Ветэран педагогікі Ірына Генюш: «Прыйшоў час годна адпачываць і пералістваць цікавую кнігу жыцця…»

«Стаць добрым настаўнікам – гэта талент», – такі вердыкт пасля 43 -х гадоў працы ў сферы адукацыі вынесла ветэран педагогікі, паважаная многімі пакаленнямі вучняў Зэльвеншчыны настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Генюш. Жанчына лічыць, што ісці па педагагічным шляху можа толькі той чалавек, у якога сэрца адкрыта для кожнага дзіцяці. І сёння, узгадваючы былое, яна ўдзячна Богу, што надзяліў яе вялікім дарам – бязмежнай любоўю да прафесіі, а найбольш – да падрастаючага пакалення.

НАСУСТРАЧ МАРЫ

Можна сцвярджаць, што Ірына Уладзіміраўна – карэнная зальвянчанка. Нарадзілася ў сям’і сялян, якія жылі і працавалі ў Марачах. Даваенныя і ваенныя гады былі вельмі складанымі, не лягчэйшым для бацькоў быў і перыяд калектывізацыі. Як гаворыць суразмоўца, па біяграфіі яе і яе радні можна вывучаць гісторыю краю.

Але тэма размовы зусім іншая, таму вяртаемся да лёсу гераіні публікацыі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у 1946 годзе дзяўчынка пайшла ў Бібіцкую сямігодку. Да вучобы аказалася здольнай. Настаўнікі часта дзякавалі Ламекаў (Ламека – дзявочае прозвішча Ірыны Генюш. – Заўвага аўтара) за выдатнае выхаванне дачкі і не раз паўтаралі, што яна – адна з лепшых вучаніц школы. Выпускніца апраўдала надзеі педкалектыву: скончыла сямігодку з адзнакай.

– На выбар прафесіі натхніла мяне мая першая настаўніца Алена Міхайлаўна Ламека, мая аднафамільца, – успамінае Ірына Уладзіміраўна. – Я, седзячы за партай, марыла быць падобнай на яе, пераняць ад яе настаўніцкае майстэрства. Таму і абрала для паступлення Ваўкавыскае педвучылішча. Самастойна дакументы ў прыёмную камісію адвезла. Залічана была без уступных экзаменаў.

Першым працоўным месцам стала Бародзіцкая сямігодка. Дырэктар школы І.І. Глушцоў прапанаваў маладому спецыялісту паспрабаваць свае сілы ў якасці піянерважатай.

–У 50-х практычна большасць настаўнікаў пачатковых класаў пачыналі сваю дзейнасць з піянерважатых, – прадаўжае размову жанчына. – Для мяне і, думаю, для іншых гэта было не дрэнна: знаёміліся з педкалектывам, з усімі вучнямі школы, а галоўнае, развівалі і ўдасканальвалі здольнасці арганізатара, прамоўцы, якія ў наступныя гады ой як спатрэбіліся. Ды і Бародзічы сталі для мяне лёсавызначальнымі: тут, як аказалася пазней, сустрэла свайго суджанага. Таму, нават калі прапанавалі пасаду настаўніцы пачатковых класаў у Залацееве, згадзілася, але адпрацаваўшы недзе паўгода, папрасіла перавесці мяне бліжэй да Зэльвы. Тут і замуж выйшла, і трапіла ў школу-інтэрнат.

ВУЧЫЛА І ВУЧЫЛАСЯ САМА

Мілагучнасць роднай мовы, багацце яе слоўнікавага запасу, разнастайныя літаратурныя вобразы ўвесь час выклікалі захапленне ў Ірыны Уладзіміраўны. Таму, працаўладкаваўшыся на новым месцы, не адцягваючы часу паступіла ў Гродзенскі педінстытут. Вучылася сама і вучыла дзяцей, якія прыязджалі на аздараўленне з розных куточкаў Беларусі.

З першых урокаў Ірыне Генюш хацелася завалодаць увагай школьнікаў, зацікавіць іх прадметам. Для гэтага шмат чытала дадатковай літаратуры, шукала метадычныя распрацоўкі вядзення ўрокаў, дапаўняла іх сваімі напрацоўкамі. З цягам часу выпрацавала свой стыль, манеру, тэхналогію падачы вучэбнага матэрыялу. Дзеці з задавальненнем слухалі вершы і прозу, запаміналі біяграфію і творчасць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. А тэматычныя ўрокі беларускай мовы іх зачароўвалі, нібы казка.

Заўважыўшы ўлюбёнага ў сваю працу педагога, дырэктар школы А.А. Галавач падмеціў: “З Вас, Ірына Уладзіміраўна, атрымаецца добры настаўнік!”. Гэтыя словы для жанчыны сталі той вяршыняй, да якой неабходна было імкнуцца. Акрамя таго, былі і асабістай адзнакай кіраўніка, якую неабходна было апраўдаць.

– Беларускую мову і літаратуру я павінна была ведаць глыбока і дасканала, – прызнаецца зальвянчанка. – Па-першае, таму што мая радзіма – Беларусь, і карані мае беларускія. Па-другое, задача настаўніка – знайсці падыход да кожнага вучня, зразумела растлумачыць яму матэрыял і даць моцныя веды. Значыць, мае веды павінны былі быць бездакорнымі. Наколькі ў мяне гэта атрымалася, меркаваць школьнікам. Але скажу: выпускны экзамен па беларускай мове здавалі амаль усе на выдатна. І болей: нават праз дзясяткі гадоў многія мае тагачасныя дзяўчынкі і хлопчыкі, зараз ужо прафесіяналы сваёй справы, дасылаюць мне падзякі за прывітую любоў да роднай мовы.

ПРАЦАВАЦЬ – ТОЛЬКІ Ў ШКОЛЕ

Кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі не магло не заўважыць таленавітага работніка. Загадчык рана М.І. Давідзеня прапанаваў Ірыне Уладзіміраўне спачатку пасаду метадыста, затым – загадчыцы метадычнага кабінета. Разам з калектывам Ірына Генюш курыравала 11 сярэдніх і 16 васьмігадовых школ. Напрацоўкамі дзялілася з маладымі настаўнікамі, часта выступала на нарадах і семінарах. Акрамя таго, узначальвала школу перадавога вопыту. Методыкай работы з маладымі спецыялістамі Ірына Уладзіміраўна дзялілася з калегамі, працуючымі не толькі ў вобласці, але і ў розных краінах Савецкага Саюза. Трэба адзначыць, што яе творчая работа на ВДНГ заняла 2-е месца. Таксама высока было адзначана яе выступленне на Усесаюзнай канферэнцыі.

– Абмен вопытам, творчыя паездкі, суадносіны з педагогамі не давалі той энергіі, якую я атрымлівала падчас урокаў, – шчыра кажа настаўнік-метадыст. – Мне хацелася вярнуцца ў школу, вучыць дзяцей, займацца пазакласнай дзейнасцю. Удзячна кіраўніцтву рана, якое зразумела стан маёй душы і дазволіла прадоўжыць настаўніцкую дзейнасць спачатку ў Зэльвенскай сярэдняй школе (была адзіная ў пасёлку), а затым – у СШ №3.

І акунулася Ірына Уладзіміраўна ў любімую сваю атмасферу. Спалучаючы новы матэрыял з выразным выкладаннем, дабівалася таго, каб вучні не толькі ўважліва слухалі яе на ўроках, але і актыўна ўдзельнічалі ў адукацыйным працэсе. Вучыла не проста чытаць кнігі, а аналізаваць герояў, выказваць свой погляд на падзеі, апісаныя ў творах. Так школьнікі авалодвалі навыкамі разважання, абгрунтавання свайго меркавання. Класы, у якіх вяла ўрокі Ірына Генюш, займаліся па праграме павышанага ўзроўню. Як вынік, багаты слоўнікавы запас, граматнае пісьмо, уменне выказаць думку дазволілі многім выпускнікам падчас экзамену па беларускай мове водгук на прачытаную кнігу напісаць на выдатна.

Вялікую ўвагу жанчына надавала згуртаванню класнага калектыву. У гэтым ёй дапамагалі арганізатарскія здольнасці, дабрыня, шчырасць і адкрытасць. Пазакласная дзейнасць, а гэта вечарыны, канцэрты, пастаноўкі міні-спектакляў, выступленні не толькі ў школе, але і, напрыклад, у аддзяленні для пажылых грамадзян, захапіла нават “цяжкіх” вучняў. Хлопчыкі, якіх напачатку трэба было прымушаць прыходзіць на рэпетыцыі, з цягам часу былі ў першых радах. Яны спявалі, ігралі на інструментах, прымяралі на сябе ролі казачных персанажаў.

Наладжана было цеснае супрацоўніцтва з бацькамі, якія адабралі прапановы класнага кіраўніка цікава правесці пазавучэбны час ці выхадны дзень. Асабліва падабаліся вучням паходы і вандроўкі.

– Дзе мы толькі не пабывалі, – не хаваючы эмоцый, кажа суразмоўца. – З мэтай азнаямлення з гісторыяй, архітэктурнымі помнікамі і славутасцямі краю наведалі амаль усе куточкі Беларусі. Былі ў многіх краінах па-за межамі рэспублікі. Вялікае ўражанне засталося ў моладзі пасля паездкі на Чорнае мора, у Закарпацце, Маскву. Такія падарожжы не толькі ўзбагачалі веды і пашыралі кругагляд юных вандроўнікоў, але і правяралі рысы характару. Помню, як Сяргей Юшчык пры пад’ёме ў горы дапамагаў кожнай дзяўчыне. А мяне заверыў, што ўсё і з усімі будзе ў парадку. Варта будзе сказаць, што грошы на паездкі вучні зараблялі самі ў час восеньскага збору бульбы і буракоў ў калгасах.

ГОНАР НАСТАЎНІЦЫ

З цеплынёй Ірына Уладзіміраўна ўспамінае сваіх вучняў. Асабліва тых, у якіх вяла класнае кіраўніцтва. Вялікім быў першы яе выпуск 1990 года – больш за 30 вучняў (на здымку). Моцныя веды дазволілі ўсім, без выключэння, атрымаць вышэйшую адукацыю.

Праз 5 гадоў настаўніца зноў развітвалася з зэльвенскімі дзяўчатамі і юнакамі. Але, як паказаў час, развітанне было толькі пасля школьнага балю. Да гэтай пары яны тэлефануюць, цікавяцца адзін адным і сустракаюцца на лютаўскай вечарыне.

З гонарам Ірына Генюш расказвае пра тых, для каго стала прыкладам, і хто звязаў свой лёс з педагогікай. Нямала выпускніц пасля заканчэння навучальных устаноў вярнулася на малую радзіму і ўжо зарэкамендавалі сябе як сапраўдныя прафесіяналы. Гэта – Таццяна Якубовіч, Таццяна Зракава, Таццяна Крыўцова, Жана Несцяровіч, Ірына Шабалоўская, Людміла Бровінава, Таццяна Маркушэўская, Наталля Кароткая, Святлана Семяняка, Вольга Патаповіч, Вольга Наруш і інш.

Той, хто жыве і працуе на Зэльвеншчыне – часты госць і суразмоўца настаўніцы. Цікавіцца надзённымі праблемамі і станам здароўя Ірыны Уладзіміраўны былая вучаніца, зараз начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Юркевіч.

Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо нават не адно дзясяцігоддзе пасля заканчэння школы, памятаюць сваю любімую настаўніцу Наталля Селівёрстава, Наталля Храпунова, Валерый Вараніцкі, Валянціна Канаховіч, Антаніна Протас, Аляксей Мацука, Андрэй Лагунскі, Міхаіл Варанко і мн. інш.

– Хіба ж гэта не шчасце мець такую павагу і застацца ў памяці дзяцей на многія гады? А ўсё таму, што душу і сэрца аддавала любімай рабоце…

Дарэчы, словы падзякі Ірына Уладзіміраўна чуе не толькі ад былых вучняў. За сваю шматгадовую добрасумленную працу настаўніца вышэйшай катэгорыі мае шмат ганаровых грамат і падзячных лістоў рана, аблана, райвыканкама, Міністэрства адукацыі.

ЯЕ СЯМ’Я – ЯЕ БАГАЦЦЕ

– Мне вельмі пашанцавала, што прафесія супала з прызваннем, – дзеліцца Ірына Уладзіміраўна. – Але найбольш – з мужам, які разумеў усе складанасці настаўніцкай працы, падтрымліваў мяне словамі і парадамі, браў на свае плечы ўсе хатнія справы і выхаванне сыноў і дачкі. Адным словам, аберагаў сямейнае гняздо, у якім заўсёды панавалі любоў, узаемапавага і дабрабыт. З Леанідам Міхайлавічам у міры і згодзе пражылі амаль 60 гадоў. У лютым, як усё будзе добра, будзем адзначаць брыльянтавае вяселле.

Дзеці Генюшаў атрымалі вышэйшую адукацыю. Дачка Наталля абрала настаўніцкі шлях і звязала сваю прафесію з выкладаннем замежнай мовы. Дарослыя ўжо і ўнукі. Шосты, самы малодшы, – дзесяцікласнік. Род прадаўжаюць пяць праўнукаў.

Не так даўно Ірына Уладзіміраўна размяняла дзявяты дзясятак. Усе клопаты па хаце і на прысядзібным утульным участку ўзялі на сябе Наталля з мужам Аляксандрам.

– У маладосці любіла спяваць. Удзельнічала ў школьным хоры, вакальнай групе, пазней матушка Кацярына запрасіла ў царкоўны хор. На працягу 20 гадоў мой голас сярод іншых пеўчых гучаў у час набажэнстваў. Захаплялася кветкаводствам. У мяне адной з самых першых зальвянчанак з’явіліся ружы. Ладкавала розныя кампазіцыі, горкі, клумбы. Зараз назіраю за прыгажосцю, створанай ужо рукамі дачкі. Вакол мяне – толькі станоўчыя эмоцыі, пазітыў, дабрыня і павага. Прыйшоў час годна адпачываць і пералістваць цікавую кнігу жыцця…

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены