Владимир Мазго – за антологию белорусской песни

На канале “Беларусь 3” днямі адбылася сустрэча вядучых “Дыя@блога” Таццяны Сівец і Стэлы Чырковай з нашым земляком Уладзімірам Мазго. Было вельмі прыемна, што, прадстаўляючы госця, вядучыя адзначылі тытул паэта – Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна.
Вядучых цікавіла песенная творчасць нашага земляка. На пачатку размовы яны далі магчымасць гледачам паслухаць урыўкі з некалькіх песень на словы Уладзіміра Мінавіча. Затым запыталі: “Чаму на беларускай эстрадзе так мала песень запа-мінальных, якія б былі на слыху не аднаго пакалення? Чыя тут віна – паэтаў, якія не пішуць добрых вершаў, кампазітараў, што не шукаюць змястоўных тэкстаў, ці непераборлівых выканаўцаў?”.
Адказваючы на гэта складанае пытанне, Уладзімір Мазго згадаў пачатак сваёй песеннай творчасці, звязаны з роднай Зэльвай. Хлопцы са школьнага ансамбля прасілі яго напісаць нешта для напаўнення іх рэпертуару.
– Вядома, – усміхнуўся паэт, – я не мог прапанаваць сябрам нешта дасканалае, як і кожны пачатковец. Музыку я любіў, наведваў музычную школу, трохі іграў на баяне, потым на гітары. Напэўна, гэта неяк паспрыяла таму, што ўжо праз многа гадоў мае вершы зацікавілі такіх выдатных кампазітараў, як Эдуард Ханок, Алег Елісеенкаў, Уладзімір Буднік, Леанід Захлеўны і інш. Згодны з вамі, што сучасная беларуская песня больш падыходзіць да дыскатэк, дзе моладзь можа дазволіць не звяртаць увагі на словы, іх сэнс. А на эстрадзе павінны гучаць толькі добрыя песні. І як мага болей беларускамоўных. Вось і на Еўрабачанне выбіраюць песні, якія нічога не раскажуць замежным слухачам пра нашу Радзіму. А менавіта песня, як частка культуры, перш за ўсё павінна адлюстроўваць нашу адметнасць і непаўторнасць.
Выступаючы ў розных аўдыторыях, паэт добра ведае запыты і дзяцей, і дарослых. Нярэдка людзі пытаюць, дзе знайсці ноты да той ці іншай песні. Таму, лічыць Уладзімір Мінавіч, не лішнім было б падумаць над выданнем анталогіі беларускай песні.
Адзін са слухачоў праграмы папрасіў адказаць на цікавячае яго пытанне: “Ці кожны верш можа стаць музычным творам?”. Уладзімір Мінавіч прывёў некалькі цікавых выпадкаў са сваёй практыкі. Песні на яго словы з’яўляліся па-рознаму. Некаторыя вершы заўважалі кампазітары, прасілі нешта дапрацаваць. Некаторыя прапанавалі напісаць верш на ўжо гатовы музычны твор. Быў выпадак, калі паэту не спадабалася ні музыка, ні выканаўца. А верш “Святло вачэй” так доўга ляжаў у архіве Ядвігі Паплаўскай, што аўтар ужо і забыў пра гэты факт. І раптам пачуў гатовую песню ў выкананні Паплаўскай і Ціхановіча.
–А песняй кожны верш стаць не можа, – адказаў слухачу паэт. – У паэзіі свае законы, у музыцы – свае. Трэба, каб і паэт быў вольны, ствараючы верш, і каб кампазітар адчуваў той жа душэўны ўздым, чытаючы створанае табою. А калі паэт піша верш, маючы перад сабой музычны твор, значыць, ён павінен амаль гэтак жа адчуваць музыку, як і кампазітар. Так што гэта даволі складана.
Вядучых зацікавіла, як адбываецца пранікненне паэта ў жаночую псіхалогію, бо вершаў ад імя дзяўчат у паэта нямала. Уладзімір Мінавіч усміхнуўся і прывёў прыклад са спявачкай Анжалікай Ют. Яна так вобразна расказвала паэту, якой ёй бачыцца новая песня, што ён як бы пераўвасобіўся ў яе, жанчыну, калі пісаў “Незабаву”. І такіх прыкладаў у жыцці сустракаецца нямала, толькі прыслухоўвайся да іншых, заключыў паэт.
Разважаючы пра цэласнасць трыяды – паэт, кампазітар, выканаўца, Уладзімір Мазго дзякаваў лёсу, што яму моцна пашанцавала: практычна з усімі ўдзель-нікамі трохкутніка складваюцца сяброўскія адносіны. (Думаецца, што зэльвенцы гэта адчуваюць, бо не раз былі сведкамі цудоўнага выканання песень Мазго як кампазітарамі, так і спевакамі на штогадовых Сакавінах.)
Аналізуючы і сваю песенную творчасць, і іншых паэтаў-песеннікаў (як неаднаразовы член журы ў розных конкурсах), Уладзімір Мазго ўпэўнены: добрая песня атрымліваецца тады, калі ва ўсёй трыяды, адказнай за яе лёс, адгукаецца на яе душа.
Хацелася б, каб пасля гэтай перадачы зэльвенскія выканаўцы эстрадных песень звярнуліся да творчасці нашага земляка і ўключылі як мага больш яго песень у свой рэпертуар. Паверце, яны гэтага заслугоўваюць. Ды і на чарговых Сакавінах годна прадставяць і Уладзіміра Мінавіча, і нас саміх, яго землякоў.
Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.