Вігілійная вячэра
Божае Нараджэнне… Яно збліжае ўсіх каталіцкіх вернікаў, раскрывае сэрцы насустрач дабру і міласэрнасці. З гэтым, адным з галоўных хрысціянскіх свят, у нас звязаны самыя лепшыя ўспаміны дзяцінства. У кожнай сям’і свае адметнасці і традыцыі святкавання Каляд. Каб даведацца, як чакаюць Ражства Хрыстова зэльвенцы, мы завіталі ў госці да маладой сям’і Сяргея і Ганны Лухтанаў.
– Рыхтавацца да Ражства мы пачынаем загадзя,–расказваюць гаспадары.– Перш за ўсё, духоўна. На працягу Адвэнта захоўвалі шчыры пост. Па пятніцах ужывалі толькі посныя стравы, не глядзелі забаўляльныя праграмы па тэлебачанні. А яшчэ абавязковым было наведванне святой Імшы, Раратаў і споведзь.
І вось наступіў доўгачаканы дзень – 24 снежня. У доме пануе святочная атмасфера: чарговага прыходу на свет Нованароджанага Збавіцеля з нецярпеннем чакаюць і дарослыя, і дзеці. Ганна Іванаўна з самай раніцы завіхаецца ля пліты. Дачушка Ангеліна дапамагае навесці парадак у доме. А яшчэ неабходна ўпрыгожыць ёлку – яе ўбраннем займаецца сынок Яўгеній.
Сяргей Анатольевіч прыгатаваў ахапку духмянага сена, каб разаслаць яго пад беласнежным абрусам.
Абавязковая ўмова – на стале павінна быць 12 страў, і ў час святочнай вячэры неабходна пакаштаваць кожную з іх. А таксама – лішняя талерка: магчыма, зойдзе які-небудзь госць.
Яўгеній, як самы малодшы ў сям’і, выглядае першую зорку. І як толькі яна з’яўляецца, абвяшчае: “Хрыстос нарадзіўся!”. Пасля гэтых слоў пачынаецца супольная малітва пры запаленых свечках. Самы адказны момант – ламанне аплаткі. У гэты час кожны адрасуе родным найлепшыя пажаданні здароўя, шчасця, радасці, любові, просіць прабачэння.
Жаданыя госці ў доме Лухтанаў і калядоўшчыкі – іх сям’я заўсёды сустракае ветліва, частуе прысмакамі.
А вечарам усе разам – бацькі і дзеці – ідуць у касцёл, каб вітаць Нованароджанага Хрыста.