Мы ішлі да Валянціны Аляксандраўны Архіпчык (на здымку) як да майстрыхі па бісерапляценні, а ўбачылі столькі цікавага ў яе кватэры, што не маглі не здзівіцца з рознабаковасці яе інтарэсаў.
Як толькі выйшла на пенсію, Валянціна Аляксандраўна вырашыла пацешыць унучак (на той час былі ў дзяцей толькі дзяўчынкі) незвычайнай калекцыяй. Стала прыглядацца да лялек, вызначылася з іх памерамі і выглядам, пачала іх набываць. Сабрала некалькі дзясяткаў лялек: унучкі маглі іх апранаць-абуваць гадзінамі, перадаючы адна адной.
Потым прыйшло захапленне гадзіннікамі. Гэта даволі рэдкае хобі, бо патрабуе немалых затрат. Як для набыцця, так і для захоўвання. Пакуль жанчына захоўвае рарытэтныя рэчы ў скрыначках ад цукерак, падкладваючы на дно атлас ці іншы прыгожы матэрыял. Думаю, што падарунак адзінаму ўнуку будзе проста царскім!
А няўрымслівая натура Валянціны Аляксандраўны ў гэты час шукала нешта такое, што змагло б забраць яе душу цалкам. Да выхаду на пенсію жанчына працавала вязальшчыцай на зэльвенскай міжрайфабрыцы. У маладосці любіла вышываць гладдзю і крыжыкам. І вось усё гэта не давала спакою. Да таго часу, пакуль майстрыха не зразумела: ёй хочацца паспрабаваць сябе ў бісерапляценні. Неяк унучка ў Гродне завяла бабулю ў магазін, дзе прадаваліся макеты абразоў і бісер да іх. Купіла і паспрабавала зрабіць першую ікону. І гэта настолькі заха-піла, што жанчына не ўяўляе сябе без работы з рознакаляровымі маленькімі пацеркамі. Дзясяткі тысяч трэба іх на кожную ікону! Здавалася б, гэта павінна напалохаць, але Валянціна Аляксандраўна не заўважае бегу часу, калі сядзе за любімы занятак. Вось ужо другі год працуе над іконамі, ствараючы непаўторныя абліччы Божай Маці, Іісуса Хрыста і святых. Зараз завяршае работу над сёмым абразом. Гэта значыць, хутка зможа падарыць кожнаму з блізкіх людзей па іконе. Бясцэнны падарунак!