В Зельвенском районе состоялось собрание старост населенных пунктов
214
Сход старастаў вёсак прайшоў у аграгарадках Галынка, Бародзічы і Каралін.
Мерапрыемства было арганізавана па занальным прынцыпе: прадстаўнікі грамадскага самакіравання некалькіх сельсаветаў сабраліся на тэрыторыі аднаго з іх. Так, старастаў вёсак Галынкаўскага, Дзярэчынскага і Сынкавіцкага сельсаветаў аб’яднала сустрэча ў Галынцы.
Адкрыў семінар старшыня раённага Савета дэпутатаў Канстанцін Бердніковіч. Канстанцін Іванавіч падкрэсліў, што інстытут грамадскага самакіравання дае магчымасць простым лю-дзям прымаць актыўны ўдзел у прыняцці важных рашэнняў на мясцовым узроўні. З дапамогай старастаў улада ведае меркаванне насельніцтва наконт многіх важных пытанняў жыццезабеспячэння. Яны вывучаюць грамадскую думку, ведаюць, што хвалюе вяскоўцаў. “Калі ёсць гаспадар на зямлі, у населеным пункце, то гэта і відавочна, – падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Сектар пытанняў, якія вырашаюцца з удзелам старастаў, досыць шырокі. Яны праяўляюць клопат пра састарэлых і адзінокіх грамадзян, ветэранаў вайны, інвалідаў, прымаюць удзел у арганізацыі работы з неблаганадзейнымі сем’ямі, з асобамі, схільнымі да злоўжывання алкаголем, садзейнічаюць вырашэнню пытанняў падтрымання парадку на прыдамавых тэрыторыях, могілках, спрыяюць вырашэнню многіх іншых праблем.
Органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання аказваюць рэальную дапамогу міліцыі ў ахове грамадскага парадку, прафілактыцы правапарушэнняў. Прыклады такога ўзаемадзеяння прывёў начальнік аддзялення правапарадку і прафілактыкі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі РАУС Вячаслаў Бярней. Дзейсны ўдзел прымаюць старасты вёсак, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў у працы каардынацыйных саветаў. Яны добра ведаюць людзей, якіх запрашаюць на пасяджэнні саветаў, умеюць знайсці індывідуальны падыход да кожнага. А людзі пасля такіх гутарак нярэдка становяцца на шлях выпраўлення. Вячаслаў Бярней заклікаў старастаў і надалей аказваць органам унутраных спраў інфармацыйную дапамогу, быць пільнымі, не дапускаць выпадкаў пранікнення грамадзян у чужыя, у тым ліку і нежылыя, дамы, супрацьстаяць распаўсюджанню нелегальнай алкагольнай прадукцыі і самагону. Як адзначыў прадстаўнік РАУС, у гэтым годзе на тэрыторыі раёна ад атраўлення няякасным алкаголем памерлі 3 чалавекі, у тым ліку 1 жанчына пенсійнага ўзросту. У лячэбна-працоўны прафілакторый накіраваны 35 чалавек, у тым ліку 6 жанчын.
Начальнік РАНС Сяргей Бурдук у сваім выступленні адзначыў, што ў раёне за апошнія 20 гадоў колькасць насельніцтва зменшылася, таксама стала адбывацца менш пажараў. Значную ролю ў гэтым, на думку начальніка РАНС, адыгрывае праводзімая выратавальнікамі прафілактычныя работа. Калі раней асноўнымі прычынамі пажараў былі няспраўнасць пячнога абсталявання, электраправодкі, то цяпер на першы план выйшаў чалавечы фактар. Як правіла, да трагедыі прыводзяць неасцярожнае абыходжанне з агнём, п’янства. Інспектары нагляду і прафілактыкі сумесна з членамі аглядных камісій трымаюць на кантролі адзінокіх і састарэлых грамадзян, асобаў, якія злоўжываюць алкаголем. Прывеў Сяргей Бурдук і лічбы. За 2014 год у раёне адбылося 18 пажараў, на якіх загінулі 3 чалавекі. 20 гадоў таму пажараў было каля 100, штогод на іх гінула па 10 -12 чалавек. Відавочна, што сітуацыя кардынальна змянілася ў лепшы бок, аднак заспакойвацца на гэтым рана. Начальнік РАНС звярнуўся да старастаў з просьбай звяртаць увагу на стан пячнога абсталявання ў домаўладаннях аднавяскоўцаў, калі трэба, дапамагчы ім арганізаваць яго рамонт. Сяргей Бурдук засяродзіў увагу на тым, што па новых патрабаваннях правілаў пажарнай бяспекі дымаход павінен быць не проста пабелены, але і атынкаваны.
Тамара Лукша, памочнік урача-эпідэміёлага райЦГЭ, нагадала правілы і патрабаванні да ўтрымання пляцовак і кантэйнераў на смецце. Звярталася ўвага і на такі момант: складзіраванне насельніцтвам на мяжы зямельнага ўчастка, у месцах агульнага карыстання, ля дарог пяску, дроў, будаўнічых матэрыялаў дапускаецца не больш, як 72 гадзіны. Невыкананне правілаў можа прывесці да штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь.
Старшыня Галынкаўскага сельвыканкама Руслан Архіпчык падзяліўся вопытам работы стараст ва ўзначальваемым ім сельсавеце.
Аб сваёй дзейнасці ў ролі прадстаўніка грамадскага самакіравання расказала Таіса Біч, стараста аграгарадка Дзярэчын.
Прысутныя на мерапрыемстве маглі задаць свае пытанні і абмеркаваць праблемы з прадстаўнікамі медыцыны, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гандлю, ЖКГ, газавай службы. Так, прадстаўніца вёскі Дзешкавічы папрасіла разгледзець магчымасць змяніць графік прыезду ў іх населены пункт аўтамагазіна. Іх вёска – апошняя ў маршруце аўталаўкі, таму часам бывае так, што неабходныя пакупнікам тавары ўжо разабралі ў іншых населеных пунктах. Прагучала ад старастаў і просьба пашырыць асартымент малочнай прадукцыі, якая рэалізуецца ў сельскіх магазінах.
Стараста вёскі Дзярэчын перадала словы ўдзячнасці ад сваіх аднавяскоўцаў урачу Галынкаўскай урачэбнай амбулаторыі Але Якуш за яе работу па абслугоўванні дзярэчынскага насельніцтва.
Карыснай была інфармацыя Таццяны Сяркевіч, інспектара па асноўнай дзейнасці цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аб паслугах, якія аказвае дадзеная ўстанова, умовах знаходжання ў доме сумеснага пражывання ў в.Акцябрская, службовых абавязках сацыяльных работнікаў.
Прадстаўнікі вёскі Акцябрская выказалі просьбу ўдасканаліць арганізацыю вывазу цвёрдых камунальных адходаў з іх населенага пункта.
Стараста – гэта прадстаўнік вёскі, якога выбралі аднавяскоўцы. Ён абараняе іх інтарэсы, таму ў яго павінна быць цеснае супрацоўніцтва з усімі службамі, падкрэслівалася ў ходзе сустрэчы.
Завяршыўся сход выступленнем самадзейных артыстаў калектываў аматарскай творчасці мясцовых устаноў культуры.
Святлана Ярмалавічане.