Валанцёрскі атрад “Надзея” Міжэрыцкага ДС-БШ адзначыў юбілей

15 мая валанцёрскі атрад “Надзея” Міжэрыцкага дзіцячага сада-базавай школы імя У. Ляха” адзначыў свой першы юбілей.

Нам пяць год. Ці многа гэта? Здаецца, не. Тым не менш: колькасць добрых і патрэбных спраў валанцёрскага атрада цяжка пералічыць. А пачыналася ўсё з самага простага – паднесці сумку з пакупкамі да хаты бабулі. А затым – павіншаваць са святам 1 Мая, Днём Перамогі, Днём Незалежнасці, прыбраць тэрыторыю вакол помніка загінуўшым землякам у аграгарадку Міжэрычы навесці парадак на падворку адзінокага ці састарэлага чалавека, прынесці вады ці проста пасядзець і паслухаць аповед пра ранейшае жыццё, ваеннае ліхалецце. І ўсё гэта рабілі тры вучні: Тадэвуш Яшэўскі, Дзіяна Сакалоўская і Марына Пацалуйка – разам з класным кіраўніком Аленай Іванаўнай Нічыпар. Праз некалькі месяцаў іх стала 8, затым – 10. Сёння валанцёрскі атрад “Надзея” налічвае 15 чалавек.

На працягу пяці гадоў галоўным накірункам нашай дзейнасці з’яўляецца аказанне дапамогі адзінокім грамадзянам,
ветэранам працы, людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Наш атрад – актыўны ініцыятар акцый “Моладзь і бяспека”, “Цуды на Ражство”, “Цяпло нашых сэрцаў – вашым пражытым гадам”, “Па бяспечнай дарозе ў бяспечны свет”, “Ствараем утульнасць разам”, “ Шануем і памятаем”.

Другі год мы з’яўляемся ўдзельнікамі праекта “Формула памяці”, які арганізуецца пры падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемаразуменне” у рамках праграмы “Месца сустрэчы: Дыялог” EVZDialog і Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. За развіццё валанцёрскай дзейнасці і актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта валанцёрскі атрад ўзнагароджаны Падзячным лістом абласной грамадскай арганізацыі.

Прыцягненне школьнікаў да ўдзелу ў рабоце валанцёрскага аб’яднання – выдатны спосаб сфарміраваць ў падрастаючага пакалення такія якасці, як сумленнасць, справядлівасць, сяброўства, вернасць, міласэрнасць, адказнасць, памяркоўнасць, працавітасць, дабро і шмат іншых. Сёння я з упэўненнасцю магу сказаць, што члены нашага атрада – Дзіяна Лухтан, Караліна Вароўская, Аляксандра Ляскевіч, Мікіта Вароўскі, Ігар Буйко, Мікіта Мазоль – гэта дастойны прыклад паважлівых адносін да старэйшага пакалення.

Юбілей – гэта свята тых, хто бескарысліва дапамагае людзям у самых розных сітуацыях. І не проста свята, а магчымасць напомніць усім, што свет не без добрых людзей. Рух валанцёрства мацнее, шырыцца і заклікае далучыцца да добрых спраў усіх нераўнадушных людзей.

Святлана МАРЦІНЧЫК

Вам может быть интересно

Комментарии отключены