Віктар Іванавіч і Ніна Міхайлаўна Рысюкі 63 гады дзеляць разам усе жыццёвыя нягоды і радасці
63 гады дзеляць разам усе жыццёвыя нягоды і радасці Віктар Іванавіч і Ніна Міхайлаўна Рысюкі, жыхары в. Конна.

Яны – аднавяскоўцы, равеснікі. Ведалі адзін аднаго з ранняга дзяцінства. І лёсы ў іх у многім падобныя. Рана засталіся без апоры – бацькі. Віктар Іванавіч увогуле ў 6-гадовым узросце асірацеў, пайшоў зарабляць на кавалак хлеба падпаскам. Ніна Міхайлаўна з мамай і сястрой не дачакаліся бацькі з вайны: ён памёр ад ран у Каўнаскім шпіталі.
Віктар Іванавіч заўсёды дапамагаў маме, Ніна Міхайлаўна з маленатва мужчынскую работу выконвала, таму, пажаніўшыся, не дзялілі справы на жаночыя і мужчынскія. Пры неабходнасці кожны ўмеў замяніць адзін аднаго. Разам і дом будавалі, у якім зараз жывуць. “Старэем разам з хатай”, – жартуюць Рысюкі.
Гаспадар доўгі час працаваў механізатарам у калгасе імя Леніна, у канцы працоўнага жыцця загадваў складамі на жывёлагадоўчых комплексах у Бародзічах і Конна. Гаспадыня рана захварэла, цяжкіх работ у калгасе выконваць не магла, асноўны заробак у сям’ю нёс муж. Ніна Міхайлаўна шукала выйсце – і знайшла: пачала шыць. І дасягнула такога высокага майстэрства ў гэтай справе, што ёй падуладна стала ўсё. Пачала з жаночых сукенак і спадніц, а потым не пабаялася перайсці на верхняе адзенне. Прычым, і жаночае, і мужчынскае. Абшывала сваю сям’ю і, пры неабходнасці, аднавяскоўцаў. Так што і яна пачала несці ў сям’ю нейкую капейку.
Дзеці раслі працавітымі і да вучобы прылежнымі. Радавалі бацькоў і малымі, і калі свае сем’і стварылі. Зараз Рысюкі маюць 9 унукаў і 13 праўнукаў, цікавяцца жыццём кожнага. На лёс не крыўдзяцца, хоць і панеслі цяжкія страты: рана памерлі сын і зяць.
Інвалід II групы, Ніна Міхайлаўна рук не апускае. І муж побач, заўсёды на дапамогу прыходзіць, і дзеці з унукамі не забываюць. Асабліва часта наведвае бацькоў дачка Лілія. “Жыву на два дамы, – гаворыць, – то ў бацькоў у Конна, то ў Ваўкавыску з унукамі. І вельмі ўдзячна тату, што ён заўсёды падтрымлівае мяне і маму”. (Дарэчы, Лілія змалку зацікавілася заняткам мамы, і сама стала вопытнай швачкай).
Часта трапляючы ў бальніцу, Ніна Міхайлаўна пачала знаходзіць аддушыну ў творчасці. Прысвячае свае вершы дзецям, унукам, мужу, дзякуе Богу за дар жыцця і падтрымку.
Прапануем увазе чытачоў некалькі вершаў Ніны Міхайлаўны і жадаем усёй яе вялікай сям’і здароўя і дабрабыту.
Яніна Шматко
Комментарии отключены