Ураджай пачынаецца з зярняці

1437 Усё вялікае пачынаецца з малога: магутнае дрэва – з кволага парастка, імклівая рака – з ціхага ручайка, а будучы ўраджай – з дробных зярнят, што аддалі зямлі сваю сілу, каб закрасавала, а пасля парадавала хлебароба залатым багаццем шчодрая ніва. Такі пачатак замалёўкі спатрэбіўся невыпадкова. Таццяна Дубовая, мая гераіня, як ніхто іншы, ведае, што ўраджай напрамую залежыць ад таго, якое зярнятка ўпала ў цёплую зямлю. Усё таму, што яна – галоўны аграном інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Калі зусім дакладна – спецыяліст з 20-гадовым стажам. Ураджай пачынаецца з насення…Так лаканічна вызначае сутнасць сваёй працы Таццяна Аляксандраўна. «Уявіце, што было б, калі б сабралі вяскоўцы ўраджай, а пра насенне на будучы год не паклапа-ціліся?» – падкрэслівае асаблівую ролю, значэнне дзейнасці работнікаў інспекцыі мая суразмоўца. – Нездарма ў народзе кажуць: «Ад дрэннага семя не чакай добрага племя». І гэта сапраўды так. Можна, скажам, выдатна падрыхтаваць глебу, добра яе ўгноіць, але, калі ў зямлю ляжа няякаснае насенне, разлічваць на высокі ўраджай не давядзецца. Менавіта таму пастаянна кантраляваць якасць пасадачнага матэрыялу, а таксама даваць своечасовыя граматныя парады кіраўнікам і аграномам гаспадарак, дзяліцца вопытам з тымі, у каго яго менш, – такія і многія іншыя турботы напаўняюць працоўныя будні Таццяны Дубовай. З аднаго боку – засяроджаная, амаль ювелірная (як і дваццаць гадоў таму назад, калі толькі пачынала) праца, калі праз рукі спецыяліста праходзіць літаральна кожнае зярнятка, бульбіна, травінка. З другога – пастаянныя зносіны з людзьмі, да якіх заўсёды важна знайсці падыход, патрэбныя словы, каб заўвага, парада адразу атрымалі водгук і паслужылі штуршком да дзеяння. Таццяна Аляксандраўна расказвае, што стараецца не адставаць ад імклівага часу, які прыносіць свае змены і ў іх дзейнасць. Па яе словах, сёння прад’яўляюцца высокія патрабаванні да якасці насення, узмоцнены кантроль за дакументацыяй, што суправаджае пасадачны матэрыял. У цэлым жа, разам з калегамі яны імкнуцца падрыхтаваць насенне самых высокіх рэ-прадукцый. Штогод жыта, трыцікале, пшаніца, ячмень і іншыя сельскагаспадарчыя культуры выкарыстоўваюцца пераважна элітных сартоў. Дарэчы, на Зэльвеншчыне аддаюць прыярытэт тым гатункам, якія найбольш падыходзяць да нашых мясцовых умоў, гаворыць спецыяліст. – У маёй справе галоўнае – мець цярпенне выконваць, няхай часам і не вельмі цікавую, работу. Бо вынікі працы земляроба становяцца бачнымі не адразу – праз тыдні, месяцы, часам нават гады, – пад-крэслівае Таццяна Аляксандраўна. У агранома вольнага часу, асабліва ў гарачую пару пасяўной ці ўборачнай кампаній, няшмат. Але тым больш дарагія хвіліны, якія можна прысвяціць дзецям і траім унукам, парадаваць іх дамашнімі ласункамі. Ці, напрыклад, разгарнуць перад сабой любімы часопіс і з асалодай узяцца за чытанне. Любіць сваю прафесію і работу, сваю сям’ю і людзей, што побач з табой, – усё гэта і ёсць шчасце, зярняткі якога кожны з нас песціць і расціць сам, – працоўны і жыццёвы дэвіз Таццяны Дубовай. Ірына МІКЛАШЭВІЧ.

Сардэчна віншуем работнікаў і ветэранаў аграпрамысловага комплексу раёна з прафесійным святам! Выказваем удзячнасць за вашу нястомную працу, душэўнасцьі і адказнасць, з якімі вы ставіцеся да сваёй справы. Жадаем вам добрага надвор’я, рэкордных ураджаяў і прафесійных перамог. Калектыў інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.