В СПК «Мижеричи» молодежи доверяют ответственные участки работы

IMG_5159444 У сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Міжэрычы” моладзі давяраюць самыя адказныя ўчасткі работы. Аляксандр Фількін сваю механізатарскую кар’еру пачынаў 18-гадовым юнаком. Мясцовага хлопца добра прынялі ў гаспадарцы – выдзелілі дом, дзе зараз жыве са сваёй жонкай Таццянай, якая працуе ў СВК эканамістам. За рулём трактара малады чалавек ужо восьмы сезон. Яго залатыя рукі і добрасумленныя адносіны да працы тут ацанілі. Што і казаць, Аляксандр – спецыяліст высокага класа, можа кіраваць практычна любой складанай тэхнікай і выконваць любую работу. Да справы адносіцца адказна, з душой – інакш не дазваляе сумленне. Гэта Фількін даказаў неаднойчы – на сяўбе, на ворыве і на жніве. Сёлета яго асноўная работа – ворыва і падрыхтоўка глебы. Працуе ўвесь светлавы дзень – з сямі гадзін раніцы да змяркання. За такую напружаную змену падымае 25–30 гектараў, а то і больш. Тры з паловай дні – і стогектарнае поле гатова. Трактар з прычапным 8-корпусным плугам з захопам больш чым 3 метры. Плуг абаротны, таму на палях няма развальных баразён. –Многае залежыць ад памераў поля: чым яно даўжэйшае, тым менш часу затрачваецца на развароты, – дзеліцца сакрэтам механізатарскай справы Аляксандр. – Мой сучасны Джон Дзір выдатна спраўляецца з пастаўленай задачай. Рухавік працуе спраўна, нібы гадзіннік. У кабіне – кандыцыянер, так што ўмовы камфортныя. Надзейная і добрая тэхніка. Хопіць яшчэ не на адзін сезон. Вясной Аляксандр араў пад сяўбу яравых. Летам, як толькі камбайны пакідалі палеткі, адразу ж пачаў рыхтаваць іх пад азімыя зерневыя. На ворыве работа ў механізатара нялёгкая, трэба пастаянна сачыць за якасцю. Але ён ужо прывык – усё-такі не адзін год з плугамі ходзіць. У іншую пару года механізатар выконвае транспартныя работы. –За што б Аляксандр ні браўся, заўсёды можна быць упэўненым, што выканае даручаную справу на выдатна, – не стрымліваючы гонару за свайго падначаленага, гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Іна Ляскевіч. – Якасць ворыва ў яго бездакорная. А Джон Дзір заўсёды падтрымлівае ў такім стане, нібы ён толькі што сышоў з канвеера. Чым не характарыстыка адносін да сваёй справы? На такіх, як Фількін, і гаспадаркі трымаюцца. Два папярэднія гады хлопец працаваў на жніве. Быў на перадавых пазіцыях у гаспадарцы і выйшаў у лідары сярод маладзёжных экіпажаў раёна. Аляксандр з ліку тых людзей, якія любяць працаваць на зямлі. А такія работнікі ўсюды ў пашане. Правільны курс трымае Фількін. Наперадзе ў механізатара яшчэ шмат адказнай працы. Тэрэза КАВАЛЕВІЧ.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.