Важная падзея ў каталіцкай веры: ушанаванне іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі

Якое пасланне нясе каталікам адзін з найбольш вядомых для хрысціян абраз Панны Марыі? Якія ён мае асаблівасці, што абазначаюць яго элементы і якую таямніцу веры ён тлумачыць? Аб гэтым і многім іншым разважалі зэльвенцы падчас нядзельнай імшы.

Ксёндз Яцэк Маркель звярнуў увагу вернікаў на тое, што абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, які маецца і ў касцёле Святой Тройцы, – гэта не дэкаратыўная дэталь, а вобраз, за якім крыецца галоўная таямніца веры – таямніца Адкуплення. Кожны элемент на ім сведчыць пра Бога, які прысутнічае ў жыцці веруючых людзей, пра яго Крыжовы Шлях, а таксама пакуты, смерць і заступніцтва ўсяго чалавечага роду.

Пробашч падрабязна расказаў, што абазначае кожная выява на іконе. Злучаныя рукі Маці і Сына намаляваны так, што Марыя паказвае імі на Ісуса Хрыста, які ахвяруе сваё жыццё за людзей. Ён – наш адкупіцель. І здзейсніцца гэта так, як апісана ў Евангеліі. На твары маці – рэальнасць пакуты, якая яе чакае. Але і погляд, праз які Найсвяцейшая Маці кліча да нястомнай малітвы і хоча прыйсці ўсім на дапамогу. Прылады, якія трымаюць анёлы, гэта трафеі перамогі, якая адбылася ў раніцу Ўваскрашэння.

Вобраз прызывае вернікаў маліцца шчыра і сардэчна. Бо Маці Божая не толькі ахвяравала сваім Сынам за збаўленне чалавецтва, але і ўмее выслухаць просьбы кожнага, хто звяртаецца да яе.

У гэты дзень вернікі таксама памаліліся за маладое пакаленне землякоў (28 чэрвеня – Дзень моладзі), за выпускнікоў, якія сдаюць ЦТ, а таксама за парафіян, якія маюць патрэбу ў абароне і апецы Маці Божай. Дарамі падзякавала святара 1-а ружа супольнасці Святога Ружанца, за якую маліліся падчас службы. Напрыканцы ўрачыстасці ўсе сабраныя ў касцёле адгаварылі літанне да Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Ксёндз яшчэ раз нагадаў: у час эпідсітуацыі прыхаджане не маюць абавязку прысутнічаць у касцёле. Але слухаць імшу неабходна праз сродкі масавай інфармацыі – інтэрнэт ці радыё “Марыя”. Тыя ж, хто наведвае святыню, павінны захоўваць усе прафілактычныя меры бяспекі. Абавязковым застаецца наяўнасць масак і захаванне дыстанцыі.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены