В литературном клубе «Малюся Слову» прошло очередное заседание

8464

Надзвычай цёплай была сустрэча членаў літаратурнага клуба “Малюся Слову” (аддзялення дзённага знаходжання для грама-дзян пажылога ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва) з двумя мясцовымі паэтамі: Ірынай Данік і Святланай Патаповіч. Яны расказалі прысутным пра сябе, пазнаёмілі з многімі вершамі, адказалі на шматлікія пытанні.

Жанчыны розныя як па характары, так і па прафесіі. Ірына Мікалаеўна – культработнік, для яе тварыць Словам – самае што ні ёсць галоўнае. Для Святланы Васільеўны, медыцынскага работніка, як бы і неабавязкова ўмела валодаць словам, галоўнае – прафесійна дапамагчы хвораму. І – тым не менш, і адна, і другая з ранняга дзяцінства захапіліся выражэннем стану сваёй душы ў паэзіі.
Ірына Данік расла спачатку на хутары Станкі каля Дзергілёў, а потым у самой вёсцы. Лічыць, што не магла не пісаць, бо паэтычным водарам была насычана ў той час уся прылягаючая мясцовасць: у Горна раслі Алена Таболіч, Данута Дабрыніна, Юрка Голуб, у Талалайках – Аляксей Галаскок. Потым Ірына Мікалаеўна доўгі час працавала ў Мастоўскім раёне, дзе жыла калісьці Эліза Ажэшка. Так што быць паэтам ёй было наканавана. Ды і ў родзе яе ўсе былі талена-вітымі людзьмі. Праўда, не ў паэзіі – у мастацтве, але тым не менш…
Самай шчаслівай парой у сваім творчым лёсе лічыць Ірына Мікалаеўна тыя гады, калі падрасталі сыночкі. Мацярынства настолькі акрыліла яе душу, што вершы ліліся бесперапынна. А пасля таго, як з лёгкай рукі Пятра Марціноўскага яе вершы пачалі друкавацца ў зэльвенскай “раёнцы”, з’явіўся яшчэ большы стымул. І пайшло: паэтычныя калонкі Данік сталі друкаваць у абласной газеце, рэспубліканскіх часопісах, калектыўных зборніках, нават у Санкт-Пецярбургскай (тады Ленінградскай) газеце “Крыніца” з’яўляліся яе вершы. У 2006 годзе нашу зямлячку прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Яна пазнаёмілася з многімі выдатнымі беларускімі творцамі, і зараз пастаянна сочыць за іх прафесійным ростам. Прымае ўдзел у творчых сустрэчах, паэтычных конкурсах, адгукаецца на хвалюючыя яе праблемы ў краіне і свеце. У Ірыны Данік ёсць свой персанальны зборнік “Мой светлы дзень”.
Святлана Патаповіч вырасла каля Зальвянкі, у вёсцы Залацеева, таксама непадалёку ад насычаных паэзіяй мясцін Дзярэчына. Але, на жаль, калі яшчэ вучылася ў малодшых класах, побач не было чалавека, які б нешта параіў-падказаў. А вось у медвучылішчы яе вершы прынялі з радасцю, часта змяшчалі ў насценгазеце. А потым былі публікацыі ў “Медицинском вестнике”. Аднойчы адзін сталічны кампазітар нават песню на яе верш стварыў і прыслаў ноты (на жаль, Святлана гэтым так і не скарысталася).
У Тулаве, дзе пачала працаваць пасля медвучылішча, Патаповіч пашчасціла сустрэцца з Ірынай Данік, атрымаць ад яе парады. А ўжо калі пераехала ў Зэльву, пазнаёмілася з Ірынай Васілеўкай, і яе творчае жыццё ажывілася. Акрыліла падтрымка чытачоў літаратурнай старонкі “Працы” і больш вопытных паэтаў. Любімая работа, сям’я патрабуюць шмат сіл і часу, але і паэзія не адпускае. Святлана Васільеўна стараецца і на пасяджэнні літаб’яднання прыходзіць, і на Сакавінах знаё-міцца з творчасцю знакамітых паэтаў. Яе вершы ахвотна ўключаюць у калектыўныя зборнікі бібліятэкары, некалькі паэтычных твораў апублікаваў “ЛіМ”. Увайшлі вершы Патаповіч і ў калектыўны зборнік зэльвенцаў “Зоры над Зальвянкай”.
На сустрэчы паэткі чыталі нямала вершаў, а прысутныя прасілі яшчэ і яшчэ: вельмі ж яны сардэчныя і цёплыя.
Загадчыца аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі Валянціна Масюк зрабіла цікавы агляд выдадзеных бібліятэкай зборнікаў зэльвенцаў з арганізаванай ёю ж выставы “Літаратурнае сузор’е”. У гэтыя зборнікі ўключаны таксама творы Данік і Патаповіч.Валянціна Людвікаўна прызналася, што вельмі хацелася б выдаць персанальныя зборнікі паэтак, і паабяцала зрабіць гэта пры першай жа магчымасці. Заклікала паэтак рыхтавацца да выступлення на паэтычнай пляцоўцы Ганненскага кірмашу, а аматараў паэзіі – абавязкова прыйсці іх падтрымаць.
Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.