Урачыстасць Божага Цела каталікі адзначылі прыгожай працэсіяй па вуліцы Зэльвы
8 чэрвеня, у шасцідзесяты дзень пасля Вялікдзеня, хрысціяне каталіцкага веравызнання адзначалі свята Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана. З гэтай нагоды 11 чэрвеня, у нядзелю, адбылося святочнае шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам ад фігуры Пана Езуса да касцёла Святой Тройцы.

– Сённяшнім днём Пан у Эўхарыстыі пакідае сцены святыні і ідзе па вуліцы населенага пункта, за ім крочаць хрысціяне, якія прызнаюцца ў сваёй веры і ўрачыстай працэсіяй праслаўляюць Пана, — адзначыў пробашч Яцэк Маркель.



У паклоне каталікі схіліліся перад Сакрамэнтам каля фігуры Пана Езуса. А далей на чале з крыжам, харугвамі, ружанцам пайшлі са спевам па вуліцы Пушкіна да касцёла. Прыгожымі пялёсткамі ўсцілалі дарогу дзяўчынкі , якія тыдзень назад прынялі Першую Камунію. Іх равеснікі – хлопчыкі – паўтаралі словы малітвы.



Ксёндз з манстранцыяй у рукаў крочыў ад аднаго алтара да другога, і каля кожнага рабіў прыпынак, каб прачытаць кароткі ўрывак з Евангелля і благаславіць удзельнікаў шэсця.



На працягу ўсяго маршрута гучаў прыгожы спеў, які не заглушаў шчырую малітву зэльвенцаў. Як і заўжды, шматлікая калона прыблізілася да святыні, дзе прадоўжылася імша.









– На Зэльвешчыне ёсць святыні, дзе гучыць Божае Слова, ёсць святары, якія духоўна лечаць кожнага, хто пераступае парог святыні, ёсць прыклад старэйшага пакалення, бацькоў рэлігійнага выхавання сваіх унукаў, дзяцей, — звярнуўся святар да парафіян. – Пан мае свае дарогі і кіруе кожным з нас. І сёння пасля Эўхарыстычнай працэсіі мы дзякуем за такую магчымасць: усе разам паказалі сваё прызванне – быць сапраўднымі хрысціянамі, вера якіх у Езуса моцная і непахісная.


Напраканцы богаслужэння святар падзякаваў усіх удзельнікаў працэсіі, а асабліва маленькіх дзяўчынак, першакамунійных дзяцей, якія аздаблялі працэсію, і прадстаўнікоў старэйшага пакалення, якія паказваць прыклад каталіцкай веры.


Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены