У СВК «Галынка» прыступілі да веснавых палявых работ
Сёлетні сакавік выдаўся надзвычай цёплым. Але з гэтай прыроднай неспадзяванкі аграрыям дзівіцца няма калі –зямля чакаць не будзе. У ліку першых прыступілі да веснавых палявых работ земляробы СВК “Галынка”.
– Так рана сеяць мы пачыналі рэдка, – адзначае намеснік старшыні гаспадаркі па раслінаводстве Аляксандр Мацкевіч. – Упэўнены, што такая аператыўнасць дазволіць правесці сяўбу яравых у вызначаны тэрмін.
Яравы клін у гаспадарцы сёлета зойме крыху больш чым дзве тысячы гектараў, якія адведзены пад пшаніцу, ячмень, авёс, зернебабовыя і іншыя культуры. Арганізавана падкормка азімых, уносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, вядзецца перадпасяўная апрацоўка глебы і падсеў шматгадовых траў.
Па словах Аляксандра Міхайлавіча, каб хутка ўправіцца з пасяўной, механізатарам даведзена канкрэтнае заданне. Кожны разумее, што ад захавання агранамічных тэрмінаў залежыць вельмі многае.
Свой “Беларус” Дзяніс Радзіон выводзіць у поле ўжо не адну вясну. За першы дзень ён пасеяў авёс на 40 гектарах.
Па дружным пачатку веснавых палявых работ і па настроі аграрыяў можна сцвярджаць, што пасяўная пройдзе зладжана і ў тэрмін.
Віктар МАКОЎСКІ.