В гимназии №1 г.п.Зельва прошло методическое объединение библиотекарей школ района
Нядаўна зэльвенскія гімназісты прымалі гасцей: бібліятэкараў школ раёна, якія праводзілі тут заняткі свайго метадычнага аб’яднання. Тэма заняткаў была актуальная – інфармацыйна-рэкламная дзейнасць бібліятэк як аснова арганізацыі работы па далучэнні вучняў да чытання.
Вучні 7–8 класаў рыхтавалі гадзіну цікавага паведамлення “Сем цудаў Зэльвеншчыны”. Бібліятэкар гімназіі (яна ж метадыст раённай бібліятэкі) Алена Кароль прадставіла шмат цікавых краязнаўчых матэрыялаў з фондаў школьнай і раённай бібліятэк. Выства адпавядала тэме мерапрыемства і выклікала немалую цікаўнасць у прысутных. Сярод матэрыялаў, што выдзяліліся арыгінальнасцю, – самаробная кніга калектыву раённай бібліятэкі пра Ганненскі кірмаш.
Пачалося мерапрыемства вершам Алены Букатай “Цуды Зэльвы”, які выканаў дуэт у складзе Ілоны Карпішэвіч і Ліяны Бурко. Пра што б ні гаварылася ў вершы, усё дэманстравалася на медыяэкране. З захапленнем глядзелі на зэльвенскія храмы, вадасховішча, будынкі бальніцы, банкаў, пошты, райвыканкама не толькі дзеці, але і дарослыя. Разам з паэтычнымі радкамі звыклыя ўсім
краявіды і сапраўды здаваліся цудам.
Нагадваючы пра сусветныя цуды, вядучыя Аляксандр Жамойцін і Павел Марцута заклікалі ўсіх пазнаёміцца з тымі аб’ектамі роднай зямлі, якія, на іх погляд, з поўным правам можна назваць цудоўнымі. І першым цудам назвалі, вядома ж, Сынкавіцкую царкву. Відэаролік, падрыхтаваны загадчыцай аддзела бібліятэчнага маркетынгу Вольгай Камякевіч, вершы Святланы Літвінчык дапоўнілі расказ вядучых аб гісторыі ўнікальнага храма і яго сённяшнім жыцці.
Другім цудам зэльвенскай зямлі дзеці назвалі біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Медухава”. Падкрэслілі, што ён –20-гадовы юбіляр 2016 года. Вядучыя пералічвалі віды раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную Кнігу, а на медыяэкране дэманстраваліся іх выявы. Паэтычным дапаўненнем да сказанага і ўбачанага стаў верш Канстанціна Карнелюка “Чудо-заказник детства” у выкананні Ягора Войткі.
Наступны прыпынак у падарожжы па цудах быў каля зэльвенскага вадасховішча. Кожны з гімназістаў, вядома ж, прыгадаў лета і свае стасункі з любімым месцам адпачынку, а гледзячы на экран і слухаючы верш Галіны Тарасік пра возера, лішні раз пераканаўся ў яго велічы і прыгажосці.
Яшчэ больш ажывіліся дзеці, калі вядучыя пачалі аповед пра Ганненскі кірмаш. Тут ужо відэа ва ўяўленні кожнага напаўнялася самымі рознымі эпізодамі, бо хто ж у Зэльве не любіць гэтае багатае на падзеі свята? Са шматлікіх вершаў пра кірмаш выбралі “Ганненскі кірмаш” Ірыны Войткі, які прачытала Вераніка Бурак.
Гісторыю царквы Святой Жываначальнай Троіцы ў Зэльве ўзнавілі вядучыя і Таіса Пяткевіч, якая выканала “Юбілейную песню храму” Алены Карозы.
Пры знаёмстве з касцёлам Прасвятой Троіцы – таксама нядаўнім юбілярам – выкарысталі верш Ганаровага грамадзяніна раёна Ула-дзіміра Мазго “Дарога да храма”.
Зацікавіў усіх расказ вядучых пра пакуль малавядомы сярод зэльвенцаў цуд – Дугу Струвэ. З дапамогай гэтага незвычайнага збудавання вучоныя змаглі ўстанавіць форму і памеры Зямлі. З 265-і геадэзічных пунктаў, што размяшчаліся на тэрыторыі дзесяці краін, захавалася толькі 34! І адзін з іх – каля зэльвенскіх Дзергілёў.
Дамашнім заданнем гімназістам стала прапанова скласці кожнаму асабісты спіс цудаў роднага краю. Значыць яшчэ не адно падарожжа па дарагіх мясцінах чакае дапытлівых вучняў.
Яніна ШМАТКО.