірным, а жаўранкі заўсёды спявалі ў небе свае цудоўныя песні па ўсім свеце.

Рэжысёр аддзела па арганізацыі культурна-досугавай дзейнасці Вера Рыбарчык

Вам может быть интересно

Комментарии отключены