У Зэльвенскім раёне прайшоў тыдзень дзіцячай кнігі
Веснавыя школьныя канікулы, як звычайна, распачаліся Тыднем дзіцячай кнігі. Кожны яго дзень работнікі дзіцячай раённай бібліятэкі пастараюцца зрабіць захапляльным і разнастайным. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць літаратурныя вандроўкі, віктарыны і конкурсы, гучныя чытанні і інсцэніроўкі. Напрыканцы Тыдня будуць падведзены вынікі конкурсу “Лепшы чытач года”.
Асабліва запамінальным стала адкрыццё свята кнігі, якое прайшло ў раённым Доме культуры. Вядучыя мерапрыемства – Каралева Кніга (Дар’я Кіцун) і Прынцэса Ведаў (Насця Фядосава) – запрасілі прысутных у падарожжа па краіне казак. З гульнямі, загадкамі і цікавымі пытаннямі яны вялі вучняў пачатковых класаў па старонках твораў. Маленькія гледачы ледзь стрымлівалі свае эмоцыі ад сустрэчы з любімымі літаратурнымі персанажамі і актыўна ўдзельнічалі ў імпрэзе. Юным чытачам неабходна было паказаць свае веды, праявіць кемлівасць і дапытлівасць. Дзеці ўспаміналі ўрыўкі з прачытаных кніг, з задавальненнем удзельнічалі ў захапляльных літаратурных спаборніцтвах і турнірах. Казачныя героі раілі юным чытачам беражліва адносіцца да кніг і падручнікаў, сябраваць не толькі з інтэрнэтам і тэлевізарам, але і з бібліятэкай. Бо яна крыніца ведаў.
Для равеснікаў артысты лялечнага гуртка, які дзейнічае пры бібліятэцы, падрыхтавалі новую пастаноўку “Кот, пятух і ліса”, у якой паказваліся сапраўдныя сяброўскія адносіны. Дзеці малодшага школьнага ўзросту не проста выканалі складаныя ролі галоўных персанажаў казак, а вельмі тонка і дасціпна перадалі характар кожнай асобы. За што бібліятэкары ўсім удзельнікам выказваюць удзячнасць.
Са сцэны гучала шмат вясёлых песень у выкананні вучаніц сярэдняй школы №2, якія займаюцца ў Наталлі Маўчун. Цікавыя музычныя і танцавальныя нумары падрыхтавалі чацвёртакласнікі Караліна Бусловіч, Крысціна Кірвіда, Улад Панасік.
Спадзяёмся, што адкрыццё свята кнігі падарыла ўсім прысутным добры настрой і зарад бадзёрасці на ўвесь канікулярны час. Чакаем рабят у бібліятэцы: карыснае і прыемнае падарожжа ў краіну кнігі працягваецца.
Марыя Сітко, загадчыца дзіцячай раённай бібліятэкі.