У раённе прайшла летняя спартакіяда
Удзел у раённай летняй спартакіядзе прынялі каля 200 прыхільнікаў здаровага ладу жыцця з дзевяці сельсаветаў і дзевяці арганізацый раёна.
Распачалося спартыўнае свята на стадыёне “Колас” урачыстым шэсцем каманд.
– Правядзенне раённых спаборніцтваў сярод сельсаветаў, арганізацый і прадпрыемстваў стала ў раёне добрай традыцыяй, – падкрэсліў, адкрываючы мерапрыемства, старшыня раённага Савета дэпутатаў Канстанцін Бердніковіч. – Асабліва прыемна, што з кожным годам колькасць зэльвенцаў, якія далучаюцца да здаровага ладу жыцця, павялічваецца.
Канстанцін Іванавіч назваў працоўныя калектывы, якія сябруюць з фізкультурай і спортам, пастаянна ўдзельнічаюць у раённых спаборніцтвах. Сярод іх – аддзел адукацыі, спорту і турызму, цэнтральная раённая бальніца, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, Сынкавіцкі, Галынкаўскі і Каралінскі сельсаветы.
Права падняць Дзяржаўны сцяг было прадастаўлена Ганне Каленка, капітану каманды ад-дзела адукацыі, спорту і турызму, пераможцы мінулагодняй спартакіяды.
Пасля ўрачыстай часткі каманды разышліся па спартыўных пляцоўках, на якіх праходзілі спаборніцтвы. Праграма спартакіяды была вельмі разнастайнай і ўключала 8 відаў спорту: дартс, кіданне мяча ў баскетбольнае кольца, лёгкаатлетычную эстафету, перанос цяжару, кіданне бервяна, скачкі з месца, перацягванне каната, барацьбу сумо.
Стадыён “Колас” на некалькі гадзін ператварыўся ў сапраўдны алімпійскі гарадок. У спаборніцтвах удзельнічалі людзі рознага ўзросту і розных прафесій. Побач з маладымі спартсменамі выступалі і тыя, хто ўжо не аднаразова адстойваў гонар сваіх калектываў. Сярод іх – Яўгеній Дораш (ЦРБ), Ганна Каленка і Генадзій Галаско (аддзел адукацыі, спорту і турызму) і іншыя.
Сярод традыцыйных відаў спорту сёлетняя праграма спартакіяды ўключала конкурс “Прагулка фермера”. Перад спарт-сменамі стаяла задача перанесці гімнастычны снарад вагой 100 кілаграмаў. Перамог у гэтым выпрабаванні Іван Мацюк (аддзел адукацыі, спорту і турызму). Другое месца заняў Андрэй Пачабыт (Дзярэчынскі сельсавет), трэцяе – Аляксей Баранскі (РАНС).
У скачках з месца ў даўжыню золата заваявалі спартсмены аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сярэбранымі прызёрамі сталі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, бронзавымі – цэнтральнай раённай бальніцы.
У апошнія гады шырокай папулярнасцю сярод удзельнікаў спартакіяды карыстаецца конкурс “Кіданне бервяна”. У гэтым экстрымальным відзе спаборніцт-ваў на першую прызавую пры-ступку падняўся Дзмітрый Міскевіч (Зэльвенскі сельсавет), другую – Артур Радзевіч (Сынкавіцкі сельсавет) і трэцюю – Аляксандр Канаховіч (ДРБУ-118).
У дартсе спаборнічалі старшыні сельсаветаў, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў. Лепшы вынік паказаў старшыня
Галынкаўскага сельсавета Руслан Архіпчык, які прынёс сваёй камандзе 31 ачко. Другое месца заняла прадстаўнік РУП ЖКГ Святлана Копач (24), трэцяе – начальнік ДРБУ-118 Андрэй Казлоўскі(21). Трэба адзначыць, што ўдзел укіраўнікоў працоўных калектываў спартакіядзе – добры прыклад для спартсменаў.
У кіданні мяча ў баскетбольнае кольца самымі трапнымі былі прадстаўнікі Сынкавіцкага сельсавета. Другое месца занялі спартсмены Каралінскага, трэцяе – Славаціцкага сельсаветаў.
У лёгкаатлетычнай эстафеце перамогу атрымалі сынкавіцкія спартсмены. Другое месца ў прадстаўнікоў Крамяніцкага, трэцяе – Дзярэчынскага сельсаветаў.
Як заўсёды, захапляльнымі былі спаборніцтвы па японскай барацьбе сумо. Тут у адной вагавай катэгорыі выступалі спарт-смены рознага узросту. Паядынкі праходзілі напружана – сапернікі не ўступалі адзін аднаму і змагаліся да апошняга. Балельшчыкі апладысментамі пад-трымлівалі барцоў. Сапраўдны байцоўскі характар, сілу і волю да перамогі паказалі прызёры гэтага віду спаборніцтваў. Усе паядынкі завяршыў перамогай Іван Мацюк (аддзел адукацыі, спорту і турызму). Сярэбраным прызёрам стаў Сяргей Юшчык (ДРБУ-118), бронзавым – Аляксей Баранскі (РАНС).
Упартая барацьба разгарнулася ў самым азартным відзе праграмы – перацягванні каната. У фінальнай сустрэчы першае месца дасталося камандзе ДРБУ-118. На другую прызавую прыступку падняліся спартсмены РАНС, трэцюю – аддзела адукацыі, спорту і турызму.
У агульным заліку найбольш балаў набрала каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму. Другое месца занялі спартсмены РАНС, трэцяе – Сынкавіцкага сельсавета. Усе гэтыя каманды адзначаны кубкамі, граматамі і грашовымі прэміямі.
Узнагароды таксама атрымалі спартсмены, якія прадэманстравалі лепшыя дасягненні ў асобных відах спаборніцтваў, і актывісты спартыўнага руху.
Трэба адзначыць, што прайграўшых у спартакіядзе не было. Кожны з удзельнікаў дабіўся сваёй асабістай перамогі – далучыўся да здаровага ладу жыцця.
Віктар МАКОЎСКІ.