У ЦСАН адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Малюся Слову”

Да крыўднага мала пражыў на зямлі добры паэт і цудоўны чалавек Анатоль Грачанікаў. Ён пакінуў нам запавет: На свеце добра жыць, Калі дабро тварыць, І гаварыць, і пець на мове праўды, І не лічыць, каму і колькі даў ты, А вось каму павінен – не забыць. Чарговае пасяджэнне клуба “Малюся Слову” ЦСАН і было прысвечана гэтаму паэту.

Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў па прафесіі быў інжынерам-чыгуначнікам. Але і інжынерам чалавечых душ быў адмысловым. Шмат пісаў ужо тады, калі вучыўся ў Гомельскім інстытуце чыгуначнага транспарту, але асабліва плённа падчас і пасля вучобы ў Маскоўскім літаратурным інстытуце.

Крытыка вельмі прыхільна сустрэла яго першы зборнік “Магістраль”, у якім ён аддаў даніну глыбокай пашаны тым, з кім пачынаў працоўны шлях – чыгуначнікам.

Калі мне стане горка,
І ў спёку, і ў слату,
Чыгуначная горка,
Я да цябе іду.
Чыгуначная горка,
Я аднаго прашу:
Ты пуцявінай зоркай
Мне асвятляй душу.
(«Сартавальная горка»)

і як інжынер-чыгуначнік (працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе), як важак моладзі (узначальваў Гомельскі абкам камсамола), але і як супрацоўнік газет і часопісаў (у 1969-1971 гг. – штотыднёвіка “ЛіМ”, у 1976-1982 гг. – часопісаў “Вясёлка ” і “Бярозка”, у 1982-1991 гг. – “Маладосці”). Некалькі гадоў быў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Ураджэнец рэгіёна, што найбольш пацярпеў ад чарнобыльскай трагедыі, са скрухай пісаў:

Ах, Чарнобыль, Чарнобыль,
Чарнобыль,
Неславутая ў свеце АЭС,
Ты ў свае паглынула вантробы
Наша поле, і рэчку, і лес…
(“Ах, Чарнобыль”)

А ён так любіў сваю малую радзіму! Менавіта вёска Шарпілаўка – самы мілы на зямлі куточак. Там перажыты ваенныя і пасляваенныя нягоды (“Абеліскі, абеліскі, вас мы бачым з самае калыскі”), там ён, “абвіты радасцю і болем”, не верыць, “што мала на свеце даверу”, там адчувае “закончаную яснасць у прыродзе”, бо “дабратой прасвечана Айчына…”

Любоў у самым шырокім сэнсе слова – да роднай зямлі, блізкіх людзей, каханай, дзяцей, усяго прыгожага і гарманічнага – і стала найтрывалейшым матэрыялам для творчасці. Гармонію паэт адчуваў у самым звычайным, будзённым.

Як добра, што ёсць яшчэ гэта на свеце:
Дожджык сонечны ловяць дзеці,
Гром паблажэла рохкае недзе,
І хлопчык абшарпаны весела едзе
Па лужынах цёплых на веласіпедзе.
(“Як добра…”)

І як жа хацелася паэту, каб і яго слова дапамагло гарманізаваць гэты свет, ратаваць чалавека ў горы!

Я не рабіў нікому злога. Мая віна, што не заўжды Маё спагадлівае слова Вас ратавала ад бяды. (“Я не рабіў нікому злога”)

Дэкламавалі творы паэта практычна ўсе ўдзельнікі імпрэзы: Ала Бутакова, Алена Еўдакімава, Надзея Жамойціна, Галіна Карнач, Галіна Ляонік разам з унучкай Лізаветай, Таццяна Мананнікава, Тамара Месячык, Святлана Мацкевіч, Валерыя Селівёрстава, Ларыса Сталпец… Вельмі даспадобы прыйшліся тыя вершы, афарыстычныя радкі з якіх хацелася паўтараць, як лекі:»Ад сытасці ніхто не паміраў, але задышкай мучацца ад сытасці», «Шкада, што чалавек так горка мучыцца і паважаць другіх так позна вучыцца», «Калі добра вам жыць, дык забудзьце мяне, і паклічце, калі бяда»

Грачанікаў добра вядомы і як аўтар папулярных песень. У свой час Марыя Пахоменка зачароўвала публіку “Дударыкамі” паэта, а Яраслаў Еўдакімаў – “Белай лілеяй” (удзельнікі пасяджэння мелі магчымасць успомніць гэтыя музычныя шэдэўры).

У вершы “Максіму Багдановічу” Грачанікаў пісаў:

Калі паміраюць паэты, Што ні перад кім не гнуцца, – У чалавецтва прасветы На ўсе вякі застаюцца

Нам здаецца, што і творчасць самога Грачанікава застанецца такім светлым промнем для многіх пакаленняў, “што ў добрай памяці людской” будзе жыць яго кранальнае слова.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены