У Зэльвенскай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Малюся Слову”

Чарговае пасяджэнне літаратурных клубаў “Ліра” (раённая бібліятэка) і “Малюся Слову” (дзённае аддзяленне ЦСАН) было прысвечана песеннай творчасці беларускіх паэтаў. А паколькі размова ішла пра песні, то да аматараў паэзіі ахвотна далучыліся і члены музычнага клуба “Спявай, душа!” таго ж дзённага аддзялення ЦСАН.

Iмпрэза адбывалася ў сценах бібліятэкі. Вялі яе кіраўнікі названых вышэй аб’яднанняў Наталля Цынс, Яніна Шматко і Вера Тукальская. Узбагаціла і аздобіла ўсю дзею прэзентацыя, падрыхтаваная Наталляй Цынс і Марынай Варабей.

Такім чынам да змястоўнай славеснай інфармацыі далучылася і візуальная. Ды якая! Прысутныя любаваліся краявідамі Беларусі, калі гучалі песні на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Канстанцыі Буйло, Уладзіміра Карызны, Алеся Бачылы. Разам з закаханымі перажывалі горыч расстання (“Зорка Венера” М.Багдановіча, “Алеся” А.Куляшова) або радасць сустрэч (“Ручнікі” В.Вярбы, “Толькі з табою” ды “Як правёў мяне Цімох” А.Русака); ледзь не пускаліся ў скокі разам з ансамблем “Бяседа”, што выконваў “Вечарынку” Уладзіміра Мазго…

Каб прысутныя адчулі ўвесь трагізм сітуацыі, у якой гераіня павінна была спяваць ворагам, бібліятэкары паказалі ўрывак з кінафільма “Гадзіннік спыніўся апоўначы” (песню “Не магу я знайсці тое слова” напісаў Адам Русак).

Калі песні не гучалі з медыяэкрана, іх выконвалі члены клуба “Спявай, душа!” Станіслава Прызван, Галіна Антановіч, Таццяна Мананнікава, Валерыя Селівёрстава, Вера Тукальская.

Вядучыя стараліся нагадаць гісторыю стварэння кожнага твора. Вось знакамітая “Алеся” Аркадзя Куляшова. Немагчыма паверыць, але шэдэўр сусветнай паэзіі быў напісаны 14-гадовым юнаком! Закаханы ў старэйшую за яго на 2 гады дзяўчыну, хлопец стварыў цэлую паэму, але агучыў яе толькі для малодшай сястры. Прачытаў – і спаліў, пакінуўшы для верша толькі невялікую частку твора. Затое якую!


Бывай, абуджаная сэрцам,
дарагая.
Чаму так горка,
не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне,
што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго,
якому ружавець.
Пайшла, пакінуўшы мне
золкі і туманы,
Палынны жаль смугой
акутаных дарог,
Каб я хвілінаю
нанесеныя раны
З гадамі ў сэрцы
заглушыць сваім не мог…

У 60-ыя гады мінулага стагоддзя ці не кожны калектыў мастацкай самадзейнасці ўключаў у свой рэпертуар песню “Ручнікі”. Не ўсе і здагадваліся, што гэта не народная песня, а верш маладой паэткі Веры Вярбы.
Славутая песня “Бывайце здаровы” Адама Русака ўпершыню як верш з’явілася ў лісце да бацькоў. Студэнт Ленінградскай кансерваторыі ў вершаванай форме вітаў сваіх блізкіх, радаваў іх жартоўнымі пажаданнямі. Сябры Адама аддалі верш-ліст у “ЛіМ”, дзе яго і заўважыў кампазітар Ісаак Любан. Як развітальная, песня прагучала на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940-м годзе – і стала вядомай на бязмежных прасторах Савецкага Саюза. Міхаіл Ісакоўскі пераклаў яе на рускую мову, і доўгі час песню лічылі класікай расійскай культуры.

Слухаючы любімыя з дзяцінства песні, прысутныя не-не ды згадвалі любімых выканаўцаў: Тамару Раеўскую, Валянціну Пархоменка, Ганну Радзько, незабыўных “Песняроў”. Памятаюць, што разам з Марыяй Адамейка і Ганнай Аўдзеенка спявала і прадстаўніца таленавітага роду Казакеві-
чаў – Раіса. Пашкадавалі, што малодшая за Раісу Станіслава адмовілася ад прапановы кіраўніка хору Цітовіча, не ўлілася ў знакаміты калектыў. Безумоўна, што лёс яе склаўся б зусім інакш… (Затое зэльвенцы маюць магчымасць слухаць Станіславу Прызван!”).
Са шкадаваннем развітваліся ўдзельнікі імпрэзы з песнямі маладосці. Нават падумалі, што дарэмна не запрасілі на пасяджэнне старэйшых школьнікаў: няхай бы моладзь параўнала мінулыя і сённяшнія шэдэўры. Магчыма, нешта і ім спадабалася б…

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены