Учиться никогда не поздно
Ужо па назве дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі дарослых “Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Зэльвенскага райвыканкама” можна меркаваць аб тым, што прафесійныя веды тут могуць атрымаць людзі рознага ўзросту – ад выпускнікоў агульнаадукацыйных школ да работнікаў са стажам. З дырэктарам Васілём Качуком гутарым пра вынікі бягучага года, а таксама задачы, якія стаяць перад калектывам.
– Гэты год для нас плённы – асноўныя паказчыкі вытворчага плана выкананы. 464 чалавекі розных прафесій прайшлі курсы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, а таксама павышэння кваліфікацыі. Абучылі 34 вадзіцелі калёсных трактараў катэгорыі “В” і самаходных машын катэгорыі “D”, 53 чалавекі атрымалі пасведчанні катэгорыі “F”. Закончылі ў нас курсы 75 манціроўшчыкаў шын і шынапнеўматычных муфт, 66 аператараў збожжаачышчальных і сушыльных агрэгатаў, якія працуюць на цвёрдым і вадкім паліве. Павысілі кваліфікацыю аператары машыннага даення (29 чалавек), рабочыя жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм, электрагаза-зваршчыкі (31 чалавек), механізатары (70 чалавек), якія працуюць на збожжаўборачных камбайнах і энерганасычаных трактарах. Акрамя таго, 26 чалавек прайшлі курсы па рабоце з кустарэзамі і іншым інструментам, 15 грамадскіх інспектараў – па ахове працы. Вялікая колькасць вадзіцеляў і механізатараў СВК, прадпрыемстваў раёна праслухалі курс па ахове працы, бяспецы дарожнага руху.
– Васіль Віктаравіч, як вядома, каб забяспечыць якасны вучэбны працэс, патрэбна адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база, спецыялісты…
– Наш цэнтр мае для гэтага ўсе магчымасці. Заняткі праводзяць майстар вытворчага навучання па жывёлагадоўлі Валянцін Пекарэц, старшы майстар Уладзімір Бартош (тэхнічны накірунак, чарчэнне, устройства трактараў і сельскагаспадарчых машын). Гэта спецыялісты, за плячамі якіх вялікі стаж работы ў дадзенай галіне, яны маюць спецыяльную адукацыю. Добрыя навыкі даюць выкладчыкі з адпаведнымі спецыяльнасцямі і кваліфікацыямі, якіх мы запрашаем для правядзення заняткаў з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дылерскіх цэнтраў і г.д. Маем пяць вучэбных класаў, кабінет практычных заняткаў, трактары “МТЗ-803”, “Беларус-1221”, камбайн “Бізон-Z110”, прычапны і навясны сельскагаспадарчы інвентар для вучэбных мэт. Садзейнічаюць у навучанні людзей і спецыялісты з вытворчых аб’яднанняў “Гомсельмаш”,
“Лідааграпраммаш”. Практыкуем выязныя заняткі непасрэдна на мехдварах, малочнатаварных фермах. Зараз, напрыклад, працуем у філіяле “Князева”. Тут сфарміраваны групы аператараў машыннага даення, рабочых жывёлагадоўчых ферм, 25 вадзіцеляў і механізатараў павышаюць свой узровень ведаў па ахове працы і бяспецы дарожнага руху.
Усе слухачы, нягледзячы на ўзрост і стаж работы, праходзяць тэарэтычныя і практычныя заняткі, пасля чаго здаюць кваліфікацыйны экзамен.
– Ці можна ўжо гаварыць пра планы на 2014 год?
– Безумоўна. Плануем арганізаваць курсы без адрыву ад вытворчасці па перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі механізатарскіх кадраў. Як паказаў бягучы год, найбольш запатрабаваны катэгорыі “В”, “D”, “F”, манціроўшчыкі шын і шынапнеўматычных муфт, электрагазазваршчыкі.
Будзем і далей праводзіць заняткі ў сельскагаспадарчых кааператывах, падтрымліваць цесную сувязь з арганізацыямі пасёлка, прадпрыемствамі, падведамнымі Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Падрыхтоўка кадраў для вёскі – задача адказная і актуальная, і мы прыкладзём усе намаганні, каб яе выканаць.