Напярэдадні 1 верасня на Зэльвеншчыне прайшла жнівеньская нарада работнікаў сістэмы адукацыі (Абноўлена)

У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці на традыцыйны педагагічны форум сабраліся настаўнікі, выхавальнікі, педагогі дадатковай адукацыі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Сярод ганаровых гасцей – старшыня раённага выканаўчага камітэта Ян Пальчыс, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка, старшыня Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Сяргей Лойка. Ён павіншаваў прысутных з пачаткам новага навучальнага года, адзначыў важнасць мерапрыемства, на якім педагогі маюць магчымасць абмеркаваць праблемы адукацыйнай сферы, абазначыць шляхі іх вырашэння, абмяняцца вопытам і меркаваннямі. Для сістэмы адукацыі раёна мінулы навучальны год адзначаны шэрагам перамог і дасягненняў. З гонарам Сяргей Мікалаевіч агучыў іх у сваім выступленні. Наш раён займае трэцяе месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму па развіцці рэгіянальных сістэм адукацыі. Пашыраны спектр платных адукацыйных паслуг, новых форм дашкольнай адукацыі. У 6 установах аказваліся гувернёрскія паслугі па навучанні і выхаванні дзяцей, працавалі 4 адаптацыйныя і 10 прагулачных груп. Прымаліся меры па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання выхаванцаў, прафілактыцы дзіцячага траўматызму, зніжэння захворванняў. Сярод прыярытэтных задач на новы навучальны год Сяргей Мікалаевіч абазначыў захаванне і ўмацаванне здароўя выхаванцаў, павышэнне працэнта ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй, укараненне ў практыку сучасных сродкаў навучання. Школьнікі дэманструюць грунтоўныя веды на конкурсах, алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню. У скарбонцы Зэльвеншчыны – тры дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, 5 – абласным. Гэтаму садзейнічала круглагадовая падрыхтоўка адораных вучняў па 8 прадметах на базе гімназіі №1 пасёлка. Педагогам варта звярнуць увагу на нізкую эфектыўнасць выступлення раённай каманды на працягу некалькіх гадоў па матэматыцы, фізіцы, геаграфіі, гісторыі, хіміі, біялогіі, астраноміі, замежных мовах. Сяргей Лойка адзначыў выніковасць здачы выпускнікамі школьных экзаменаў, удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Сёлета 13 нашых вучняў атрымалі сертыфікат з 90-бальным рэзультатам. Па 8 прадметах з 10 раённы паказчык вышэйшы за абласны. Разам з тым назіраецца нізкі працэнт паступлення ў ВНУ ў Галынкаўскай, Князеўскай, Каралінскай СШ, Цяглевіцкім дз/с-СШ. – Неабходна і далей удасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі, ствараць бяспечныя ўмовы для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, павышаць якасць адукацыі, – акцэнтаваў увагу прысутных Сяргей Лойка. Падчас мерапрыемства была прааналізавана і выхаваўчая работа. Была прадугледжана занятасць падлеткаў у шосты школьны дзень, іх удзел у аб’яднаннях па інтарэсах. Арганізаваны дадатковыя адукацыйныя паслугі цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, цэнтрам турызму і краязнаўства. Забяспечаны стопрацэнтны ахоп летнім аздараўленнем падлеткаў, якія стаяць на розных відах уліку. Рэалізоўваліся мерапрыемствы па прафілактыцы безнагляднасці, прапапарушэнняў, п’янства, наркаманіі сярод непаўналетніх. Далей своеасаблівы іспыт трымалі педагогі, якія падзяліліся з калегамі вопытам выхавання і навучання дзяцей, метадычнымі напрацоўкамі. Аб ролі гульні ў развіцці дзяцей дашкольнага ўзросту расказала выхавальнік ясляў-сада №4 Марына Гаўрылава. “З азартам рухае прагрэс” у набыцці вучнямі ведаў, вучыць назіраць, аналізаваць і вылучаць патрэбную інфармацыю настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Ступчык. Аб карысным уплыве фізічнай культуры на здароўе школьнікаў разважаў настаўнік Галынкаўскай СШ Віктар Бурак. Кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Светач” СШ №3 Лілія Сідорка гаварыла аб тым, як удзел у фарміраванні музейнага фонду садзейнічае грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню школьнікаў. Настойлівасці і цярпення, асабістага і прафесійнага шчасця, яркіх перамог у новым навучальным годзе пажадалі педагогам старшыні райвыканкама Ян Пальчыс і абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка. Затым наступіў самы ўрачысты момант канферэнцыі – узнагароджванне лепшых педагогаў Зэльвеншчыны. Дыпломам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў адзначаны настаўнікі інфарматыкі СШ №3 Станіслаў Вярстак, матэматыкі – Жанна Несцяровіч (Жана Іванаўна адзначана таксама Ганаровай граматай Гродзенскага аблвыканкама на абласной нарадзе кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы адукацыі), рускай мовы і літаратуры – Алена Рудая (таксама адзначана Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў), настаўніца абслугоўваючай працы СШ №2 Марына Мазец (яна, дарэчы, сёлета ўзнагароджана яшчэ і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі на Рэспубліканскім педсавеце), трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Генадзій Галаско. Ганаровая грамата Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў уручана настаўніку фізічнай культуры і здароўя Галынкаўскай СШ Віктару Бураку. Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджаны настаўнікі беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Наталля Гарчычка, рускай мовы і літаратуры – Таццяна Кузьміна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №2 Наталля Ступчык, намеснік дырэктара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Цярэшчанка, педагог дадатковай адукацыі Алена Жук. Віншаванні прымалі і настаўнікі, якія адзначаны Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Сёлета на Зэльвеншчыну на сваё першае працоўнае месца пасля заканчэння педагагічных універсітэтаў і каледжаў прыехалі 17 маладых спецыялістаў. Па традыцыі іх ушаноўвалі на мерапрыемстве. Завяршылася канферэнцыя святочным канцэртам. На ім упершыню прагучаў гімн настаўнікаў, які склала намеснік дырэктара Елкаўскай СШ Святлана Літвінчык. Як жнівеньская нарада прайшла ў мінулым годзе, глядзіце тут. Наталля МАЦЮК.  
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.