Узнагароджаны пераможцы раённага конкурсу «Гатуем сваё» (+Відэа)
Нагадаем, што ў лістападзе мінулага года быў аб’яўлены адкрыты конкурс на самы самабытны рэцэпт стравы нацыянальнай кухні Зэльвенскага рэгіёну «Гатуем сваё».
Арганізатарамі конкурсу з’яўляліся Беларускае грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы», фермерская гаспадарка «Верас», аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Конкурс праводзіўся ў рамках праекта «Турыстычная дэстынацыя «Зэльвенскі дыяруш»: узмацненне партнёрства, развіццё крэатыўных ініцыятыў і адраджэнне спадчыны» і быў накіраваны на папулярызацыю нематэрыяльнай культурнай спадчыны Зэльвенскага рэгіёну.
Жадаючыя прыняць удзел найперш дасылалі арганізатарам фотаздымкі страў з дакладным апісаннем тэхналогіі прыгатавання. Затым у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася абарона страў і іх дэгустацыя. У выніку выбраны дзевяць страў, якія будуць занесены на гастранамічную карту Зэльвенскага раёна.
Сертыфікаты пераможцаў уручаны Алене Кеўлюк («Курыца ў гарбузе»), Марыне Мазец («Верашчака»),
Але Сідорык («Вушкі з грыбамі»), Ірыне Макей («Пянёк з Леснічоўкі»), Таццяне Бяляўскай («Пызы па-галынкаўску»), Галіне Каўбаска («Галышы»), Святлане Галаўко («Бульбяныя комы з грыбамі»), Алене Мулярчык («Дзярэчынскія прысмакі»), Алене Ламека («Каўдык»).
Наталля МАЦЮК