Вольга Бяргольц – блакадная Мадонна. Жыццё і творчасць голаса блакаднага Ленінграда

На чарговым пасяджэнні літаратурнага клуба “Малюся Слову” ЦСАН ішла зацікаўленая размова аб жыцці і творчасці ленінградскай Мадонны, голаса блакаднага Ленінграда – Вольгі Фёдараўны Бяргольц. Старэйшае пакаленне добра памятае яе творы і па школе, і па вну. Таму дзяліліся ўражаннямі і чыталі вершы паэтэсы ўсе прысутныя на імпрэзе.

https://yarwiki.ru/uploaded/f/1/f12fe7cae405d05ef74847864efb4d07-1000.jpg

Узнёслым і трагічным быў лёс ураджэнкі горада на Няве. Расла і мужнела яна разам з першымі пяцігодкамі, шкадуючы, што позна нарадзілася і не змагла ўдзельнічаць у грамадзянскай вайне. Заўзята вучылася мастацтву, музыцы. А паэзія была яе гарачай любоўю з ранняга дзяцінства. У знакамітых “Дневных звёздах” яна пісала: “Нет любви более вознаграждаемой, чем любовь к поэзии: любящий поэзию – дважды поэт… Я счастлива, что с самого раннего детства награждена даром безоговорочного доверия к поэзии”.

Шмат гора вынесла Вольга Фёдараўна яшчэ да вайны: смерць дзвюх дачушак, арышт і расстрэл першага мужа Барыса Карнілава, шэсць з паловай месяцаў зняволення самой, беспадстаўна абвінавачанай ва ўдзеле ў рабоце тэрарыстычнай групы, што нібыта рыхтавала замах на Жданава і Варашылава. У час катаванняў на допытах страціла яшчэ адно дзіця…

Ледзь акрыяла ад усіх бед, як насталі самыя страшныя выпрабаванні – голадам і холадам у блакадным Ленінградзе. І яна, мужная жанчына, супрацоўніца Радыёкамітэта, стала сімвалам і голасам непакорнага горада. Яе любілі не толькі ленінградцы, але і воіны, што абаранялі паўночную сталіцу. Калі нехта з салдат выпраўляўся ў Ленінград, яго прасілі: “Сустрэнеш Вольгу – абдымі”.

Каб зберагчы сілы, усе работнікі Радыёкамітэта жылі там, дзе і працавалі:

Здесь, как в бреду, всё было смещено:
здесь умирали, стряпали и ели,
а те, кто мог ещё вставать с постелей, пораньше утром, растемнив окно,
в кружок усевшись, перьями скрипели.
Отсюда передачи шли на город –
Стихи и сводки, и о хлебе весть…

Вольга Фёдараўна адной з першых расказвала пра вызваленне мясцін ў ваколіцах горада, пра зняцце блакады з самога Ленінграда і пра поўнае яго вызваленне, пра першыя дні міру. Як узнёсла гучала яе празаічнае і паэтычнае слова, праслаўляючы гераізм салдат і ўсяго савецкага народа!

Вершы, напісаныя Бяргольц у блакадным Ленінградзе, чыталі Ала Бутакова, Галіна Карнач, Ванда Кавалевіч, Таццяна Мананнікава, Валерыя Селівёрстава. Ларыса Клімуць падзялілася горкімі ўспамінамі пра лёс сваіх родных, што жылі ў Ленінградзе да вайны і разам з усімі ленінградцамі цярпелі бязмерныя мукі асаджанага ворагам горада. Таццяна Мананнікава прыгадала, якое моцнае ўражанне пакінула ў сэрцы дзевяцікласніцы асоба Бяргольц і яе “Дневные звёзды”.

Вольга Бяргольц усё сваё жыццё марыла напісаць Галоўную кнігу, і лічыла, што яна так і не паспела яе стварыць. Удзельнікі пасяджэння, дзелячыся ўражаннямі аб моцы паэзіі Вольгі Фёдараўны, прыйшлі да высновы, што галоўнай кнігай яе стала ўсё напісанае ў блакадным Ленінградзе.

Я никогда героем не была,
не жаждала ни славы, ни награды.
Дыша одним дыханьем с Ленинградом,
я не геройствовала, а жила
……………………………………………………………………….
И если чем-нибудь могу гордиться,
то, как и все друзья мои вокруг,
горжусь, что до сих пор могу трудиться,
не складывая ослабевших рук.
Горжусь, что в эти дни, как никогда,
мы знали вдохновение труда

Нязломнай заставалася Бяргольц і ў пасляваенны час. Яе вострага язычка баяліся функцыянеры, забаранялі кнігі, а яна працягвала змагацца за праўду, справядлівасць і свабоду. І стварыла песні, пра якія марыла з дзяцінства, “чтоб люди на землю упали, тоскуя, а встали с земли – хорошея, смеясь”.

Яніна ШМАТКО

Інфармацыйныя і актуальныя навіны Зельвенскага раёна ў нашым Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке

Вам может быть интересно

Комментарии отключены