Учитель учится всю жизнь
Так лічыць і Іна Генадзьеўна Міхайлава, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №3 г.п.Зэльва, бо “бясконца даводзіцца вучыцца – у навукоўцаў, вучняў, калег, дарэчы, у самой сябе”.
Пачынала Іна Міхайлава свой прафесіянальны шлях пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна больш за 20 гадоў таму ў Каралін-скай сярэдняй школе. Учарашнюю студэнтку-выдатніцу ў калектыве сустрэлі як добрую знаёмую. Крэдыт даверу Іне Генадзьеўне не спатрэ-біўся. Яна з першых дзён работы заявіла аб сабе працавітасцю і імкненнем хутчэй праверыць на практыцы тэарэтычныя веды. Калі нешта не атрымлівалася, не скардзілася, уважліва ставілася да рэкамендацый старэйшых калег. Нават да самага простага даручэння заўсёды падыходзіла ўдумліва і надзвычай карпатліва. Гэтаму вучыла яшчэ ў дзяцінстве яе бабуля, дарэчы, таксама педагог. Не апошнюю ролю ў прафесійным стаўленні мелі і бацькі.
Праца маладога педагога, асабліва на першым годзе настаўніцтва, патрабавала шмат часу. Трэба было дэталёва прадумаць моманты ўрока, падрыхтаваць дыдактычны матэрыял і нагляднасць. Для гэтага часта даводзілася перачытваць даведнікі і педагагічную літаратуру. Але адказы не на ўсе пытанні можна было знайсці ў кнігах. Іна Генадзьеўна ўспамінае, як у такіх сітуацыях па парады звярталася да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Святланы Мікуцік.
У 1991 годзе, пасля адкрыцця СШ №3 г.п.Зэльва, настаўніца перайшла сюды на працу. А ўжо сёння за плячамі педагога – не адзін выпуск.
– Я стараюся, каб мае вучні не толькі добра чыталі і пісалі без памылак, але і раслі творчымі людзьмі, – гаворыць Іна Генадзьеўна. – І радуюся разам з імі кожнаму, нават нязначнаму, іх поспеху. У любы момант гатова са сваімі вучнямі здаць нават самы адказны экзамен.
Што вучацца яе выхаванцы з вялікім задавальненнем, не ўзнікае і сумненняў. У час сустрэчы з настаўніцай асабліва ўразіла, з якой пяшчотай яна адносіцца да кожнага са сваіх маленькіх вучняў: то абдыме-прыгалубіць, то падорыць ветлівую ўсмешку, то назаве ласкавым словам… І разумее яе дзетвара з паўслова.
Нягледзячы на тое, што зараз Іна Міхайлава – педагог вышэйшай катэгорыі, і сёння да заняткаў рыхтуецца не менш адказна, чым калісьці нявопытнай у маладосці. Чытае розныя спецыяльныя часопісы і газеты, набывае педагагічную літаратуру, карыстаецца інтэрнэтам. У адносінах з дзецьмі галоўным лічыць наладзіць духоўны кантакт, паважліва да іх адносіцца і стварыць добразычлівую атмасферу на ўроках. Упэўнена, што іменна ў гэтым залог паспяховага вырашэння задач, якія стаяць сёння перад настаўнікамі пачатковых класаў.
Вучні і калегі лічаць яе адным з лепшых педагогаў сваёй школы, цэняць за справядлівасць і дабрыню. Моцную падтрымку аказвае Іна Генадзьеўна адораным дзецям. Навучальны матэрыял не прапаноўвае ў выглядзе маннай кашы, якую лёгка праглынуць, а вучыць школьнікаў грызці цвёрдыя арэхі навукі. І гэта дае станоўчыя вынікі. Яе выхаванцы неаднаразова былі прызёрамі раённых алімпіяд сярод вучняў пачатковых класаў.
Настаўніца не саромеецца пры-знаць, што дзякуючы вучням яна рэалізавала сябе як педагог. За ўсе гады працы Іна Генадзьеўна ні разу не пашкадавала, што прыйшла ў школу.
Усе, хто ведае Іну Міхайлаву, адзначаюць яе цудоўны густ, уменне бачыць прыгажосць і ствараць яе сваімі рукамі. Калег і адміністрацыю ўстановы настаўніца не перастае здзіўляць выдумкай. Дзякуючы фантазіі, стандартныя класныя вугалкі і іншыя інфармацыйныя стэнды ўдала ўпісваюцца ў агульны дызайн кабінета. Знаходзіцца тут месца і для работ, зробленых дзіцячымі рукамі, і для метадычных дапаможнікаў.
За шматгадовую плённую працу І.Г.Міхайлава неаднаразова адзначалася ўзнагародамі. Хочацца пажадаць Іне Міхайлавай – гэтай прыгожай жанчыне і таленавітаму педагогу – новых творчых знаходак, добрых вучняў, а самае галоўнае, моцнага здароўя, каб яшчэ доўгія гады яна магла займацца любімай справай.