Вокруг Зельвы за полдня

Колькі раз, будучы студэнткай гродзенскага ўніверсітэта, па даро-зе на вучобу непадалёку ад Ружан праязджала міма велічнага танка, побач з якім бачыла знак “Зэльва 38”. Уявіць сабе не магла, што аднойчы мне давядзецца павярнуць у гэтым накірунку.

Пасля 5 курса мяне, як і іншых выпускнікоў, чакала размеркаванне. Навіну, што буду жыць і працаваць у  Зэльве, успрыняла з энтузіязмам: край для мяне наогул невядомы – бу-дзе што паглядзець. Таму на момант адпраўлення ў дарослае жыццё я ўжо мела турыстычную карту Зэльвеншчыны і цвёрдае жаданне пазнаёміцца з яе славутымі мясцінамі. Алоўкам на паперы праклала маршрут. Заставалася толькі зарадзіць плёнку (дакладней батарэйкі) у фотаапарат.

Развітваючыся з роднымі Пружанамі, з нецярпеннем чакала, чым уразіць зэльвенскі край. Трэба пры-знацца, што мяне вельмі кранаюць беларускія пейзажы, гістарычныя рэліквіі, гасціннасць вясковых людзей. Усё гэта прываблівае не менш, чым альпійскія або фламандскія прыгажосці, розныя Парыжы, Егіпты і Турцыі.

Але хопіць адступленняў. У дарогу!

Вокруг Зельвы за полдняВокруг Зельвы за полдняВокруг Зельвы за полдня

Першай кропкай прыпынку на маршруце стаў гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння “Крыніца Зенькаўская”. Адзін з зенькаўскіх жыхароў, набіраючы з крыніцы бутэльку вады, расказаў, што яна тут гаючая. Шмат народу прыязджае за ёю з на-дзеяй на выздараўленне. Не хацелася быць выключэннем. У машыне знайшла пустую бутэльку і напоўніла лячэбнай вадой. У жыцці спатрэбіцца.

Далей – у Славацічы, дзе чакала царква Святога Георгія (рубеж ХVIII–ХІХ ст.). Будынак, мала сказаць, здзівіў – замест традыцыйнага для Беларусі вялізнага храма, дзе чалавек адчувае сваю нікчэмнасць перад Богам, у аб’ектыў трапіла невялікая каплічка дзіўнай архітэктуры. Такія маленькія цэркаўкі як нішто іншае даказваюць, што вера – у сэрцы славяніна. І не па-трэбны шыкоўныя сакральныя будынкі, было б месца, дзе можна разам пама-ліцца.

Далейшы шлях ляжаў праз Цяглевічы. На скрыжаванні дарог, нібы ў казцы, узнікла дылема – налева ці направа? У адным баку чакаў населены пункт, у другім – загадкавае верхавое балота Карэвін луг. Мажліва, калі б павярнула направа, маё маленькае падарожжа ператварылася б у хаджэнне за трыдзявятае царства (авось
і кікімару балотную давялося б сустрэць ці лесуна). Але я паехала налева, спадзеючыся, што ў Цяглевічах бу-дзе не менш цікава.

У раёне дзейнічае 5 экалагічных сцяжынак. Адна з іх (дарэчы, самая працяглая – 7 км) абуладкавана вучнямі і педагогамі Цяглевіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Не ўпусціла магчымасці зрабіць па ёй міні-экскурсію. Экалагічны аддзел вучэбна-вопытнага ўчастка школы, урочышча Чортава і Дзіцячы лес Падароскага лясніцтва, пойма ракі Сасва і паркавая зона выклікалі вялікую цікавасць. Для тых, хто таксама адважыцца на 7-кіламетровую дыстанцыю, прыемным сюрпрызам будуць чорная бяроза (магу паспрачацца, такой вы яшчэ не бачылі), крыніца ў в.Рудзевічы, селішча баброў на Сасве.

У Міжэрычах на некалькі хвілін спынілася каля касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Адносна малады будынак (1907 г.) мае цікавую гісторыю. Адзін з вернікаў расказаў, што доўгі час касцёл быў зачынены і толькі ў 1989 годзе вернуты людзям і адбудаваны. Прадстаўнік неаготыкі, ён, тым не менш, захаваў уразлівы знешні выгляд. Асабліва спадабалася высокая трох’ярусная шатровая вежа-званіца. Доўга яшчэ бачыла яе здалёк, аддаляючыся ад населенага пункта.

Да Аляксандраўшчыны даехала хутка. Магчыма, цікаўнасць падганяла “жалезнага каня”. Тут маю ўвагу прыцягнуў каменны аднапавярховы будынак, які нагадваў дом вяльможных паноў з гістарычных фільмаў. Здавалася, адчыніш дзверы, і ўбачыш паненак у пышных сукенках з неверагоднымі прычоскамі і паноў у фраках. Некалькі здымкаў на памяць – і далей у дарогу.

Я, канешне, ведала, што тэрыторыя Гродзеншчыны ўзгорыстая. Але адкуль  ўзялася сапраўдная гара паміж вв. Аляксандраўшчына і Караліно? Выхад марэны Каралінскай – беларускі адпаведнік (дакладней зменшаная копія) замежных горных курортаў. Адразу ўзнікла думка: добра было б тут з сябрамі паспаборнічаць, як у дзяцінстве, за званне цара гары.

Далейшы шлях ляжаў уздоўж вада-сховішча да вёскі Варонічы. За акном – не менш цікавыя краявіды. Калі б з урокаў геаграфіі ў школе не ведала, што наша краіна не мае выхаду да мора, была б упэўнена, што трапіла на які-небудзь заліў ці ў бухту. І пашкадавала, што не ўзяла з сабою купальны касцюм.

Аднак маё расчараванне хутка зноў змянілася захапленнем. На тэрыторыі сядзібы “Старая Весь” наведала ўнікальны прыватны музей пчалярства і насякомых. На пасецы ўбачыла дэманстрацыйны вулей з яго “начыннем”, даведалася аб карысці мёду, праполісу, воску. З цікавасцю разглядала калекцыю насякомых, якая стваралася гаспадаром на працягу 35 гадоў. Прыемна ўразіла, што нават інтэр’ер музея так ці інакш звязаны з тэмай насякомых: свяцільня, ваза, гадзіннік, посуд, кнігі, паштовыя маркі, фотаальбом, тэрмометр, календары і сувеніры.

Натхнёная мясцовым каларытам, накіравалася ў Дзярэчын – населены пункт, які ў свой час быў вядомы за межамі раёна, і нават Беларусі. Канешне, я не магла пакінуць без увагі славуты Дзярэчынскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У жыцці ён выглядаў значна прыгажэйшым, чым на здымках. Не верылася нават, што такі цуд архітэктуры можа быць створаны чалавечымі рукамі.

На мяжы з Мастоўскім раёнам у вёсцы Алексічы зрабіла спробу параў-наць, наколькі дамініканскі слуп вышэйшы за мяне. Да верху, дзе раней красаваўся крыж, нават на насочках не дацягнулася.

Хацелася даследаваць Зэльвеншчыну і ў паўднёва-ўсходнім накірунку. Там таксама мяне чакала шмат цікавага. Адна Сынкавіцкая царква чаго каштавала!

Аднак клункі ў багажніку нагадвалі, што наперадзе (ужо у самой Зэльве) чакаюць бытавыя клопаты. Развярнуўшыся ў зваротным накірунку, хутка да-бралася да месца прызначэння – сімпатычнага патрыярхальнага пасёлка. Па-дзівілася неверагоднай прыгажосцю мясцовага касцёла, ладнасцю зэльвенскай царквы. А потым з цвёрдым намерам у найбліжэйшы час наведаць аб-дзеленыя маёй увагай мясцовыя турыстычныя помнікі занялася падрыхтоўкай да першага працоўнага дня.

 

Шкада, што няма прафесіі турыста.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.